Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Марш недармаедаў” у Воршы

2017 2017-03-13T10:13:00+0300 2017-03-13T16:31:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marsh_orsha_spravazdacha_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 сакавіка 2017 года ў Воршы праходзіла акцыя пратэсту супраць Дэкрэту №3 “Марш недармаедаў”.

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Не было гвалтоўных заклікаў ці агрэсіўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў.
  2. Недазволенай практыкай і грубым парушэннем правоў чалавека з’ўляюцца прывентыўныя затрыманні і вобшукi ў патэнцыйных удзельнікаў акцый, а таксама затрыманні, складанні пратаколаў і ўтрыманне пад вартай удзельнікаў і журналістаў пасля дэманстрацыі (каля 20 чалавек). Нагадваем, што беларускі урад часткова прыняў рэкамендацыю 129.90 у межах другога цыкла Універсальнага перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН у 2015 годзе, згодна з якой Рэспублікі Беларусь трэба “прыняць меры па недапушчэнні ўзяцця пад варту і пераследу мірных дэманстрантаў, а таксама жорсткага абыходжання з імі з боку міліцыі ў сувязі з ажыццяўленнем імі свайго права на свабоднае выказванне меркаванняў і свабоду сходаў і неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць усіх, хто быў затрыманы толькі за тое, што спрабаваў рэалізаваць гэтыя правы”.
  3. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных прыкмет у супрацоўнікаў у форме. Адсутнічае інфармацыя пра мэтазгоднасць прысутнасці міліцыі ў такім выглядзе, а немагчымасць ідэнтыфікаваць паграджае беспакаранасці супрацоўнікаў у выпадку канфліктаў, і дэзарыентуе арганізатараў і ўдзельнікаў адносна таго, да каго можна звярнуцца пры канфліктных сітуацыях.
  4. Звяртаем увагу, што згодна з Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўнымі прынцыпамі аховы правапарадку падчас публічных сходаў з’яўляюцца: валоданне інфармацыяй, садзейніцтва, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.
  5. Станоўчым фактарам з’яўляецца спрыянне супрацоўнікаў ДАІ бесперашкоднаму руху ўдзельнікаў мерапрыемства праз праезжую частку.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Праз СМІ і сацыяльныя сеткi стала вядома, што ў Воршы 12 сакавіка 2017 года рыхтуецца сход, інфармацыя пра які шырока агучвалася ў інтэрнете.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 2 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  1. Да пачатку акцыі, каля 12:40, на Цэнтральнай плошчы Воршы сабралося прыблізна 100 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі СМІ. Таксама на плошчы прысутнічала 30 супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку ў цывільнай вопратцы і шэсць супрацоўнікаў АМАПу. На плошчы, спрабуючы заглушыць выступоўцаў і сарваць мітынг, бесперапынна і гучна грала музыка.
  2. Акцыя пачалася ў 13:00. На плошчы звярнуўся да удзельнікаў з прамовай Павел Севярынец і іншыя актывісты.
    Выступоўцы патрабавалі адмяніць Дэкрэт №3, заяўлялі, што ён супярэчыць міжнародным нормам і Канстытуцыі. Заклікалі выйсці да народа старшыню райвыканкаму. Прысутнічала каля 500 удзельнікаў.

    marsh_orsha_spravazdacha_2.jpg

  3. Над плошчай, каля 13:25, зявіўся беспілотны лятальны апарат (дрон).
  4. У 13:30 натоўп выбудаваўся ў калону і рушыў па вул. Леніна, затым звярнуў на вул. Астроўскага. У калоне рушыла прыблізна 1000 чалавек. Супрацоўнікі ДАІ забяспечылі бесперашкодны рух праз пераскрыжаванні.
  5. Каля 13:45 дэманстранты спыніліся насупраць будынку Воршанскага раённага выканаучага камітэту і на яго прыступках пачалі мітынг.
    Да пратэстоўцаў выйшаў прадстаўнік райвыканкаму, ён звярнуў увагу на тое, што акцыя не была санкцыявана ўладамі і прапанаваў удзельнікам прайсці на размову ў яго кабінет.
    Удзельнікі засталіся на прыступках. Актывісты агучылі свае патрабаванні да уладаў, прагаласавалі за рэзалюцыю, прапанавалі ўладам правесці круглы стол. Потым дэманстратыўна парвалі паведамленне на уплату збора на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.
  6. А 14:00 мерапрыемства скончылася, удзельнікі пачалі разыходзіцца.
  7. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступную сымволіку: бел-чырвона-белы сцягI, бел-чырвона-белы сцяг з выявай герба “Пагоня”, сцяг прафсаюза работнікаў “Радыё-электроннай прамысловасці”.
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі лозунгі: “Жыве Беларусь!”, “Ганьба уладзе!”, “Не — дэкрэту № 3», «Верым, можам, пераможам!», «Нет декрету номер три – Лукашенко уходи!», “Нам не трэба твой дэкрэт, ты – галоўны дармаед!”, “Не бойцеся!”, “Уладу – народу!”, “Свабоду!”, “Салiдарнасць!”, “В отставку!”, “Далой халуёў!”.
  9. Перашкодаў працы СМІ і назіральнікаў не было, хуткая медыцынская дапамога адсутнічала.
  10. Па выніках стала вядома пра 20 затрыманых, у тым ліку журналістаў.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* спыніць практыку грубых затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць дабраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;

* спыніць практыку затрыманняў журналістаў, якія прысутнічаюць падчас масавага мерапрыемства для выканання сваіх прафесійных абавязкаў;

* у адпаведнасці з арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства