Меркіса чакае суд за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ
У судзе Савецкага раёна Гомеля 23 сакавіка пачнецца разгляд адміністрацыйнай справы журналіста Яўгена Меркіса за ўдзел у акцыі пратэсту ў Рагачове па адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 22.9 АК РБ “Незаконны выраб прадукцыі СМІ”.
Пра гэта журналіст паведаміў у фэйсбуку:
Сябры, суд па маёй справе адбудзецца 23 сакавіка ў 17:00. Усё мае адбыцца ў кабінеце 1-5 суда Савецкага раёна г. Гомеля, што знаходзіцца на праспекце Рэчыцкім, 45. Нагадваю, што на мяне быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 22.9 КоАП РБ ч.2 - "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ". Усё было за акцыю ў Рагачове, таму калі хто хоча паглядзець, ці вырабляў я там нешта незаконна і ці распаўсюджваў (акрамя словаў абяздоленных рагачоўцаў) - пакідаю спасылку з анлайна.
Нагадаем, што за ўдзел у Маршы недармаедаў у Рагачове судом Гомельскага раёна 17 сакавіка судзілі журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову паводле артыкулу 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») у Рагачове. Суддзя пастанавіла пакараць журналістку штрафам у памеры 7 базавых велічынь. Пратакол складзены таксама на журналіста Анатоля Гатоўчыца. Дата суду пакуль невядомая.