Зварот Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў з нагоды судоў над Леанідам Судаленкам і Анатолем Паплаўным

2017 2017-03-16T20:02:20+0300 2017-03-17T15:57:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paplauny_sudalienka.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка папросяць суддзю прыкласці зварот Абсерваторыі да матэрыялаў справы

Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка папросяць суддзю прыкласці зварот Абсерваторыі да матэрыялаў справы

Напярэдадні судоў над сябрамі Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна", якія пройдуць 17 сакавіка, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла зварот, адрасаваны прадстаўнікам беларускай улады - прэзідэнту, генеральнаму пракурору, міністру юстыцыі, старшыні Вярхоўнага суда і старшыні суда Цэнтральнага раёна Гомеля, а таксама кіраўнікам Пастаяннай місіі Беларусі пры ААН у Жэневе і амбасады Беларусі ў Бруселі, з заклікам спыніць пераслед праваабаронцаў.   

BLR 001/0317/OBS 027
Судовы пераслед

Беларусь
16 сакавіка 2017 года

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя атрымала дакладныя звесткі пра судовы пераслед сп. Леаніда Судаленкі і сп. Анатоля Паплаўнага, сябраў Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Згодна з атрыманай інфармацыяй, 17 сакавіка 2017 года Леанiд Судаленка і Анатоль Паплаўны паўстануць перад Цэнтральным раённым судом г. Гомеля па абвінавачванні ва "ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту" (арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) у сувязі з іх удзелам у мірнай дэманстрацыі, якая адбылася 19 лютага 2017 года ў Гомелі, падчас  якіх каля 4 000 грамадзян выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", які, у парушэнне міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, уводзіць пакаранне за адсутнасць занятасці, у тым ліку абавязак аплаты збору і пазбаўленне волі, у дачыненні да беларускіх грамадзян, якія прапрацавалі менш за вызначаную колькасць дзён (гл. Даведачную інфармацыю). У выпадку прызнання іх вінаватымі па гэтых абвінавачваннях, абодва праваабаронцы могуць быць прысуджаныя да адміністрацыйнага штрафу ў памеры да 350 еўра або адміністрацыйнага арышту на тэрмін да 15 сутак.

Акрамя таго, сп. Леанід Судаленка падрыхтаваў і накіраваў ад імя грамадзян у розныя суды больш за 200 скаргаў на палажэнні Дэкрэта ў адказ на атрыманыя грамадзянамі ў пачатку 2017 года апавяшчэнні з патрабаваннем аплаты збору. Сп. Леанід Судаленка таксама быў першым юрыстам, які падаў паспяховы пазоў супраць аплаты збору, стварыўшы прэцэдэнт для каля паўмільёна беларусаў, якія атрымалі апавяшчэнні аб аплаце збору дзяржаве. У выніку ён быў публічна названы ўладамі "адвакатам дармаедаў".

Такім чынам, Абсерваторыя лічыць, што судовы пераслед ў дачыненні да сп. Леаніда Судаленкі і сп. Анатоля Паплаўнага з'яўляецца адплатай за іх законную і мірную праваабарончую дзейнасць.

Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі спыніць усе формы пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць сп. Леаніда Судаленкі і сп. Анатоля Паплаўнага, і прытрымлівацца міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, згодна з якімі Беларусь абавязаная захоўваць свабоду сходаў.

Даведачная інфармацыя:

У красавіку 2015 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ў якасці сродку "стымулявання занятасці". Дадзены Дэкрэт парушае міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, паколькі прадугледжвае штрафы і пазбаўленне волі ў якасці пакарання за адсутнасць занятасці.

Дэкрэт абавязвае грамадзян быць працаўладкаванымі на працягу больш як 183 дзён на год альбо аплаціць спецыяльны збор для фінансавання дзяржаўных расходаў. У адпаведнасці з Дэкрэтам № 3, нявыплата або няпоўная выплата такога збору цягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, стымуляванне занятасці ажыццяўляецца з дапамогай прымусовай занятасці і пагрозы кароткатэрміновага пазбаўлення волі, а не шляхам увядзення канкурэнтаздольных заробкаў, сацыяльнай дапамогі і гарантый.

Варта адзначыць, што ўлады Беларусі актыўна ўжываюць прымусовую працу, што неаднаразова выклікала крытыку з боку як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый.

Патрабаваныя дзеянні:

Калі ласка, напішыце ў органы ўлады Беларусі, заклікаючы іх:

i. Пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць сп. Судаленкі і сп. Паплаўнага;

ii. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп. Леаніда Судаленкі і сп. Анатоля Паплаўнага, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

iii. Выконваць усе свае міжнародныя абавязальніцтвы ў частцы гарантый ажыццяўлення права грамадзян на мірныя сходы;

iv. Выконваць палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, у прыватнасці яе артыкулы 1, 2, 5 і 12.2;

v. Гарантаваць пры любых абставінах выкананне правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.


Парыж-Жэнева, 16 сакавіка 2017 г.


Просьба паведаміць нам пра любыя прадпрынятыя дзеянні з указаннем кода гэтага звароту ў вашым адказе.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэтай дадзенай праграмы з'яўляецца ўмяшанне для прадухілення або спынення сітуацый, рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца сябрамі ProtectDefenders.eu, праваабарончага механізму Еўрапейскага Саюза, які рэалізуецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.

Каб звязацца з Абсерваторыяй, скарыстайце гарачую лінію:

  • Электронная пошта: Appeals@fidh-omct.org
  • Тэлефон і факс FIDH: + 33(0)1 43 55 25 18 / +33 1 43 55 18 80

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства