Мазыр: суды над удзельнікамі акцыі фактычна закрытыя Дапоўнена
Сёння ў Мазыры разглядаюцца адміністрацыйныя справы затрыманых 18 сакавіка ўдзельнікаў Маршу недармаедаў.
На суд да Алега Шаўко не змаглі патрапіць ні родныя, у тым ліку цяжарная жонка, ні назіральнікі. Праваабаронца ПЦ “Вясна” Уладзімір Целяпун паведаміў, што суд адбываўся проста ў кабінеце суддзі, пры гэтым, у памяшканні суду няма раскладу судовых працэсаў, і таму невядома, каго яшчэ з затрыманых будуць судзіць. Інфармацыі сакратар суду таксама не дае.
Вядома, што Алега Шаўко пакаралі арыштам на 10 сутак. 35-гадовы мужчына быў затрыманы адразу пасля мітынгу, у шпіталі, дзе ён праведваў хворага бацьку, і амаль двое сутак правёў у ізалятары.
Па інфармацыі Радыё Свабода, намеснік старшыні суду Анатоль Стрэльчанка, які разглядаў адміністрацыйны пратаколяшчэ аднаго затрыманага - Аляксандра Барысенку, складзены міліцыяй, пастанавіў пакараць яго 10-суткавым арыштам.
У Мазырскім раённым судзе абвяргаюць інфармацыю наконт суду над трэцім затрыманым — Аляксандрам Трошкам. Аднак праваабаронцы паведамляюць, што такі чалавек у судзе быў. Яго пакаралі арыштам на 10 сутак.
Усяго ў суд з ізалятара часовага ўтрымання прывезлі чацвярых мазырчан. Сярод іх - Аляксандр Барысенка, Аляксандар Трошка і яшчэ адзін чалавек, якіх затрымалі адразу пасля мітынга 18 сакавіка.