Стыль «мілітары» па-за законам?

2017 2017-03-24T23:17:40+0300 2017-03-24T23:20:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pres-kanferencyja-24-03-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падобна на тое, што КДБ пачаў распрацоўку справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, зыходзячы са стылю вопраткі. Прынамсі, такое адчуванне ўзнікае пасля прэс-канферэнцыі сваякоў і сяброў затрыманых, піша “Новы час”.

Сыходзячы з паведамлення КДБ, па артыкуле 293 частцы 3 Крымінальнага Кодэксу «масавыя беспарадкі» затрымана ўжо 26 чалавек. Поўнага спісу праваабаронцы не ведаюць, і даведваюцца пра такіх людзей іншым разам цалкам выпадкова. Таму не выключана, што гэты спіс будзе папаўняцца.

Блізкія і сябры затрыманых, якія правялі 24 сакавіка прэс-канферэнцыю, багата чаго не ведаюць пра сваіх родных, якія зараз знаходзяцца ў няволі. Усё таму, што, як і ў 2010 годзе, да іх не пускаюць адвакатаў. Але, нягледзячы на гэта, штодня па беларускіх тэлеканалах з затрыманых робяць "ворагаў-экстрэмістаў".

Таму прэс-канферэнцыя была ў нечым вымушанай — каб хоць крыху дадаць праўды ў той скажоны малюнак, які падаецца афіцыйнай прапагандай.

Прэс-канферэнцыя сваякоў затрыманых за падрыхтоўку
Прэс-канферэнцыя сваякоў затрыманых за падрыхтоўку "масавых беспарадкаў". ПЦ "Вясна", 24 сакавіка 2017. Фота: svaboda.org

Ніна Шыдлоўская, былая жонка Міраслава Лазоўскага, пад час прэс-канферэнцыі зазначыла, што яе былы муж — пакуль адзіны, да каго быў дапушчаны адвакат. Прычым, адвакат была ў Лазоўскага ў дзіўны час — з 21 гадзіны да трох гадзінаў ночы. Бачна, іншага часу для сустрэчы адваката з падабаронным следчыя не знайшлі.

«Адвакатка не ўсё можа казаць, але яна паведаміла, што ў панядзелак будзе падаваць скаргу на імя Генеральнага пракурора Беларусі адносна двух рэчаў. Па-першае, дзеянняў супрацоўнікаў «органаў», якія былі здзейсненыя пры затрыманні Лазоўскага, і па-другое, адносна тых рэчаў, якія нібыта знайшліся ў машыне Лазоўскага. Гэтых рэчаў у машыне не было, яны былі яму прыпісаныя», — зазначыла Шыдлоўская.

Шыдлоўская катэгарычна абвергла інфармацыю пра тое, што ў Лазоўскага магла быць нейкая зброя.

«Я з ім пражыла ў шлюбе восем год. І ніводнага разу ў кватэры зброі не бачыла. Больш таго, Лазоўскі — паляўнічы. І, калі б ён захацеў мець зброю, ён бы мог набыць яе легальна», — сказала Шыдлоўская.

Але, паколькі зброі ў Лазоўскага восем год не было, значыць, і жадання мець яе не ўзнікала.

Як вядома, Ніна Шыдлоўская з’яўляецца адной з кіраўніц Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і адной з ініцыятарак кампаніі «Будзьма беларусамі». Таму частку затрыманых яна ведае менавіта па гэтай дзейнасці — дзейнасці культурніцкай і асветніцкай. І яна ўпэўненая, што людзі, якія займаліся распаўсюдам кніг і ладзілі культурніцкія акцыі, не маглі рыхтаваць нейкія «масавыя беспарадкі».

Юлія Букштыновіч, нявеста Віктара Данілава, распавяла пра яго затрыманне, ператрус, які доўжыўся ў іх дваццаць гадзін, а таксама паведаміла, адкуль у яе хаце ўзяліся вучэбныя гранаты і патроны. Аказваецца, гэта проста сувеніры. Муляжы гранатаў, напрыклад, выкарыстоўваліся як падстаўкі для алоўкаў і асадак. А адкуль у яго такое захапленне боепрыпасамі? Ды ўсё вельмі проста. Віктар Данілаў выкладаў у мінскай школе №55 ваенную падрыхтоўку. То бок, быў «ваенруком». Таму ў яго розныя мілітарызаваныя навучальныя «цацкі» можна было знайсці не толькі дома, але і на працы. Прычым, канфіскавалі ў Данілава нават нагавіцы колеру «хакі».

Прычым, вельмі цікава, як Юлія і Віктар пазнаёміліся. Юлія па ўласнай ініцыятыве рабіла дабрачынныя асветніцкія праграмы і чытанні казак для дзяцей у дамах-інтэрнатах. І аднойчы ёй параілі звярнуцца ў «Бацькаўшчыну» па нейкую дапамогу. «Бацькаўшчыне» яе перанакіравалі да Віктара як да самага адказнага і чуллівага чалавека. І пакрысе яны сталі рабіць чытанні казак у дамах-інтэрнатах разам.

Жонка Сяргея Барстока Аляксандра дагэтуль не разумее, чаму затрымалі яе мужа. 21 сакавіка да іх прыйшлі нейкія людзі, выклікалі Сяргея за дзверы кватэры, дзе і паказалі яму ордэры на арышт і на ператрус. Родным ніякіх дакументаў не дэманстравалі. Вынялі ў Сяргея носьбіты інфармацыі і бінокль, а таксама майкі з вышыўкай, хоць Сяргей і тлумачыў, што там ніякіх загадкавых рунаў няма. Адвакат да Сяргея яшчэ не трапіў.

Сюрпрызам для прысутных стаў Аляксей Кавальчук — брат Івана Кавальчука. Гэтага чалавека няма ў спісе праваабаронцаў, брат іх знайшоў сам. Іван Кавальчук знік увечары ў аўторак. Усю сераду Аляксей шукаў свайго родзіча па моргах, бальніцах, РАУСах і спецпрыёмніках, і толькі праз суткі дзяжурны адвакат паведаміў Аляксею, што яго родзіч затрыманы ў справе «масавых беспарадкаў».

Якое дачыненне Іван Кавальчук мае да «Белага Легіёну»? Ды ніякага. Па-першае, ён, як кажуць, нідзе «не ўдзельнічаў, не быў, не прыцягваўся». Па-другое, Іван вучыцца на апошнім курсе БНТУ, паралельна працуе па спецыяльнасці, жыве ў інтэрнаце. Зранку — на вучобу, пасля яе — на працу, па вечарах і начах — піша дыплом. Нават часу няма, каб нешта падрыхтаваць (акрамя дыплому, канешне), не кажучы ўжо пра беспарадкі. Па-трэцяе, калі існаваў «Белы Легіён», Іван, прабачце, пешкі пад стол хадзіў.

Але Іван займаўся дыгерствам, лазіў ва ўсялякія сутарэнні. Таму ў яго пакоі ў інтэрнаце былі знойдзеныя каскі, ліхтары, і адзенне ў стылі «мілітары».

Наста Дашкевіч. Фота: svaboda.org
Наста Дашкевіч падчас прэс-канферэнцыі ў "Вясне" 24 сакавіка 2017. Фота: svaboda.org

Напрыканцы прэс-канферэнцыі з’явілася Анастасія Дашкевіч, жонка Змітра Дашкевіча. Яна паведаміла, што па гэтай справе затрыманыя шасцёра «маладафронтаўцаў» — сам Дашкевіч, Зміцер Крэмянецкі, Арцём Леўчанка, Сяргей Пальчэўскі, Уладзь Яроменак і Раман Васільеў. Да ўсіх іх адвакатаў пакуль не пускаюць.

Што можа быць агульнага ў студэнта БНТУ, намесніка дырэктара «Кнігазбору», ваенрука і «маладафронтаўца»? Агульнае, што і забіралі следчыя пад час ператрусаў — адзенне ў стылі «мілітары» і колеру «хакі». Улічваючы, што яно ў вольным продажы — так можна перасадзіць палову краіны.

А яшчэ агульнага ў іх, па словах юрыста Валянціна Стэфановіча — істэрыка дзяржаўнай прапаганды і нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве. Як паведаміў Стэфановіч, 24 сакавіка сем праваабарончых арганізацый Беларусі прынялі заяву з патрабаваннем да ўладаў «спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве». Таксама праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх асобаў, якія былі падвергнуты адвольным затрыманням ці адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркавання; забяспечыць няўхільнае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту ў межах узбуджанай крымінальнай справы; устрымацца ад любых формаў ціску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку адвакатаў; забяспечыць правы грамадзянаў на мірныя сходы і выказванне меркавання, устрымацца ад ужывання гвалту ў дачыненні да іх, не перашкаджаць журналістам у іх прафесійнай дзейнасці.

Ці пачуюць улады гэты заклік, мы пабачым ужо хутка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства