viasna on patreon

Справаздача па выніках маніторынгу акцыі “Дзень Волі” ў Мінску 25 сакавіка

2017 2017-03-26T12:18:00+0300 2017-03-27T21:38:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/naziralniki_u_ruus-25-03-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Незалежныя назіральнікі на тэрыторыі РУУСа Першамайскага раёна Мінска 25 сакавіка 2017

Незалежныя назіральнікі на тэрыторыі РУУСа Першамайскага раёна Мінска 25 сакавіка 2017

25 сакавіка 2017 года ў Мінску праходзіла традыцыйная акцыя ўшанавання ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі “Дзень Волі”.

Высновы:

  1. Акцыя праходзіла на фоне папярэдніх масавых затрыманняў удзельнікаў мірных сходаў, якія з пачатку сакавіка праходзілі у гарадах Беларусі, а таксама ў атмасферы страха, якая нагняталася ў дзяржаўных СМІ ў сувязі з магчымымі правакацыіямі і масавымі беспарадкамі ў Мінску 25 сакавіка;

  2. Гарадскія ўлады, у парушэнне патрабаванняў Закона "Аб масавых мерапрыемствах", аж да 24 сакавіка не паведамлялі пра сваё рашэнне адносна заяўкі, пададзенай арганізатарамі акцыі, і ў выніку адмовілі ў правядзенні масавага мерапрыемства па першапачаткова заяўленым маршруце;

  3. Прэвентыўна былі затрыманыя праваабаронцы і назіральнікі, якія збіраліся ажыццяўляць грамадскае назіранне за мірным сходам 25 сакавіка;

  4. Дзеянні ўдзельнікаў акцыі насілі выключна мірны характар, ніяк не пагражалі парушэнню грамадскага парадку і не давалі падставаў для непрапарцыйных мер па спыненні мірнага схода і затрымання тых, хто збіраўся прыняць у ім удзел;

  5. Паколькі праваахоўныя органы забаранілі ўдзельнікам мерапрыемства збірацца на прыступках каля Акадэміі Навук, у далейшым складана было адасобіць звычайных мінакоў ад удзельнікаў акцыі. Такія непрафесійныя дзеянні міліцыі прывялі да таго, што акрамя ўдзельнiкаў была затрыманая вялікая колькасць людзей, якія не ўдзельнічалі ў акцыі;

  6. Усяго падчас акцыі было затрымана не менш за 700 чалавек, некаторыя затрыманні суправаджаліся ужываннем непрапарцыйнай фізічнай сілы. Адзначаныя асобныя факты ужывання фізічнай сілы і жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў АМАПу таксама падчас дастаўлення і знаходжання затрыманых ў аддзяленнях міліцыі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Працэсс атрымання арганізатарамі заяўкі шырока асвятляўся ў СМІ. Першапачаткова заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства ў Мінску “Дзень Волі – 2017” была пададзеная  6 студзеня 2017 года, але па ёй далі адмоўны адказ у сувязі з фармальнымі парушэннямі. Другая заяўка была пададзеная 8 лютага. У ёй арганізатары прасілі дазволіць акцыю ў наступным фармаце: збор каля будынка Акадэміі Навук і шэсце па прашпекце Незалежнасці да парку імя Янкі Купалы. Ва ўсталяваны законам тэрмін (за 5 дзён да акцыі) Мінгарвыканкам не паведаміў арганізатарам рашэнне па пададзенай заяўцы. 24 сакавіка ўвечары ў СМІ з’явілася заява мэра Мінска А.Шорца аб тым, што ўсе заяўкі былі адкліканыя арганізатарамі і любое масавае мерапрыемства ў Мінску 25 сакавіка будзе незаконным. Як было адзначана кіраўніком Мінгарвыканкама, арганізатарам быў прапанаваны іншы фармат акцыі: збор на Плошчы Бангалор з 12:00 да 12:30 і мітынг да 13:30. Дадзены варыянт быў адхілены арганізатарамі, у сувязі з чым раней пададзеная заяўка была адкліканая. Такім чынам, акцыя была недазволеная Мінгарвыканкамам.

Напярэдадні акцыі агульная сітуація ў краіне была напружанай. З пачатку сакавіка пачаліся масавыя затрыманні і рэпрсіі ў адносінах да арганізатараў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Па стане на 24 сакавіка да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя каля 300 чалавек, каля 100 з іх падвергліся адміністрацыйным арыштам.

21-22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзянаў у межах узбуджанай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч.3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА КДБ і СІЗА №1 г. Мінска. 23 сакавіка КДБ паведаміла, што ў межах справы затрыманы 26 чалавек.

Актуальны спіс затрыманых люзей знаходзіцца па спасылцы:

https://docs.google.com/spreadsheets/d/1yK1JjmNh5Ee1N1nSnw2bNVY2OQy1qQWGVXdFQ8dALaA/htmlview#

Напярэдадні акцыі зафіксаваныя факты ціску на студэнтаў і школьнікаў з патрабаваннем не ўдзельнічаць у масавым мерапрыемстве 25 сакавіка.

Умовы назірання

Падчас правядзення масавага мерапрыемства планавалася вочнае і бесперапыннае ажыццяўленне грамадскага кантролю 40 назіральнікамі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам. Ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” быў дасланы ліст у ГУУС Мінгарвыканкама аб тым, што на акцыі 25 сакавіка будуць прысутнічаць назіральнікі. У лісце была пазначана просьба садзейнічаць і забяспечыць бяспеку назіральнікаў.

25 сакавіка ў 12.00 на офісе ПЦ “Вясна” распачаўся інструктаж назіральнікаў. Прыкладна ў 12.45 у офіс ўварваліся людзі ў форме АМАП, а таксама людзі ў штатскім адзенні. Усіх прысутных з прымяненнем фізічнай сілы паклалі тварам у падлогу, загадалі падняць рукі уверх і не глядзець на супрацоунiкау. Ніякіх падставаў для сваіх дзеянняў супрацоўнікі праваахоўных органаў не паведамлялі. Забаранілі карыстанне мабільнымі тэлефонамі. За спробы патэлефанаваць супрацоўнікі АМАПа ужывалі фізічную сілу. Усяго ў офісе знаходзілася 57 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў замежных СМІ, грамадзян Францыі і Расіі, нацыянальных і міжнародных назіральнікаў. Супрацоўнікі АМАПу былі ў форменным адзенні, з гумавымі палкамі, відэарегістратарамі. Усе падзеі фіксаваліся на фота- і відэакамеры. Людзей прымусілі па аднаму сказаць на камеру прозвішча, імя і імя па бацьку. Замежных грамадзян выводзілі ў іншы пакой і там адбіралі асабістыя дадзеныя. На пытанні аб прававым статусе не адказвалі, таксама не адказвалі на пытанні аб далейшых дзеяннях. Потым усіх затрыманых пасадзілі ў аўтобус і адвезлі ў Першамайскі РАУС г. Мінска.

Там усіх затрыманых змясцілі у спартовай залі і пачалі праводзіць асабісты дагляд і дагляд рэчаў. На пытанні аб тым што адбываецца назіральнікам ніхто не адказваў. Пасля асабістага дагляду ва ўсіх прысутных збіралі пашпартныя дадзеныя, адрэсы пражывання і тэлефонныя нумары.

У 15.30 усе затрыманыя былі вызваленыя групкамі па 10-20 чалавек без складання пратаколаў.

Ход масавага мерапрыемства

Нягледзечы на тое, што ўсе назіральнікі былі затрыманыя і не маглі асабіста весці маніторынг масавага мерапрыемства, тым не менш ход масавага мерапрыемства быў прааналізаваны з некалькіх публічных крыніц, а таксама з відэатрансляцый, якія вяліся журналістамі ў жывым эфіры.

Аналіз інфармаціі ў публічных крыніцах, а таксама відэатрансляцый паказаў наступнае:

З 13:30 людзі пачалі збірацца каля будынка Акадэміі Навук. Большую частку прысутных складалі журналісты, якія мелі адпеведныя пасведчанні. Большасць людзей, якія збіраліся на прыступках каля Акадэміі Навук, затрымлівалі і праводзілі ў спецыяльныя машыны (аўтазакі).

Паколькі збор удзельнікаў акцыі быў забаронены супрацоўнікамі АМАПу, людзі пачалі збірацца ўздоўж прашпекта Незалежнасці, пачынаючы з вуліцы Сурганава да вуліцы Дарашэвіча. Колькасць удзельнікаў было скаладана вызначыць з-за таго, што немгчыма было адасобіць іх ад звычайных мінакоў. Прыклдная колькасць удзельнікаў складала 2300 чалавек. 

Прыкладна ў 14:30 частка дэманстрантаў  сабралася ў месцы скрыжавання прашпекта Незалежнасці і вуліцы Пятруся Броўкі. Прыкладна ў 15:00 супрацоўнікі АМАПу і людзі ў вайсковай форме перакрылі прашпект Незалежнасці ў чатырох месцах, ў раёне вуліцы Дарашэвіча з аднаго боку і вуліцы Гікала з другога адкуль і пачалі адцесняць людзей з плошчы Якуба Коласа, адвольна затрымліваць усіх, хто быў побач. Кожны такі “кардон” складаўся прыкладна са 150 чалавек у зялёнай вайсковай форме, узброеных, якія трымалі жалезныя шчыты. Затрыманні ажыццяўлялі таксама супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы, у якіх цяжка было ўгадаць супрацоўнікаў міліцыі. Ход акцыі з вышыні даступен па наступнай спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=o_gxWxqGGwk.

Можна адзначыць, што акцыя насіла цалкам мірны характар. Тым не менш, затрыманні удзельнікаў пачаліся з моманту спробы сабрацца каля Акадэміі Навук, пачынаючы з 13:30, і працягваліся да моманту, пакуль асноўная маса людзей не сыйшла з прашпекта Незалежнасці ад Акадэміі Навук да Плошчы Перамогі (каля 16:00).

Усяго падчас акцыі былі затрыманыя каля 700 чалавек, якіх дастаўлялі ў розныя раённыя аддзяленні міліцыі. Большую частку людзей вызвалілі на працягу або пасля трох гадзін затрымання. Да цяперашняга часу міліцыя не дае інфармацыю аб дакладнай колькасці затрыманых. Пры затрыманні ўдзельнікаў прымянялася спецтэхніка: аўтазакі, мікрааўтобусы і аўтобусы. Таксама на прашпекце дзяжурыла чатыры вадамёты і машыны з гукаўзмацняльнай апаратурай.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* не прымаць меры па стварэнні перашкодаў для назірання за мірнымі сходамі, а таксама спыніць практыку прэвентыўнага затрымання назіральнікаў;

* спыніць практыку грубых затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць дабраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;

* ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, і быць ідэнтыфікаваныя адпаведнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Мінгарвыканкаму:

* выконваць патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах” адносна сваечасовага паведамлення арганізатарам масавага мерапрыемства аб прынятым па пададзенай заяўцы рашэнні;

* не забараняць правядзенне масавага мерапрыемства па фармальных прычынах і дзейнічаць у адпаведнасці с міжнародна прызнанай прэзумпцыяй на карысць правядзення масавага мерапрыемства;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства