Дырэктар БДІПЧ АБСЕ заклікае ўлады Беларусі захоўваць права грамадзян на мірныя сходы

2017 2017-03-18T00:21:41+0300 2017-03-18T00:23:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/michael-georg-link-osce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаэль Георг Лінк. Фота: osce.org

Міхаэль Георг Лінк. Фота: osce.org

Заклапочанасць у сувязі з інфармацыяй пра штрафы і затрыманні дзясяткаў удзельнікаў пратэстаў і праваабаронцаў у Беларусі выказаў 17 сакавіка дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэль Георг Лінк, паведамляе БелаПАН.

"Шматлікія штрафы і нават арышты дэманстрантаў і арганізатараў (акцый пратэсту. — БелаПАН.) уяўляюцца празмернымі абмежаваннямі іх права на свабоду мірных сходаў, — цытуе Лінка прэс-служба АБСЕ. — Я заклікаю ўлады Беларусі гарантаваць, каб любыя санкцыі ці штрафы былі суразмерныя фактычнай правіне і не выкарыстоўваліся як сродак для задушэння іншадумства і права на свабоду меркаванняў"

Як адзначыў дырэктар БДІПЧ, улады, рыхтуючыся да масавай акцыі супраць дэкрэта аб падатку на "дармаедства", павінны "зрабіць усё, каб аказаць садзейнічанне ўсім мірным дэманстрацыям, а ў выпадку якіх-небудзь інцыдэнтаў рэагаваць на іх у адпаведнасці са сваімі абавязкамі ў галіне правоў чалавека".

Масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем адмены Дэкрэта № 3 аб сацыяльным утрыманстве праходзяць у розных гарадах Беларусі з лютага.

Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія два тыдні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту (супраць Дэкрэта № 3 і ў абарону Курапатаў) было затрымана больш за 190 чалавек.

25 сакавіка ў Мінску і іншых гарадах краіны плануецца акцыя з нагоды Дня Волі, які штогод адзначае беларуская апазіцыя.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства