Міхаіл Жамчужны: новае спагнанне. Верагодна, палітвязень зараз знаходзіцца ў ШЫЗА

2017 2017-03-15T14:54:25+0300 2017-03-15T17:36:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітвязень Міхаил Жамчужны/

Палітвязень Міхаил Жамчужны/

З ліста палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага, які ён даслаў праваабаронцы Таццяне Рэвяка, стала вядома, што праз 30 хвілін пасля ягонага вызвалення з ПКТ папраўчай калоніі №14, якое адбылося 28 лютага, яму было вынесена чарговае спагнанне. У той самы дзень Жамчужны накіраваўся ў лазню згодна з вызначанай працэдурай: з дазволу начальніка атраду і ў суправаджэнні ўпаўнаважанага асуджанага. Аднак адміністрацыя калоніі абвінаваціла яго, што ён нібыта самавольна пакінуў лакальны ўчастак, бо павінен быў яшчэ патэлефанаваць дзяжурнаму па зоне. Па словах палітвязня, 5 сакавіка яго разам з суправаджаючым зняволеным спрабавалі змясціць у ШЫЗА, але працэдуру перанеслі на 9 сакавіка. Такім чынам, верагодна, што з 9 сакавіка Міхаіл Жамчужны ўтрымліваецца ў ШЫЗА, тэрмін – невядомы.

5 сакавіка Міхаіла Жамчужнага накіравалі на працу ў механічны цэх №2, нягледзячы на тое, што 62-гадовы вязень – пенсіянер і згодна з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса не мусіць прыцягвацца да працы. Зняволены расцаніў гэта як правакацыю з боку адміністрацыі, якая спадзявалася, што Жамчужны ад працы адмовіцца, што можна было б выкарыстаць як падставу для чарговага ціску. Але ад працы М. Жамчужны не адмовіўся.

Гэтымі днямі праваабаронца Таццяна Рэвяка атрымала з Упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці адказа на свой зварот, датычны незаконнага вымання адміністрацыяй папраўчай калоніі №14 ў Навасадах лістоў Міхаіла Жамчужнага да яе, у тым ліку – з інфармацыяй пра трывожны начны інцыдэнт у ПКТ, у выніку якога палітвязень прасіў пра бяспечныя ўмовы ўтрымання. Выконваючы абавязкі начальніка Р.А.Пабудзей адзначыў, што запыт праваабаронцы з просьбай правядзення праверкі адносна інцыдэнту Дэпартамент не атрымліваў  і што сам Жамчужны заяваў аб прадстаўленні яму бяспечнага месца ўтрымання не падаваў, прэтэнзій і скаргаў да кіраўніцтва калоніі не прад’яўляў. Прадстаўнік ДВП таксама паведаміў, што выманняў карэспандэнцыі ад Жамчужнага не было. Разам з тым, вядома, што Міхаіл Жамчужны двойчы быў апытаны аператыўным супрацоўнікам калоніі адносна зніклых лістоў да Таццяны Рэвякі, і ён пацвердзіў, што дасылаў іх праваабаронцы.

Нягледзячы на тое, што ДВП ухіліўся ад адказу адносна інцыдэнту з 23 на 24 студзеня, праваабаронцам стала вядома, што сукамернікі Міхаіла Жамчужнага зафіксавалі, як апоўначы (Жамчужны спаў) “кармушка” на дзвярах камеры была адчынена невядомымі асобамі ў цывільным, якія ўдакладнялі ў дзяжурнага па калідоры, на якім месцы спіць Жамчужны і абураліся, чаму ён не змешчаны ў адзіночную камеру. Праз некаторы час невядомыя сышлі. Зраніцы, калі сукамернікі пераказалі начное здарэнне Міхаілу Жамчужнаму, ён звярнуўся да адміністрацыі з заявай пра забеспячэнне бяспечных умоваў, паколькі палічыў цікавасць невядомых людзей ягонай асобай за падрыхтоўку правакацый супраць яго падчас этапавання ў турму, якая адбудзецца, калі суд падтрымае ініцыятыву адміністрацыі калоніі. Нагадаем, судовы працэс па пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрымання прызначаны на 23 сакавіка і адбудзецца на тэрыторыі калоніі ў Навасадах Барысаўскага раёна, дзе адбывае пакаранне палітвязень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства