БАЖ: За апошні тыдзень рэпрэсіі зазналі 25 журналістаў

2017 2017-03-18T00:17:15+0300 2017-03-18T00:18:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошні тыдзень ад рэпрэсій пацярпелі 25 супрацоўнікаў СМІ і фрылансераў, сведчаць дадзеныя, апублікаваныя 17 сакавіка Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Першы ў спісе — карэспандэнт БелаПАН Сяргей Каралевіч, які быў затрыманы пасля акцыі супраць дэкрэта "аб дармаедах" у Маладзечне 10 сакавіка. Праз дзве гадзіны, пасля высвятлення асобы і тлумачэнняў, ён быў адпушчаны.

Два чалавекі са спіса БАЖ пакараныя адміністрацыйным арыштам, чатыры — аштрафаваныя, адзін — вызвалены ад адказнасці, яшчэ ў аднаго праведзены вобыск. 14 чалавек вызвалена пасля затрымання без складання пратаколаў, трое чакаюць разгляду іх адміністрацыйных спраў.

Апошняя ў спісе, складзеным за перыяд з 10 па 17 сакавіка, рэдактар маладзечанскага партала kraj.by Святлана Цішко. Журналістка абвінавачваецца ў тым, што сваім артыкулам нібыта заклікала грамадзян узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў горадзе 10 сакавіка, а гэта падпадае пад артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).

14 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім накіравала звароты міністру інфармацыі Ліліі Ананіч і старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу ў сувязі з затрыманнямі журналістаў і іншых грамадзян. Затрыманне і прыцягненне журналістаў да адказнасці за прафесійную дзейнасць "у любым выпадку выходзіць за межы заканадаўства", падкрэсліла Анісім. Дэпутат просіць Ананіч "прыняць адпаведныя меры для абароны пацярпелых журналістаў, а таксама зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць такіх праяў у далейшым". Старшыню Вярхоўнага суда Анісім просіць "даць адказ, на падставе якіх заканадаўчых актаў у нашай краіне былі асуджаныя людзі, у дадзеным выпадку журналісты, якія дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі". Паводле яе слоў, жорсткія дзеянні ўладаў у дачыненні да журналістаў і простых грамадзян "не спрыяюць паляпшэнню агульнай сітуацыі ў краіне і шкодзяць міжнароднаму іміджу".

14 сакавіка міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" асудзіла затрыманне 19 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі з 10 па 12 сакавіка акцыі пратэсту ў розных гарадах краіны.

"Улады Беларусі павінны неадкладна спыніць гэты мэтанакіраваны і скаардынаваны пераслед, — сказаў кіраўнік аддзела па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі "Рэпарцёраў без межаў" Ёхан Бір. — У журналістаў ёсць права асвятляць падзеі, якія ўяўляюць грамадскі інтарэс".

У той жа дзень Беларускі саюз журналістаў (БСЖ), які аб'ядноўвае прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, выступіў за захаванне нормаў журналісцкай этыкі "пры асвятленні складаных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны". У заяве па выніках пашыранага пасяджэння сакратарыята БСЖ, на якім абмяркоўвалася асвятленне ў СМІ тэмы дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", адзначалася: "Аналіз медыйнага поля ў кантэксце асвятлення дэкрэта паказаў, што фактычна асобныя прадстаўнікі медыйнай сферы адкрыта занялі бок так званай пазасістэмнай апазіцыі. Пры гэтым, прыкрываючыся прынцыпамі свабоды слова, сталі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстных акцый. У некаторых СМІ была скажоная галоўная ідэя дэкрэта — ліквідацыя сацыяльнага ўтрыманства". У БСЖ звярнулі ўвагу на асаблівую актыўнасць "асобных замежных інтэрнэт-рэсурсаў і замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі і якія імкнуцца навязаць беларускаму грамадству свой пункт гледжання на грамадска-палітычныя і сацыяльныя працэсы ў нашай краіне".

Пытанне пераследу журналістаў узнімалася падчас візіту ў Мінск 15—17 сакавіка дэлегацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ на чале з прэзідэнтам Крысцін Мутанен, якая сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

"Мутанен прыняла да ведама і выказала ўдзячнасць за запэўніванні з боку беларускага кіраўніцтва аб тым, што праваахоўныя органы праявяць стрыманасць і павагу да вяршэнства закона і што будуць забяспечаны правы на свабоду мірных сходаў і слова", — паведаміла прэс-служба ПА АБСЕ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства