Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Марш недармаедаў” у Мінску 15 сакавіка

2017 2017-03-16T11:03:00+0300 2017-03-21T16:58:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minsk-2017-03-15-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

15 сакавіка 2017 года ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 “Марш недармаедаў”.

Высновы:

1. Адзначаны мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Не было гвалтоўных заклікаў ці агрэсіўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў.

2. Недазволенай практыкай і грубым парушэннем правоў чалавека з’ўляюцца прэвентыўныя затрыманні, грубыя напады на ўдзельнікаў, ужыванне фізічнай сілы пры затрыманні і ў РУУСе, спецсродкаў (газавага балончыка) з боку супрацоўнікаў міліцыі. Па меншай вядома пра 21 затрыманага ўдзельніка акцыі, у тым ліку з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы.

Нагадваем, што беларускі урад часткова прыняў рэкамендацыю 129.90 у межах другога цыкла Ўніверсальнага перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН у адносінах ў 2015 годзе, згодна з якой  Рэспубліцы Беларусь трэба “прыняць меры па недапушчэнні ўзяцця пад варту і пераследу мірных дэманстрантаў, а таксама жорсткага абыходжання з імі з боку міліцыі ў сувязі з ажыццяўленнем імі свайго права на свабоднае выказванне меркаванняў і свабоду сходаў і неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць усіх, хто быў затрыманы толькі за тое, што спрабаваў рэалізаваць гэтыя правы”.

3. Нягледзячы на больш масавую, чым звычайна, прысутнасць супрацоўнікаў АМАПу і ДАІ ў форме, варта адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве пераважную большасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў па прычыне адсутнасці форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных прыкмет у супрацоўнікаў у форме. Адсутнічае інфармацыя пра мэтазгоднасць прысутнасці міліцыі ў такім выглядзе, а немагчымасць ідэнтыфікаваць пагражае беспакаранасці супрацоўнікаў у выпадку канфліктаў, і дэзарыентуе арганізатараў і ўдзельнікаў адносна таго, да каго можна звярнуцца пры канфліктных сітуацыях.

Звяртаем увагу, што згодна з Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўнымі прынцыпамі аховы правапарадку падчас публічных сходаў з’яўляюцца: валоданне інфармацыяй, садзейніцтва, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.

4. Супрацоўнікі ДАІ не забяспечылі бесперашкодны рух калоны падчас дэманстрацыі, перакрывалі рух на кожным светлафоры.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Праз СМІ і сацыяльныя сеткi стала вядома, што ў Мінску 15 сакавіка 2017 года рыхтуецца акцыя, якая атрымала дазвол у наступным парадку: збор удзельнікаў а 17.30 на пляцоўцы каля кінатрэатра «Кастрычнік», адкуль пройдзе шэсце па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор. Супрацоўнікі міліцыі абяцалі не агароджваць месца збору. Арганізатары прадставілі назіральнікам дазвол ад Мінгарвыканкама.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 7 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  1. На месцы збору прысутнічалі металічныя агароджы ў левай ад кінатэатра частцы пляцоўкі (калі тварам да кінтэатра). Да пачатку акцыі, каля 17:45, на месцы сабралася прыблізна 450 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі СМІ. Таксама на плошчы прысутнічала 40 супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку ў цывільнай вопратцы і 8 супрацоўнікаў АМАПу, 3 супрацоўнікі ДАІ, кіраўніцтва ГУУС і РУУСАў у цывільнай вопратцы. Арганізатары былі абазначаныя павязкамі на рукаве. Падчас збору гучалі выступы.
  2. На месцы збору адной з дзяўчын стала кепска, але хуткая дапамога з суседняга двара не рэагавала, каля 5 хвілін чакалі іншую машыну.
  3. Каля 18:05 калона сфарміравалася і рушыла ў бок вуліцы Сурганава па ходніках. Уздоўж калоны ішлі супрацоўнікі АМАПу і ДАІ. Рух калоны перарываўся на кожным светлафоры супрацоўнікамі ДАІ, калона расцягнулася на вялікую адлегласць. Каля 18:50 калона падыйшла да пляцоўкі перад вуліцай Багдановіча, людзі  пачалі разыходзіцца. Канчаткова акцыя скончылася каля 20 гадзін.
  4. Усяго падчас акцыі назіральнікі налічылі да 2400 удзельнікаў, 20 супрацоўнікаў міліцыі ў форме АМАП і 10 – ДАІ. Падобных на супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным – каля 50 чалавек.
  5. Частка ўдзельнікаў (каля 30 чалавек) былі з закрытымі тварамі, але пры гэтым не ажццяўлялі супрацьпраўных дзеянняў.
  6. Падчас шэсця вялікая колькасць супрацоўнікаў у цывільным і службовы транспарт суправаджалі калону анархістаў. Удзельнікі гэтай часткі шэсця паспрабавалі з’ехаць з акцыі каля 19 гадзін, але на прыпынку “пл.Бангалор” у бок Нямігі невядомыя людзі спынілі тралейбус і груба спрабавалі выцягнуць адтуль удзельнікаў. Аднак за іх заступіліся гаражане, але два тралейбусы з удзельнікамі былі заблакаваныя супарцоўнікамі міліцыі ў цывільным каля прыпынку “Белая Вежа”, дзе з выкарыстаннем непрапарцыйнай сілы і спецсродкаў (газавы балончык) было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку выпадковых пасажыраў.
  7. Перашкоды працы назіральнікам і журналістам не зафіксавана, былі скаргі на блакіроўкі асобных інтэрнэт-старонак.
  8. Падчас акцыі ўдзельнікі выкарыстоўвалі наступную сімволіку: адзін дзяржаўны сцяг, тры сцягі АГП, тры сцягі кампаніі “Гавары Праўду”, 3 сцягі БХД, 3 сцягі “Грамады”, некалькі бела-чырвона-белых, 2 сцягі анарха-камунізму і 1 анарха-фемінізму.
  9. Выкарыстоўваліся лозунгі: “Хто галоўны дармаед? Беларускі прэзідэнт”, “Жыве Беларусь”, “Нет декрету номер три! Лукашенко уходи!”, “Работу”, “Выйди на улицу, верни себе город”, “Ганьба расійскаму тэлебачанню”, “Разам мы сіла”, “Беспределу нет предела”, “Уходи”, “Верым, можам, пераможам”, “Свабоду палітвязням”, “Хватит терпеть, хватит бояться! Пришло наше время сопротивляться”, “Чиновнику - лопату, народу - зарплату!”, “Стать рабом не убедит государство-паразит”, “Чиновники - воры, политики - лжецы! За доллары копают могилу для страны”, “Я отныне дармоед - государству веры нет!”.
  10. Мелі месца наступныя транспаранты: чырвоная расцяжка “Власть советам – нет декрету”, “Мы не дармаеды”, расцяжка з намаляваным зубам і шчыпцамі і надпісам “Удалять без заморозки, декрет 3”, расцяжкі “Для народу дармаед - бюракрат, чыноўнік, мент”, “Дэкрэт нумар 3 - а можа так і трэба”, “Прымусовая праца забараняецца”, “Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці”, “Нет государства - нет налогов”, “Чиновнику - лопату, рабочему – зарплату”; плакаты: цішотка “328 Не просто цифры”, плакат з фігай, плакат “Милиция, переходите на сторону народа. Народ вас не обидет”, перавернуты партрэт Лукашэнкі, плакат з Канстытуцыяй і капытамі: “топчуць нашыя правы капытамі ў гліне”, “Сколько стоит беларусу президент”, плакат з вогнішчам “Міліцыя М- марыянеткі, І-ідэолагі, Л-лайдакі, І -ілгуны, Ц-цынікі,  Я-чнычары”, “Сколько правды в глазах государственных шлюх!”, “Где мои 500$?”, “Канстытуцыя РБ”, “Народу работу, власть под контроль”, “Адмяніць дэкрэт нумар 3 і ганебную пастанову Мінкульта нумар 7 ад 30.01.2017”, “Конституция право единство”, плакат з разынкамі, “Лукашенко, не выколупливай изюм из моей булки”, плакат - перакрэсленая вусатая мордачка, “Хватит глумиться над народам и Конституцией”, “Отвёл от пропасти, довёл до ручки. Дальше мы сами”, “Не берись за яйца! Берись за экономику!”, “Нам нужна работа на Родине”, Труна – “декрет номер 3. Права человека”.
  11. Пасля акцыі стала вядома пра 16 затрыманых у Цэнтральным РУУСе Мінску і 5 – у Першамайскім.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

 Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* спыніць практыку грубых затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць дабраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 у Мінску 15 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства