viasna on patreon

Алесь Бяляцкі пра “хапун”: Гэта пагром грамадзянскай супольнасці

2017 2017-03-24T10:56:06+0300 2017-03-24T10:58:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_na_belsacie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спіс ахвяраў пераследу за акцыі пратэсту абнаўляецца штодня і колькасць рэпрэсаваных уладамі Беларусі няўхільна расце. Пачынаючы ад 3 сакавіка, колькасць затрыманых, пакараных штрафамі і арыштамі перасягнула 300 чалавек. І падобна на тое, што спіс будзе толькі папаўняцца. Падчас нарады па пытаннях бяспекі Лукашэнка заявіў, што “крок налева, крок направа ад закону будзе самым жорсткім чынам спыняцца”. Пры гэтым шматлікія парушэнні закону тымі ж сілавікамі пры затрыманнях грамадзянаў, а па сунасці – выкрадання людзей, уладамі дэманстратыўна ігнаруюцца. Пакуль праваабаронцы з паўсотні краінаў свету заклікаюць Лукашэнку спыніць гвалт супраць суграмадзянаў, той нават не павёўшы вокам працягвае заяўляць пра гатоўнасць да дыялогу і супрацоўніцтва з аб’яднанай Еўропай.

Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі – ёсць пагром грамадзянскай супольнасці, разбой, які праводзяць улады. На жаль, гэта не ўпершыню. Мы такое перажывалі ў 2010 годзе, у нечым падобная сітуацыя была ў 2006-м, і 2001-ы быў не лепшы. Мы бачым: калі ўзнікае палітычны ці сацыяльна-эканамічны крызіс, улады, замест таго, каб сесці за стол перамоваў са сваімі апанентамі, проста бяруцца за дубінку…”, - сказаў у “Гарачым каментары” тэлеканалу “Белсат” старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Алесь Бяляцкі лічыць, што ад беларускага грамадства зараз патрабуецца дэманстрацыя сваіх якасцяў – вытрыманасці, стойкасці, упартасці і самаахвярнасці, бо ніколі змены не прыходзяць самі па сабе, заўсёды за іх прыходзіцца плаціць, часам вялікі кошт.

“І ад таго, наколькі зараз беларускае грамадства зможа вытрымаць гэты чарговы націск, залежаць нашыя перспектывы”, - падкрэслівае праваабаронца.

Размову цалкам глядзіце на відэа:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства