Алесь Бяляцкі: Загадана перасьледаваць незалежных журналістаў і актывістаў

2017 2017-03-13T15:18:31+0300 2017-03-13T15:20:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_svaboda.org2016a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

«Праваабаронцы ўстрывожаныя тым, што кожны дзень колькасьць арыштаваных павялічваецца. У тым ліку і за кошт журналістаў, якіх цягам 12 сакавіка было затрымана 19 чалавек. Гэта выклікае абурэньне, бо стаўленьне органаў правапарадку да журналістаў было дастаткова стрыманымі апошнім часам», — кажа ў каментары "Свабодзе" старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Ён лічыць, што ўлада зьмяніла тактыку: замест штрафаў цяпер будуць даваць суткі:

«Відавочна, аддадзены загад на перасьлед незалежных журналістаў і актывістаў. Гэта стварае новую сытуацыю, новы выклік для журналісцкай супольнасьці, бо ёсьць падставы меркаваць, што гэта будзе працягвацца і далей, улады будуць старацца максымальна абмежаваць інфармацыю пра масавыя акцыі пратэсту, якія праходзяць зараз па ўсёй краіне.

Затрыманьні і журналістаў, і актывістаў адбываюцца на загад зьверху. Гэтаксама, як летась быў загад нікога не арыштоўваць, а даваць сотні штрафаў. Цяпер зноў шырока пачалі ўжывацца адміністратыўныя арышты, што сьведчыць пра пагаршэньне сытуацыі, бо ўлады баяцца народнай актыўнасьці. Новая сытуацыя выклікае трывогу, бо яна можа прывесьці да яшчэ больш шырокамаштабных рэпрэсій — накшталт тых, якія былі ў 2010 годзе. Таму мы заклікаем улады спыніць гэтую практыку і пачаць перамовы з шырокай грамадзянскай супольнасьцю».

Алесь Бяляцкі таксама выказаў думку, што затрыманьні і арышты журналістаў і грамадзкіх актывістаў ставяць пад сур’ёзную пагрозу дыялёг паміж Беларусьсю і Захадам, які так старанна будаваўся апошнім часам:

«На гэтым тыдні — два візыты. Будзе намесьнік міністра замежных спраў Нямеччыны, таксама намесьнік міністра замежных спраў Бэльгіі. Вядома ж, інфармацыя пра затрыманьні і арышты журналістаў і ўдзельнікаў мірных масавых акцый будзе ім даведзеная. Я лічу, што Эўрапейскі зьвяз будзе вымушаны на гэта рэагаваць. Мы, праваабаронцы, у сваю чаргу, будзем заклікаць іх быць прынцыповымі ў гэтым пытаньні».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства