viasna on patreon

Андрэа Віктарын: Мы спадзяемся, што ў Беларусі не будзе якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў

2017 2017-03-14T12:54:37+0300 2017-03-14T12:56:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktaryn_belapan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын. Фота: БелаПАН

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын. Фота: БелаПАН

Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі працягне сачыць за развіццём сітуацыі ў краіне. Пра гэта 14 сакавіка заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын у адказ на просьбу БелаПАН пракаментаваць масавыя затрыманні грамадзян і журналістаў у Беларусі апошнімі днямі.

"Мы будзем абмяркоўваць, будзем сачыць за развіццём сітуацыі. Мы вельмі спадзяемся на тое, што ўсе бакі — я падкрэсліваю, ўсе бакі — будуць устрымлівацца ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў", — сказала Андрэа Віктарын.

Яна нагадала, што 13 сакавіка падзеі ў Беларусі пракаментавала прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч. Пакуль да гэтай пазіцыі дадаць няма чаго, адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

"Як мы сказалі ўчора, мы спадзяемся, што ўсе затрыманыя будуць вызваленыя", — сказала дыпламат.

Андрэа Віктарын дадала, што ЕС супрацоўнічае з Беларуссю ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, і пры гэтым — прытрымліваецца пэўных каштоўнасцяў.

Напярэдадні прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў заявіла, што "затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі".

"Еўрапейскі саюз застаецца прыхільным да стабільнай, дэмакратычнай і паспяховай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых", — падкрэсліла Мая Качыянчыч.

З лютага ў розных гарадах Беларусі праводзяцца масавыя вулічныя акцыі супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў гэтых акцый.

"Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць гэтых правакатараў. <...> Працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад", — заявіў Лукашэнка.

10 сакавіка пасля акцыі ў Маладзечне былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі.

Нягледзячы на іх арышты, 11 і 12 сакавіка акцыі супраць дэкрэта "аб дармаедстве" прайшлі ў пяці гарадах Беларусі — Пінску, Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове. У Бабруйску і Оршы акцыі апынуліся найбольш масавымі, на кожную з іх сабралася каля 1.000 чалавек. У гэтых гарадах зафіксаваныя масавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама вобшукі і прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў. У ліку затрыманых апынуліся 19 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі акцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымана ўжо больш за 100 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства