Наста Лойка: Незалежныя назіральнікі працягнуць маніторынгі масавых акцый і судоў

2017 2017-03-28T11:30:30+0300 2017-03-28T11:39:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kastrychnickaja-26-03-2017d.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наста Лойка падчас маніторынгу акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Мінска 26 сакавіка 2017

Наста Лойка падчас маніторынгу акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Мінска 26 сакавіка 2017

Разгонамі пратэстаў, жорсткімі затрыманнямі і прысудамі беларускія ўлады груба парушаюць правы чалавека і ўзятыя на сябе абавязальніцтвы.

З другой паловы лютага па ўсёй Беларусі пракацілася хваля сацыяльных пратэстаў, звязаных з увядзеннем дэкрэта прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Спачатку на пратэстоўцаў, якія патрабавалі адмены дэкрэта ў Мінску і рэгіёнах, праваахоўнікі “не звярталі ўвагі”, але ў сакавіку сітуацыя змянілася: пачаліся затрыманні, часам досыць брутальныя, многія з іх заканчваліся жорсткімі прысудамі. Кульмінацыя драматычных падзей наступіла 25 сакавіка, калі беларусы выйшлі святкаваць Дзень Волі, і ў выніку каля 700 чалавек былі затрыманыя. Салідарныя з імі грамадзяне на наступны дзень выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску, і многія з іх пасля гэтага таксама апынуліся ў пастарунках.

Учора ж па ўсёй Беларусі працаваў сапраўдны судовы канвеер: затрыманым у выходныя спраўна выпісвалі штрафы і суткі арышту. Пра вынікі гэтых паседжанняў Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пагутарыла з юрысткай Праваабарончага цэнтру “Вясна” Настай Лойка.

– Праваабаронцы назіралі за ўчорашнімі судовымі працэсамі. Колькі людзей асудзілі агулам?

– За судовымі працэсамі ўчора назіралі актывісты грамадскага кантролю. Для гэтага не трэба ніякіх пасведчанняў, любы можа прыйсці ў суд. Учора сярод назіральнікаў былі нашыя калегі і валанцёры з “Вясны”, “Беларускага дакументацыйнага цэнтру”, “Ідэнтычнасці”, студэнцкія актывісты, але і шмат неабыякавых людзей, якія проста адгукнуліся на мой пост у Фэйсбуку з заклікам прыйсці ў суды.У нас ёсць інфармацыя пра 138 чалавек, якіх судзілі, і вынікі па 83 судовых працэсах.

– Што можна сказаць пра такія розныя прысуды – ад 4 базавых да 80, ад 4 сутак да 25? Чаму такая розніца, ці ёсць тут нейкая логіка?

 – Відавочна, у судоў была гнуткая ўстаноўка – даваць да паловы штрафаў і арыштаў. А памеры ўжо вызначалі самі. Логіка вельмі суб’ектыўная: замежным грамадзянам давалі, часам, больш, чым беларусам – ніхто з іх не атрымаў штраф, толькі суткі.

– Ці можна параўнаць цяперашнюю сітуацыю з падзеямі снежня 2010 года? Што агульнага і што рознага паіміж імі?

– У 2010-м годзе была хаця б мінімальна зразумелая логіка для разгону: сапраўды было шмат людзей і пабітае шкло. Цяпер жа не было нават пяці тысяч удзельнікаў і мінімальнай нагоды для разгону не назіралася. Але па колькасці затрыманых пры гэтым мы наблізіліся, толькі што з 700 затрыманых большасць была вызваленая, каля 130 засталіся да суда пад вартай. Але і тады, і цяпер было непрапарцыянальнае ўжыванне фізічнай сілы, адвольныя затрыманні, выпадкова затрыманыя, зняважлівае абыходжанне, супрацоўнікі міліцыі не прадастаўлялі інфармацыю пра затрыманых.

– Як праваабаронцы і грамадзянская супольнасць могуць супрацьстаяць таму, што адбываецца?

– Мы можам – і дэманструем – высокі ўзровень салідарнасці як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. Людзі з розных НКА займаюцца назіраннем, перадачкамі, зборам сродкаў для затрыманых і г.д. Замежныя калегі збіраюць інфармацыю, распаўсюджваюць яе, падтрымліваюць нас у гэтыя нялёгкія дні.

– Што далей будзе з маніторынгам грамадскіх пратэстаў і яго вынікамі?

– Мы плануем працягваць маніторынгі і нават падрыхтавалі справаздачу пра акцыю 25 сакавіка, за якой нам не далі магчымасці паназіраць. Мы апісалі факт перашкодаў для назіральнікаў, а таксама адсачылі падзеі па СМІ.

– Як увогуле можна ахарактарызаваць падзеі, звязаныя з пратэстамі, затрыманнямі і пакараннямі, якія адбываюцца цягам апошняга месяца?

– Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў, у тым ліку ў выглядзе разгонаў, арыштаў і крымінальнага пераследу, што з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і ўзятых на сябе абавязальніцтваў з боку беларускіх уладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства