«Мір і правы чалавека ў часы міжнароднай нестабільнасці і нарастаючага папулізму»

2017 2017-03-03T16:32:40+0300 2017-03-03T16:34:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/danuta_przywara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Данута Пшывара, кіраўніца польскага Хельсінкскага фонду па правах чалавека. Фота з Твітэр акаўнта HFHR

Данута Пшывара, кіраўніца польскага Хельсінкскага фонду па правах чалавека. Фота з Твітэр акаўнта HFHR

Данута Пшывара, кіраўніца польскага Хельсінкскага фонду па правах чалавека, у сваім выступе 1 сакавіка ў рамках 34-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, ад імя ўсіх праваабаронцаў заклікала ААН і лідэраў дзяржаў-удзельніц да прыхільнасці правам чалавека.

Хельсінкскі фонд па правах чалавека распаўсюдзіў тэкст выступу Дануты Пшывары:

«Мір і правы чалавека ў часы міжнароднай нестабільнасці і нарастаючага папулізму»

Сп. Старшыня,

Ідэя пра тое, што мы ніколі больш не будзем ваяваць адзін з адным, як прапісана ў Артыкуле 2 Статута ААН, патрабуе сапраўднай прыхільнасці прынцыпу адказнасці ўсіх дзяржаў і іх лідэраў у тых выпадках, калі яны падвяргаюць мір пагрозе, спрыяючы распаўсюду расізму, дыскрымінацыі, сегрэгацыі людзей, калі праводзяць лініі паміж «намі» і «астатнімі», калі ўзводзяць сцены замест таго, каб будаваць справядлівае грамадства.

Усё тое, чаму мы сказалі «ніколі больш».

Мы, як абаронцы правоў чалавека, не верым у тое, што людзі могуць знаходзіцца побач з пакутамі без суперажывання. Людзі сказалі «ніколі больш» і іх мэтай быў трывалы мір.

Сп. Старшыня,

Тое, што мы зараз назіраем, гэта часы, калі людзі, у чыіх руках знаходзіцца выканаўчая ўлада, часта мяркуюць, што іншыя павінны ім падпарадкоўвацца; часы, калі да суддзі можна звяртацца як да «так званага», калі пастанова канстытуцыйнага суда расцэньваецца як «асабістае меркаванне суддзяў».

У цяперашнім глабальным дыскурсе факты саступаюць месца страху, перадузятым поглядам і «пост-праўдзе».

Мы жывем у часы, калі людзі, якія маюць уладу, у тым ліку і ў краінах - удзельніцах гэтага Савета, вераць, быццам бы абарона правоў чалавека прыраўноўваецца да здрады, вераць, што прытрымліванне справядлівасці з'яўляецца спробай звяржэння ўлады. Мы, як абаронцы правоў чалавека, сутыкаемся з пагрозамі, якіх не бачылі ўжо столькі гадоў.

Урады па ўсім свеце, многія з якіх прысутнічаюць у гэтай зале, спрабуюць падганяць Дзяржаву да свайго палітычнага курсу замест таго, каб падладжваць сваю палітыку пад абавязальніцтвы дзяржавы ў дачыненні да правоў чалавека. Дэмакратычна абраныя ўрады выкарыстоўваюць большасць, якая абрала іх, для прыцяснення правоў меншасцяў, дазваляюць людзям паміраць на межах, дэмантуюць апоры дэмакратыі, дзякуючы якім яны самі прыйшлі да ўлады. І ўсё гэта апраўдваецца воляй людзей.

Сп. Старшыня,

Вяршэнства права, замацаванае ў нашых канстытуцыях, павінна было б бараніць правы грамадзянаў ад замахаў з боку ўрадаў. Стрымліванне і процівагі павінны былі абараніць нас ад вяртання да аўтарытарызму. Павага да судовай улады, яе незалежнасць і яе рашэнні павінны былі стаць эфектыўным механізмам абароны правоў чалавека. Правы чалавека з'яўляюцца трэцяй неабходнай апорай для трывалага міру.  

Мы, абаронцы правоў чалавека, выступаем за ўсе правы чалавека для ўсіх. Мы не спыняем аказваць ціск на ўрады, каб яны кіраваліся сваімі абавязальніцтвамі па забеспячэнні правоў чалавека. І мы ніколі не будзем цярплівыя да таго, што большасць, мяркуючы, што робіць дабро для сябе, магла парушаць, шкодзіць альбо абмяжоўваць правы астатніх чальцоў грамадства. У адваротным выпадку, мы станем сведкамі паступовага знікнення свабодаў, што з'яўляецца найбольш хуткім шляхам да канфліктаў, гвалту і вайны.

Мы заклікаем лідэраў Дзяржаваў, а таксама Арганізацыю Аб'яднаных Нацый далучыцца да нашых намаганняў па аб'яднанні вакол ідэалаў салідарнасці, справядлівасці і вяршэнства права, а таксама прытрымлівацца абавязальніцтваў па абароне правоў чалавека, на ўмацаванне якіх нам спатрэбілася столькі гадоў. Пакуль магчымая палітыка, арыентаваная на вяршэнства права і правы чалавека, магчымы і глабальны мір.


Кіраўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека Данута Пшывара была адной з чатырох прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія выступалі на адкрыцці 34-й сесіі СПЧ ААН. Пералічваючы трывожныя глабальныя тэндэнцыі, яна зазначыла, што гэта таксама тычацца і яе роднай Польшчы. Толькі за апошні год польскія ўлады прынялі законы, які абмяжоўваюць свабоду СМІ і павялічваюць паўнамоцтвы спецслужбаў. Таксама палітычная барацьба, якая разгарнулася ў краіне, фактычна паралізавала працу Канстытуцыйнага Суда. А пасля хвалі масавых пратэстаў, звязаных з прапановай аб поўнай забароне абортаў, у Польшчы загучалі заклікі да абмежавання права на свабоду мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства