Суд па пераводзе Міхаіла Жамчужнага ў турму працягнецца 23 сакавіка Дапоўнена

2017 2017-03-02T16:35:00+0300 2017-03-02T15:55:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kalonia-14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Папраўчая калонія №14

Папраўчая калонія №14

Сёння ў суддзе Барысаўскага раёна разглядаецца справа па накіраванні заснавальніка “Платформ інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калоніі №14 ў турму.

Справу па змене рэжыму ўтрымання для палітвязня ініцыявала адміністрацыя папраўчай калоніі, дзе адбывае пакаранне Міхаіл Жамчужны. Падставаю паслужылі спагнанні, якія былі вынесеныя Жамчужнаму нібыта за розныя парушэнні, якія ён здзейсніў пад час адбыцця пакарання, у тым ліку змяшчэнне яго ў ШІЗА і ПКТ.

Судовы працэс праходзіць на тэрыторыі калоніі №14, дзе ён адбывае пакаранне. Суддзя – Яўген Манышаў.

Своечасова пісьмовыя заявы адносна магчымасці прысутнічаць на судовым паседжанні накіравалі ў суд Барысаўскага раёна праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Павел Сапелка і Таццяна Рэвяка. Не дачакаўшыся  пісьмовага адказу, Таццяна Рэвяка 1 сакавіка датэлефанавалася да суда. Сакратар адказала, што ёй адмоўлена ў праве прысутнічаць на судовым працэсе, спаслаўшыся на тую акалічнасць, што трэба, маўляў, звяртацца за дазволам у Дэпартамент выканання пакарання.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які зараз знаходзіцца ў Барысаўскім раёне, не хавае свайго абурэння:

– Аргумент суддзі пра зварот за дазволам у Дэпартамент выканання пакаранняў – беспадстаўны і незаконны. Толькі суддзя вызначае парадак вядзення судовага працэсу і забяспечвае прынцып галоснасці і адкрытасці. А прычыны, каб рабіць такім чынам працэс закрытым, адсутнічаюць. Таму будзем абавязкова абскарджваць рашэнне суддзі, як незаконнае, якое парушае артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і пастанову Пленума Вярхоўнага суду ад 2016 года.

Дарэчы, у траўні 2015 года юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка ў аналагічнай сітуацыі звяртаўся ў Вярхоўны суд Беларусі для атрымання тлумачэння парадку доступу грамадзян у выязныя судовыя пасяджэнні на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі. Падставай паслужыў выпадак, калі некалькі праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і журналістаў паспрабавалі патрапіць у судовае пасяджэнне суда Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, дзе вырашалася аналагічнае пытанне аб пераводзе палітвязня М. Статкевіча ў турму.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда адказаў юрысту наступнае:

"Пры гэтым звяртаю Вашу ўвагу, што ў адпаведнасці з арт. 281 КПК рашэнне пытанняў пра месца і час судовага разбору, арганізацыі судовага пасяджэння адносіцца да выключнай кампетэнцыі суддзі, у вытворчасці якога знаходзіцца справа. Рашэнне аб ўваходзе на тэрыторыю ВК № 17, установы са спэцыяльным прапускным рэжымам, прымаецца начальнікам дадзенай установы. Довады аб невыкананні судом палажэнняў ч.1 арт. 287 КПК неабгрунтаваныя. Разгляд прадстаўлення праходзіў ў адкрытым судовым пасяджэнні".

Суддзя разгледзеўшы хадайніцтвы Міхаіла Жамчужнага прыняў рашэнне перанесці судовае паседжанне на 23 сакавіка, паколькі не ўсе скаргі палітвязня на вынесеныя адміністрацыяй калоніі спагнанні, разгледжаны у судовым парадку.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства