Зміцер Дашкевіч асуджаны да арышту на трое сутак Дапоўнена

2017 2017-03-10T16:33:00+0300 2017-03-10T23:16:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dashkievich_u_sudzie_10-03-17.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч

10 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска распачаўся суд над лідарам "Маладога фронту", абаронцам Курапатаў Зміцерам Дашкевічам, затрыманым пасярод дня людзьмі ў цывільным.   

Падтрымаць актывіста ў судзе сабраліся журналісты і грамадскія актывісты. Таксама ў суд прыбылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным на чале з начальнікам РУУС Савецкага раёна. 

На пачатку паседжання актывіст заявіў пра недавер суду і хадатайнічаў пра вядзенне працэсу па-беларуску, што было адхілена суддзём. Хадайніцтва наконт выкліку ў працэс асобаў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні Дашкевіча (сярод іх Яцута, Ларунчык, Таццяна Льняенка, Сідарук) таксама было адхілена. Да таго ж, суддзя забараніў журналістам весці відэаздымкі і аўдыёзапіс паседжання і адмовіўся праглядаць відэазапіс затрымання актывіста.  

Высветлілася, што на Дашкевіча складзена ажно пяць адміністратыўных пратаколаў. На азнаямленне з імі быў адведзены 30-хвілінны перапынак. 

Пасля перапынку ў судзе агучваліся эпізоды, па якіх складзены пратаколы на Зміцера Дашкевіча.

Пратакол, датаваны 2-м сакавіка, па артыкуле 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства" – за тое, што 24 лютага, падчас абароны Курапатаў, залез на трактар і стаяў пад каўшом, “чым праявіў непавагу да грамадства”.

Пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП, паводле якога актывіста вінавацяць у парушэнні артыкула 10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” – за пікетаванне 20 і 24 лютага, 3 сакавіка на вуліцы Мірашнічэнкі без дазволу Мінгарвыканкама.

Пратакол па артыкуле 23.4 КаАП “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў” – за тое, што падчас затрымання 10 сакавіка не падпарадкаваўся супрацоўніку АМАПа Яцуту, размахваў рукамі, сядаў на зямлю і крычаў.

Па пратаколах, якія тычыліся падзеяў у Курапатах, Зміцер Дашкевіч прызнаў свае дзеянні, але не віну. Ад тлумачэнняў па абставінах, якія тычацца пратаколаў за 20 і 24 лютага і 3 сакавіка, адмовіўся.

Як паведамляе TUT.by, сведкі з ліку супрацоўнікаў міліцыі патлумачылі на судзе, што сачылі за ўсім, што адбывалася падчас пратэстаў супраць будоўлі ў Курапатах. Адныя казалі, што не затрымлівалі Дашкевіча, "паколькі яго дзеянні не неслі вялікай пагрозы для грамадскага парадку". Іншыя сцвярджалі, што актывіст сваімі паводзінамі пагражаў жыццю і здароўю не толькі рабочых на пляцоўцы, але і свайму.

У выніку, актывіста асудзілі на трое сутак адміністратыўнага арышту па артыкуле 23.34, па артыкуле 17.1 суддзя прыняў рашэнне яго апраўдаць. Сам Дашкевіч заявіў, што чакаў атрымаць большы тэрмін арышту. На волю ён выйдзе ў панядзелак, 13 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства