16 сакавіка ў беларускіх судах – аўрал: судзяць 52 чалавекі Дапоўнена

2017 2017-03-16T08:58:55+0300 2017-03-17T10:52:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud-centralny-minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суды ў Мінску і абласных цэнтрах Магілёве і Горадні 16 сакавіка пачнуць разгляд адміністрацыйных спраў, заведзеных на ўчорашніх ўдзельнікаў “Маршаў недармаедаў”. Па звестках праваабаронцаў, учора па ўсёй Беларусі было  затрымана  больш за 50-ці чалавек. Некаторых адпусцілі праз некалькі гадзін, але на большую частку склалі пратаколы правапарушэнняў. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі без апазнавальных знакаў актыўна ўжывалі грубую фізічную сілу і нават слезацечны газ. 

***

У суд Першамайскага раёна даставілі 11 чалавек. Паводле інфармацыі на стэндзе суда разглядаць справы будуць з 9 да 13.00. Прозьвішчы затрыманых і суддзяў, а таксама артыкула КаАП не ўказаныя.

Пакуль вызначыныя суддзі для разгляду адміністрацыйных спраў супраць затрыманых - Юры Гарбатоўскі і Святлана Чараповіч. Усіх затрыманых затрымалі да пачатку акцыі і будуць судзіць па арт. 17.1 і 23.4 КаАП.

Сяргею Мацкойцю суддзя Гарбатоўскі прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 сутак арышту па двум артыкулам КаАП 17.1 і 23.34. Cведкамі выступілі АМАПаўцы Батун Павел і Антановіч Ігар, якіх нават не выдалялі з залі падчас разгляду справы.

Наступнай разглядаюць справу Елізаветы Пракопчык. Дзяўчыну затрымалі каля метро, тыя ж сведкі-амапаўцы кажуць, нібыта яна лаялася матам і не рэагавала на іх заўвалі. У суд з боку абароны выкліканая сяброўка Елізаветы, якая была побач з ёй у момант затрымання. Суддзя Гарбатоўскі вынес рашэнне пакараць Елізавету Пракопчык арыштам на 13 сутак.

Далей разглядаюць справу супраць Серавокай Святланы зноў жа па двух артыкулах. Затрыманая заявіла хадайніцтва аб удзелу ў судзе абаронцы. У судзе аб'яўлены перапынак на 15 хвілін. Паседжанне працягнулася: Святлану затрымалі ў пераходзе метро станцыі "Акадэмія навук", віну яна не прызнае, заявіла хадайніцтва аб запатрабаванні відэазапісу з метро. Сведкамі выступаюць амапаўцы Батун Павел і Астаповіч Андрэй, якія даюць аналагічныя паказанні, што і на папярэдніх працэсах.

Адвакат задае нязручныя пытаньні. Батун блытаецца ў паказаннях.

amapavec_paval_batun.jpg
АМАПавец Павел Батун

Святлану Серавокую асудзілі на 14 сутак арышту.

Яўгена Дзяткоўскага суддзя Чараповіч Святлана асудзіла на 15 сутак арышту. Сведкамі выступалі супрацоўнікі АМАПу - Радзько Канстанцін і Маскалёў Сяргей.

Разглядаюць справу Арсенія Канаплёва, ён заявіў хадайніцтва аб выкліке сведкі, якога затрымалі разам з ім.

Затрыманы распавёў, што выйшаў з метро, яго адразу затрымалі і даставілі ў міліцыйскі пакой у метро, каб праверыць дакументы. Затым адвезлі ў РУУС. На Акадэміі навук не быў, увогуле нічога не рабіў. Затрымлівалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы.

АМАПавец-сведка Маскалёў распавёў, што яны былі ў форме, а грамадзянін крычаў. Яны папрасілі яго супакоіцца, але грамадзянін не зрабіў гэтага і яны яго затрымалі. Другі сведка-АМАПавец Радзько паўтарыў тое ж самае.

Арсенія Канаплёва асудзілі на 13 сутак арышту.

Пачаўся суд над Марынай Дубінай. Суддзя Юры Гарбатоўскі прызнаў дзяўчыну вінаватай па арт. 17.1. і 23.4 і асудзіў да 14 сутак арышту.

Таксама ў гэты час судзяць і Аксану Малюкову. Сведкамі зноў выступаюць супрацоўнікі АМАПу Канстанцін Радзько і Сяргей Маскалёў. Суддзя прызначыў пакаранне - арышт ў 13 сутак.

Працягваецца разгляд справы супраць Васіля Аўчарэнкі, якога вінавацяць па арт. 17.1 і 23.4 КаАП. Судзіць Яшчанка Алла. Падсудны віну не прызнае, кажа, што проста гуляў. Супраць яго сведчыць амапавец Дзмітрый Хадорка і Уладзіслаў Рутчанкоў. Суддзя палічыў Васіля Аўчарэнку вінаватым і пакараў 14 суткамі арышту.


На аўтазаках дастаўляюць затрыманых у суд Цэнтральнага раёна. У двух машынах па 12 чалавек. Аднак агулам будуць судзіць 27 чалавек.

Шмат каго з затрыманых будуць судзіць адразу па двух артыкулах: па арт. 17.1 "Дробнае хуліганства" і 23.4 "Непадпарадкаванне законаму патрабаванню службовай асобы".

Сярод дастаўленых Уладзіслаў Лобаў.

У Цэнтральным судзе Мінску затрыманых будуць судзіць Вікторыя Шабуня, Аляксандар Длужнеўскі, Міхаіл Хома, Натальля Вайцэховіч, Тацяна Рак.

Адну з першых судзяць Алену Немік, якую вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 "Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму патрабванню службовай асобы", паведамляе Радыё "Свабода". Алена Немік распавяла, што да 3 ночы афармлялі пратаколы, паспала 2 гадзіны, ды і то зь перапынкамі, бо часта ўключалі яркае сьвятло. Алену затрымлівалі ў тралейбусе. Яна заявіла, што хоча замовіць адваката, таму судзьдзя абвясьціла перапынак на 15 хвілінаў.

Працэс аднавіўся, дзяўчыну вінавацяць ў тым, што брала ўдзел у акцыі ў масцы і адмовілася зняць маску, чым нібыта аказала непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Яна не прызнала віны, кажа, што ўдзельнічала ў дазволенай акцыі ў складзе удзельнікаў шэсця, твар не закрывала, ніхто яе не папярэджваў, што яна нешта парушае. Пасля заканчэння шэсця, на перакрыжаванні каля плошчы Бангалор села ў тралейбус і паехала дамоў.

На перакрыжаванні вуліц Багдановіча з праспэктам Машэрава ў тралейбус ўварваліся людзі ў цывільным, пачалі выцягваць пасажыраў і ў тым ліку яе з тралейбуса. Гэтак яна апынулася на вуліцы. Яна спалохалася, крычала «Дапамажыце!». Там яе спрабавалі трымаць людзі, якія былі на прыпынку, адна жанчына яе абняла. Але міліцыянты адарвалі яе, і гэтак яна апынулася зноў у руках міліцыянтаў у цывільным, якія не прадстаўляліся, хаця яна іх пытала, хто яны. Згадала, што ў тралейбусе павалілі на падлогу палову пасажыраў.

Алена ўказала суду, што потым у Цэнтральным РУУС усе яе рэчы былі апісаныя і ніякай маскі ці іншых рэчаў, якімі можна закрыць твар, у яе не было знойдзена.

Суддзя Юлія Густыр вынесла рашэнне пакараць Алену Немік арыштам у 13 сутак.

У цэнтральным судзе Максіма Курцова асудзілі на 12 сутак арышту.

У судзе Цэнтральнага раёну затрыманы грамадзянін Расіі Павел Маркаў атрымаў 15 сутак і абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага рашэння, піша "Свабода". Цяпер судзяць Юлію Філіпаву і Лідзію Вярыгу.

Лідзію Вярыгу асудзілі на 12 сутак арышту, Юлю Філіпаву на 12 сутак.

Арцём Салавей быў асуджаны суддзёй Валерыем Есьманам да 14 сутак арышту па ч.1 арт. 23.34 і 23.4 КаАП.

Суддзя Рак Таццяна асудзіла Арцёма Маркіна на 12 сутак.

Валеры Есьман разглядае справу супраць Алены Дубовік. Радыё "Свабода" паведамляе, што паводле пратаколу, Дубовік «хавала твар пад маскай» падчас шэсця і адмовілася выконваць патрабаванне супрацоўніка МУС зняць маску, чым аказала непадпарадкаванне. Алена Дубовік віну не прызнала і адмовілася даваць паказаньні. Сказала адносна пратаколу, што «там усё напісана пад капірку і недакладна».

Сведка-міліцыянт Манахаў распавёў суду, што Дубовік ішла падчас шэсця ў масцы на твары. «На заўвагі не рэагавала, маску не зняла». Ён заяўляе, што асабіста звяртаўся да шэрагу ўдзельнікаў шэсьця ў масках.

У суд прыйшоў і другі сведка, які таксама быў другім сведкам на судзе над Аленай Немік. Назваў прозьвішча — Торык, імя не было чуваць. Сказаў, што ўдзельнікам шэсця ў масках на тварах міліцыянты казалі, што гэта парушэнне і маскі трэба зняць, але тыя не падпарадкаваліся. Пры затрыманьні Дубовік у тралейбусе яна, паводле следкі-міліцыянта, адмаўлялася сама выходзіць, крычала, аказвала супраціў, хаця была папярэджаная. З тралейбуса яе выводзілі гвалтам.

Адвакат Алены Дубовік распытвае сведкаў-міліцыянтаў. Пасведчанне, сказаў міліцыянт, ён Дубовік не паказваў: «паказваў мой напарнік». Якая была маска дакладна на твары Дубовік, сведка не памятае, «бо шмат было затрыманых, не лічыў». Дзе менавіта ў тралейбусе знаходзілася Дубовік, ён згадаць не змог: «яны там усе рухаліся».

Паводле адваката, абодва сведкі ня могуць даваць зразумелых тлумачэнняў адносна справы, бо іх паказанні розняцца і супярэчаць адзін аднаму. Таксама ніводны сведка не можа нават апісаць маску, якая нібыта была на твары Дубовік, кажа адвакат, а гэта прынцыпова. Паводле адваката, ня выяўленыя абставіны адміністрацыйнага здарэння — і таму справу Алены Дубовік трэба спыніць.

Затрыманая назвала суд «цыркам» і сказала, што калі яе асудзяць, яна абвесціць галадоўку.

Аднак суддзя Валеры Есьман пакараў дзяўчыну 12 суткамі арышту, яна абвясціла галадоўку.

Есьман асудзіў яшчэ аднаго актывіста - Уладзіміра Ларыёнава - на 12 сутак арышту. 

Суддзя Таццяна Рак разглядзела справу супраць Анастасіі Ранько і асудзіла дзяўчыну на 12 сутак.

Адзін з затрыманых у судзе Цэнтральнага раёну, Андрэй Навакоўскі, моцна збіты, перадае "Свабода". Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібы распыліў газ у час затрымання.

Суддзя прызначыў Андрэю Навакоўскаму 12 сутак арышту.

Ільлі Міраненку пагражаюць крымінальнай справай па арт. 339 КК нібыта за збіццё міліцыянта. Суд асудзіў хлопца на 14 сутак арышту, ён аб'явіў галадоўку.

Суддзя Міхаіл Хома асудзіў Дзмітрыя Мітрашэўскага на 15 сутак.

Уладзіслава Лобава (брата былога палітвязня Эдуарда Лобава) асудзілі на 15 сутак арышту. Суддзя Юлія Густыр.

Хуткая дапамога забрала Антона Данілава з будынку суда.

Каптур Вольга была асуджаная Таццянай Рак на 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Дзяўчына аб'явіла галадоўку.

У сваю чаргу Валеры Есьман асудзіў Наўмовіча Ю. і Каптура Алега да 12 сутак арышту кожнага, Аляксандар Длужнеўскі пакараў арыштам на 12 сутак Ворсу А., Вікторыя Шабуня асудзіла таксама на 12 сутак Кузнецова Ю., а суддзя Казлова М. дала 12 сутак і Аўдзеенка А. Вядома, што Пішчэлін Ю. асудзілі на 12 сутак, а Беланогаў Д. - на 14.

Яфімовіч Марыя і Аляксандр Сінкавец атрымалі па 12 сутак арышту.

Пятра Маркелава таксама асудзілі да адміністрацыйнага арышту ў 12 сутак.

Як паведамляе Радыё "Свабода", суддзя Наталля Вайцэховіч адмовілася разглядаць яго відэа, сведкі блыталіся. Маркелаў адмаўляў, што нёс маску. Сведчылі амапаўцы Чэўшаў і Хомін, пра якіх затрыманы казаў, што яны хлусілі.

Апошнім асудзілі Яўгена Жураўскага да 13 сутак арышту.


У суд Савецкага раёна прывезлі 14 чалавек. Пакуль што з будунку суда ўсіх выгналі - абед.

Суддзя Драчова Наталля пакарала 12 суткамі арышту Аляксандра Скурыдзіна.

Пармона В. асудзілі на трое сутак арышту па двух артыкулах - 23.34 і 23.4 КаАП. Справу разглядала Федарава М.

Справы Русакова С. і Аўчарэнка В. разглядалі ў абедзенны перапынак. Вынікі пакуль невядомыя. Суд адбыўся і над Барысам Сычыкам, але вынікі паседжання невядомыя.

Бондарь Н. прысудзілі 12 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства