Акцыі пратэсту ў рэгіёнах: затрымана больш за 80 чалавек Фота Дапоўнена
У сувязі з анансаванымі напярэдадні ў СМІ акцыямі пратэсту, якія плануецца правесці 26 сакавіка ў розных гарадах Беларусі, супрацоўнікі міліцыі працягваюць сёння затрымліваць патэнцыйных удзельнікаў акцый і дэмакратычных актывістаў. Многіх запрашаюць у міліцыю позвамі, у некаторых адбываюцца ператрусы.
Бабруйск. У Бабруйску каля дамоў актывістаў Інгі Судзілоўскай і Эдварда Грынявецкага дзяжураць ціхары. Да цэнтральнай плошчы падцягнулі аўтазакі, шмат міліцыі ў цывільным.
Бабруйскі рэжысэр Максім Буйніцкі, які сёньня выйшаў з турмы пасьля 15 сутак зьняволеньня за інфармацыю ў сацсетках пра мітынг недармаедаў 12 сакавіка ў Бабруйску, зноў затрыманы і дастаўлены ў Бабруйскі РАУС, - паведамляе Радыё Свабода.
Патэлефанаваў з Бабруйска галоўны рэдактар газеты "Бабруйскі кур'ер" Анатоль Санаценка, што яго затрымалі на пл. Перамогі пры выкананні ім абавязкаў журналіста.
Затрыманы таксама аператар Віктар Масаловіч, Андрэй Шобін і яшчэ 6 чалавек. Затрымана больш за 15 чалавек, затрыманні адбываюцца нават у кавярнях і крамах. Таксама затрымалі журналіста Дзмітрыя Суслава з газеты "Камерцыйны курьер". Паведамляюць, што ў РАУС даставілі больш за 30 чалавек.
Сярод затрыманых таксама лідар прафсаюзау СПБ Міхаіл Кавалькоў і журналісты Дзяніс Носаў і Віктар Качан.
Людзі, якія не пабаяліся - запісалі свае прозвішчы ў адмысловы спіс, перадалі яго на волю. А затрыманых усяго ў ГУУС - 34, ды яшчэ ў Ленінскім Раусе - 20. Агулам - больш за 50 чалавек.
Патэлефанаваў Анатоль Санаценка - яго адпусцілі, але іншыя журналісты, у тым ліку Віктар Масаловіч, застаюцца ў Бабруйскім ГУУС і Ленінскім РАУС. Масаловіч нядаўна перанёс інфаркт і ў аўтазаку яму стала дрэнна + гіпертанічны крыз. Але хуткую не адразу выклікалі і дапамогу аказалі толькі хвілін праз 15, хоць хуткая стаяла недалёка ад аўтазака.
Пасля 19 гадзін адпусцілі журналістаў. Пасля 6 гадзін затрымання адпусцілі астатніх. Пратаколы не складалі, проста з кожным праводзілі размовы і адпускалі па аднаму. на гэты момант у міліцыі застаўся Аляксей Даніленка, ён у камэры папярэдняга ўтрыманьня. Затрымалі Даніленку ў цэнтры плошчы Перамогі безь ніякіх транспарантаў.
Баранавічы. Барыса Шырынгу сёння і яшчэ некалькі чалавек каля 12-00 людзі ў цывільнай вопратцы схапілі ў кафэ, каля Дома культуры па вуліцы Леніна, пацягнулі ў машыны і завезлі ў мясцовае аддзяленне КДБ, там развялі па розных кабінетах. Усяго Барыс заўважыў каля дзесятка схопленых. Іх трымалі амаль да 19 гадзін, потым застаўлялі паставіць подпісы пад нейкімі паперамі аб тым, што яны папярэджаны аб крымінальнай адказнасці пры ўдзеле ў забароненых масавых мерапрыемствах.
У13-30, з працоўнага месца на рынку міліцыя павезла Мікалая Чарнавуса старэйшага ў пастарунак, ўручыўшы яму павестку. Пасля 16-30 гадзін без складаньня пратакола, яго выпусцілі.
Барысаў. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Васільева затрымалі 25 сакавіка ў Барысаве, але пасля апытання ў РАУСе адвезлі нанач у ізалятар часовага ўтрымання да суда. Суд павінен пачацца 26 сакавіка ў 10 гадзін, але паведамляюць, што ён перанесены на панядзелак.
Берасце. У Ленінскім РАУСе Берасця знаходзіцца ўжо 14 затрыманых, якія ішлі на плошчу Леніна. Сярод іх – Андрэй Кухарчык, Валер Фамінскі. Плошча ачэпленая амапам.
Шпіталь, дзе знаходзіцца Уладзімір Някляеў, таксама у аблозе. Каля ўваходу ў шпіталь спрабавалі затрымаць журналістаў БелСАТу Мілану Харытанюк і Алеся Ляўчука.
Затрыманыя ў Брэсце 14 чалавек адпушчаныя з міліцыі.
Бяроза. Журналіста-фрылансера і праваабаронцу Тамару Шчапёткіну, якая супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, на раніцу 26 сакавіка выклікаюць ў РУУС Бярозы. На Тамару Шчапёткіну складзены адміністрацыйны пратакол за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі (арт.22.9 КаАП РБ).
У Бярозе на вуліцы затрыманы праваабаронца Сяргей Русецкі, вязуць у РАУС да высвятлення абставінаў нібыта нейкага крадзяжу. Пасля 13 гадзін Русецкага вызвалілі, пратаколу не складалі. Усяго ў Бярозе было затрымана 8 чалавек.
Віцебск. Затрыманы віцебскі актывіст руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. 26 сакавіка ён выйшаў на сувязь і паведаміў, што быў на волі да сённяшняй раніцы, аднак унікнуць затрымання ўсё ж не ўдалося: міліцыя затрымала яго дома каля 10-й раніцы. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС, паведамляе Радыё Свабода.
У Віцебску амап затрымаў праваабаронцаў Кастуся Мардзвінцава і Леаніда Свеціка. У Віцебску затрыманы таксама праваабаронца Павел Левінаў.
На плошчы ў Віцебску сабралася каля 120 чалавек. Шмат АМАПу і супрацоўнікаў у цывільным. Людзей папярэджваюць, што акцыя забароненая. Усе трымаюцца асобнымі купкамі.
Павел Левінаў затрыманы да суду, складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП. Да яго выклікалі хуткую. Пазней шпіталізавалі ў абласную кардыялогію.
Гародня. Супрацоўнік міліцыі Вайцешка пазванiў Анатолю Мышкевiчу i выклiкаў да сябе. Сказаў, ёсць позва. Мышкевiч адзiн з арганiзатараў сенняшняй акцыi пратэсту, якая прызначана на 12-00. На акцыю сабралася каля 50-ці чалавек.
Гомель. 26 сакавіка зноў была затрыманая уласны карэспандэнт БелаПАН Алена Германовіч. Журналістку затрымалі на плошчы Леніна разам двума жанчынамі, у якіх яна брала інтэрв'ю. Затрыманыя былі дастаўлены ў Цэнтральны РАУС. Праз некалькі гадзін яе адпусцілі без складання пратакола.
Мазыр. Пакуль без затрыманняў. Міліцыя сочыць за мітынгоўцамі. Прапанавалі разыйсціся і падагналі на плошчу аўтазак. Магчымы затрыманні. Усяго ўдзельнікаў - каля 50 чалавек. Паведамляюць пра аднаго затрыманага.
Паведамляюць праваабаронцы: У Мазыры адбыўся маш незадаволеных палешукоў. Прыняло ўдзел 70-80 чалавек. Міліцыі было каля 15 чалавек на чале з намеснікам начальніка РАУС, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Пікулікам. На мерапрымства прыходзілі старшыня райсавета Сяргей Гвоздзь, намеснік старшыні райвыканкама Фелікс Галюк (штатныя хадакі на плошчу ад уладаў). Зноў запрашалі ахвочых прайсці ў райвыканкам, але на гэты раз такіх не аказалася. На прыпынку аўтобуса людзьмі ў цывільным быў затрыманы арганізатар мерапрыемства Рыгор Крывіцкі. Адвезены ў гарадскі аддзел КДБ, а потым перададзены ў РАУС. Там на яго быў складзены пратакол аб незаконным правядзенні масавага мерапыемства.
Магілёў. Пакуль без затрыманняў. Каля 50-ці чалавек.
Маладзечна. Прыкладна ў 8.10 - 8.20 раніцы ў бок г. Маладэчна праехалі 8 машын ДАІ г.Мінска, 1 грузавік АМАПа, 2 грузавікі ўнутраных войскаў МУС і 2 машыны іх суправаджэння. Яны што, вырашылі ўсё Маладзечна арыштаваць? У Маладэчне акцыя прайшла незаўважна, звестак пра затрыманні пакуль не паступала.
Орша. У Оршы падчас акцыі (выйшла на Цэнтральную плошчу каля 100 чалавек) затрыманы рэдактар рэгіянальнага сайту orsha.eu Ігар Казмерчак, ёсць яшчэ затрыманыя.
Пінск. У Пінску, а 12-й гадзіне, на цэнтральнай плошчы Леніна пачалі збірацца гараджане на заклік да салідарнасці з затрыманымі падчас Дня волі ў Менску і супраць Дэкрэту №3. Прыблізна да 60 чалавек сабраліся на тым жа месцы, што і на акцыю, якая адбылася ў горадзе над Пінай 11-га сакавіка. Міліцыя прапанавала ўсім разысціся, пачаліся затрыманні, - паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
У Пінску пратэстоўцы і праваахоўнікі знайшлі кампраміс. Пасля таго, як АМАП затрымаў чальца Партыі БНФ Алеся Рамановіча, грамадскіх актывістаў Ігара Салаўя і Дзмітрыя Тарасюка, людзі запатрабавалі іх вызваліць альбо затрымаць усіх. Удзельнікі акцыі паабяцалі начальніку Пінскага ГАУСа, што тады не разыйдуцца і будуць ночыць на плошчы. Пасля гэтага, праваахоўнікі выпусцілі Алеся Рамановіча і Ігара Салаўя, а Дзмітрыя Тарасюка пакінулі ў аўтазаку, бо ў яго не было пры сябе аніякіх дакументаў.
Полацк. Да мясцовага актывіста Генадзя Берданева прыйшлі рабіць ператрус. Актывіст мяркуе, што гэта звязана з анансаваным у сацыяльных сетках сходам, прызначаным у Полацку на сёння.
У Полацку ля РУУС загружаюць у аўтамабіль "Газель" шчыты і каскі на міліцыянтах. Акцыя адбылася. Пра затрыманні невядома.
З учорашняга дня ў полацкім ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца затрыманы ўчора праваабаронца Юры Бельскі.
Рэчыца. Праваабаронца “Вясны” Валер Пуціцкі паведамляе ў фэйсбуку наступнае: “Пад вакном дзяжураць мянты. Званілі ў дамафон і на мабільны. Не адказваю”.
Затрымалі Іну Маненкову з кампаніі “ГП” і журналіста Андрэя Мядзведзева. Вязуць у РАУС. Ломяцца міліцыянеры і ў прыватны дом Алега Шабетніка, але яго дома няма. Знайшлі Шабетніка на рынку і затрымалі.
Затрыманы старшыня Рэчыцкай суполкі ПБНФ Алесь Здаравеннаў. Абшукалі ягоны аўтамабіль наконт улётак, затым адпусцілі.
Пазней адпусцілі ўсіх.