viasna on patreon

"Не ўдаецца дапамагчы кожнаму, чые правы парушаюцца ў няволі, але ўдаецца звярнуць увагу на іх праблемы"

2017 2017-03-21T18:35:44+0300 2017-03-21T18:40:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prezentacia_daklada_1_21.03.2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" прадставіў гадавую "Справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь".

Прэзентацыю справаздачы, якую 21 сакавіка праводзілі каардынатар маніторынгу Павел Сапелка і кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі, наведалі журналісты, праваабаронцы з арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць па падобных праблемах, а таксама супрацоўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза па палітычных пытаннях Рэната Врубель.

Алесь Бяляцкі і Павел Сапелка. Мінск, 21 сакавіка 2017
Алесь Бяляцкі і Павел Сапелка падчас прэзентацыі справаздачы па маніторынгу месцаў несвабоды. Мінск, 21 сакавіка 2017

Прадстаўляючы справаздачу, Павел Сапелка адзначыў, што падрыхтоўку гэтага аналітычнага дакумента праваабаронцы "Вясны" лічаць не менш важнай сваёй працай, чым правядзенне маніторынгу і аказанне дапамогі пацярпелым ад парушэнняў правоў чалавека ў сценах пенітэнцыярных установаў.

"Мяркую, што праваабарончая праца па маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання павінна быць адкрытай і яе вынікі павінны быць данесеныя да шырокай грамадскасці", - падкрэсліў ён.

Закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы і непаўната статыстыкі застаюцца значнай перашкодай

Маніторынг найперш скіраваны на абарону правоў зняволеных, колькасць якіх няхай не на шмат, але расце ўжо трэці год. Так, па дадзеных МУС, на 1 студзеня 2017 года ў месцах пазбаўлення волі змяшчалася 35,2 тысячы чалавек, што на 5,5% больш, чым на адпаведную дату 2016 года, у тым ліку ў папраўчых калоніях для дарослых - 28 тысяч чалавек (на 9% больш), выхаваўчай калоніі для непаўнагадовых - 279 чалавек (на 20,8% больш). Пры гэтым колькасць калоній зніжаецца. Такая карціна выклікае ў праваабаронцаў пэўныя асцярогі адносна таго, што ўмовы ўтрымання не адпавядаюць тым, што прадугледжаны беларускімі нарматыўнымі актамі і міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы ў галіне абароны правоў чалавека.

Павел Сапелка звярнуў увагу, што Праваабарончы цэнтр "Вясна", з прычыны абмежаванасці магчымасцяў, не можа правесці поўны і ўсёабдымны маніторынг па абсалютна ўсіх аспектах ўтрымання зняволеных, але звяртае ўвагу на найбольш уразлівыя з пункту гледжання парушэння правоў чалавека аспекты. Гэта тычыцца парушэння працоўных і палітычных правоў зняволеных, праблемы медыцынскага абслугоўвання, магчымасцяў для падачы скаргаў і вядзення перапіскі, практыкі лячэбна-працоўных прафілакторыяў, абмежаванняў грамадскага кантролю за ўстановамі пенітэнцыярнай сістэмы і іншых.

Пералічыўшы асноўныя праблемы, разгледжаныя ў справаздачы, праваабаронца адзначыў, што ўсе гэтыя парушэнні правоў чалавека павінны і могуць быць выпраўленыя, і выпраўленні павінны пачынацца з ўстанаўлення сур'ёзнага грамадскага кантролю за змесцамі зняволення.

"Аднак заканадаўства Беларусі, на жаль, максімальна абмежавала магчымасці грамадскага кантролю, пры тым, што сама дзяржава прэвентыўную сістэму, якая магла б перашкодзіць парушэнню правоў чалавека ў месцах несвабоды, не стварыла, - падкрэсліў Сапелка. - Я маю на ўвазе, што ў нас няма інстытута амбудсмэна, які мог бы рэгулярна наведваць месцы пазбаўлення волі, наведваць без узгаднення з адміністрацыямі гэтых месцаў, і прымаць нейкія меры для паляпшэння становішча зняволеных у галіне правоў чалавека".

Магчымасць атрымання дакладнай інфармацыі аб становішчы ў месцах пазбаўлення волі абмяжоўваецца, апроч усяго іншага, і непаўнатой афіцыйнай статыстыкі. Гэтая праблема пачынаецца ўжо з вызначэння самой лічбы па колькасці зняволеных. Як адзначаецца ў справаздачы, афіцыйныя 35 тысяч не ахопліваюць усіх асобаў, пазбаўленых волі. Да гэтай катэгорыі праваабаронцы таксама адносяць 6 тысяч 700 чалавек, якiя ўтрымлiваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, што па сутнасці з'яўляецца пазбаўленнем волі; крыху больш за 3 тысячы чалавек, якія за год праходзяць праз арыштныя дамы - адну з найбольш жорсткіх формаў пазбаўлення волі; амаль 42 тысячы адміністрацыйна арыштаваных, якія таксама праходзяць праз месцы пазбаўлення волі; больш за 7 тысяч чалавек, якiя ўтрымлiваюцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, што з'яўляецца менш жорсткай формай пазбаўлення волі. Акрамя таго, у месцах прымусовага ўтрымання знаходзяцца тыя, хто пазбаўлены волі і па рашэнні суда накіраваны на прымусовае лячэнне, і падлеткі, якія накіраваны для лячэння альбо вучобы ў закрытыя лячэбныя альбо навучальныя ўстановы.

Не ўсёабдымны ахоп, але грунтоўная дапамога ў канкрэтных справах

Гаворачы пра працу "Вясны" па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы, Алесь Бяляцкі адзначыў, што намаганні праваабаронцаў сканцэнтраваныя не на тым, каб закранаць усе існуючыя праблемы адразу, а на тым, каб праз вядзенне канкрэтных справаў падрабязна даследаваць пазначаную ў іх праблему. Гэты прынцып адлюстраваны ў справаздачы, дзе прыведзены справы, па якіх працавалі юрысты арганізацыі і адвакаты.

"Сапраўды, мы не можам дапамагчы кожнаму, хто стаў ахвярай парушэння правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі, і нават кожнаму, парушэнні чыіх правоў былі вельмі сур'ёзнымі, але мы змаглі звярнуць увагу на самі праблемы", - сказаў Павел Сапелка.

Праваабаронцы пералічылі справы, адлюстраваныя ў справаздачы: справы па фактах смерці ў турме № 8 горада Жодзіна Алега Багданава і Ігара Барбашынскага, якія цяпер расследуюцца ў крымінальным парадку, а таксама справа аб смерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА № 1 Мінска, па якой быў асуджаны супрацоўнік СІЗА, афіцэр унутранай службы.

"Цяпер справа Пцічкіна працягваецца, таму што ў Заводскім судзе Мінска 23 сакавіка будзе разгледжаны пазоў Жанны Пцічкінай і Ірыны Пцічкінай, маці і сястры загінулага, аб спагнанні маральнай шкоды з беларускай дзяржавы. І гэта таксама будзе свайго роду праверкай гатоўнасці дзяржавы несці адказнасць за парушэнні ў галіне правоў чалавека, якія адбываюцца ў месцах пазбаўлення волі", - паведаміў Павел Сапелка.

Акрамя таго, на працягу года праваабаронцы "Вясны" працавалі з выпадкамі жорсткага абыходжання пры затрыманнях і дастаўленні ўа аддзяленні міліцыі, звярталі ўвагу на тое, як сілавыя ведамствы могуць парушаць правы гэтых асобаў з самага пачатку вядзення адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу, ствараць атмасферу прыніжэння і здзекаў у дачыненні да затрыманых. Такія справы таксама знайшлі адлюстраванне ў справаздачы.

Таксама Алесь Бяляцкі прывёў прыклады з асабістага вопыту адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска, указаўшы на розныя бытавыя аспекты ўтрымання зняволеных, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Падсумоўваючы, кіраўнік "Вясны" адзначыў, што сістэма выканання пакаранняў у Беларусі застаецца кансерватыўнай, вельмі закрытай і патрабуе сур'ёзнага рэфармавання.

Азнаёміцца з публікацыяй: "Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства