Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Марш недармаедаў” у Гродна 15 сакавіка

2017 2017-03-16T16:56:00+0300 2017-03-21T17:25:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grodna_marsh_naziranne_15.03_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 сакавіка 2017 года ў Гродна праходзіла акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 "Марш недармаедаў".

Высновы:

  1. Адзначаны мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Не было гвалтоўных заклікаў ці агрэсіўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў.
  2. Неабходна адзначыць, што напярэдадні акцыі прайшлі суды над 13 удзельнікамі акцыі 19 лютага, што можна расцэньваць як прэвентыўныя меры перад акцыяй.
  3. Варта адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў з-за адсутнасці ў значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных прыкмет у супрацоўнікаў у форме. Адсутнічае інфармацыя аб мэтазгоднасці прысутнасці міліцыі ў такім выглядзе, а немагчымасць ідэнтыфікаваць пагражае беспакаранасці супрацоўнікаў у выпадку канфліктаў, і дэзарыентуе арганізатараў і ўдзельнікаў адносна таго, да каго можна звярнуцца пры канфліктных сітуацыях.
  4. Звяртаем увагу, што згодна з Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўнымі прынцыпамі аховы правапарадку падчас публічных сходаў з’яўляюцца: валоданне інфармацыяй, садзейніцтва, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.
  5. Станоўчым фактарам з'яўляецца садзейнічанне супрацоўнікаў ДАІ бесперашкоднаму руху ўдзельнікаў мерапрыемства праз вуліцу Дзяржынскага да плошчы Леніна.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Праз СМІ і сацыяльныя сеткі стала вядома, што ў Гродна 15 сакавіка 2017 года рыхтуецца мітынг, інфармацыя пра які шырока агучвалася ў Інтэрнэце.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 5 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  1. Да пачатку акцыі, каля 18:00, у парку Жылібера ў г. Гродна сабралася каля 150 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі СМІ і супрацоўнікі органаў аховы правапарадку ў цывільным адзенні.
  2. Акцыя пачалася ў 18:20. Журналісты бралі інтэрв'ю ў прамым эфіры ў прысутных. Выступоўцы патрабавалі адмяніць Дэкрэт №3, заяўлялі, што ён супярэчыць міжнародным нормам і Канстытуцыі. Прысутныя абмяркоўвалі нізкі ўзровень жыцця насельніцтва, выказвалі пратэст супраць курса эканамічнай палітыкі, які праводзіцца Урадам Рэспублікі Беларусь. Затым прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Лаўрэнцьеў выступіў перад прысутнымі з рэзалюцыяй, якую ўхвалілі ўсе ўдзельнікі мітынгу.
  3. Над паркам, каля 18:30, з'явіўся беспілотны лятальны апарат (робат).
  4. У 18:40 ўдзельнікі мітынгу арганізаваліся ў калону, пасля чаго накіраваліся на плошчу Леніна да будынка Гродзенскага гарвыканкама. На момант шэсця да плошчы Леніна прысутнічала каля 400 удзельнікаў. Супрацоўнікі ДАІ не перашкаджалі пераходу праезнай часткі.

  5. У 18:50 удзельнікі сабраліся на плошчы Леніна, дзе выступалі мітынгоўцы.
  6. Каля 19:00 да мітынгоўцаў выйшлі тры прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама, якія заявілі, што ўсіх жадаючых гатовы прыняць у актавай зале гарвыканкама мэр г. Гродна. Удзельнікі, адхіліўшы прапанову прадстаўнікоў улады, засталіся на прыступках. Актывісты агучылі свае патрабаванні, пасля чаго перадалі рэзалюцыю прадстаўнікам гарвыканкама.

  7. У 19:30 мерапрыемства скончылася, удзельнікі пачалі разыходзіцца.
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступную сімволіку: бел-чырвона-белы сцяг, сцяг Аб'яднанай грамадзянскай партыі, расцяжка «Разынкі тут: фота палітыкаў Рымашэўскага, Лябедзька, Кавалёва, Севярынца», плакат з надпісам «Свабоду брэсцкім анархістам і журналістам».
  9. Удзельнікі выкарыстоўвалі лозунгі: "Жыве Беларусь!", «Нет декрету номер три - Лукашенко уходи!», «Не Дэкрэту №3», «Лукашэнка сыходзь», «Хто галоўны дармаед - Лукашэнка прэзідэнт»
  10. Перашкод працы СМІ і назіральнікаў не было, хуткая медыцынская дапамога адсутнічала.
  11. Па выніках стала вядома пра двух затрыманых удзельнікаў акцыі.

Рэкамендацыі па выніках назірання за акцыяй

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* спыніць практыку грубых затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць дабраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;

у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства