Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2017

2017 2017-03-02T13:46:43+0300 2017-03-03T11:42:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_liuty_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу лютага не адбылося ніякіх сістэмных зменаў, якія б дэманстравалі імкненне ўладаў Беларусі да якаснага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека;

- у месцах пазбаўлення волі працягвае знаходзіцца М. Жамчужны, асуджэнне якога было прызнана праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычна матываваным, а сам ён — палітычным зняволеным;

- 9 лютага суд Ленінскага р-на г. Магілёва прыняў рашэнне аб накіраванні матэрыялаў крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) у дачыненні да праваабаронцы А. Бандарэнкі, у пракуратуру для ліквідацыі недахопаў расследавання. Праваабаронцы звязваюць крымінальны пераслед А. Бандарэнкі па арт. 411 КК з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю і, у выпадку яго асуджэння, гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным;

- 17 і 19 лютага ў Менску, Магілёве, Гомелі і Гродне, а 26 лютага ў Віцебску, Брэсце, Баранавічах і Бабруйску прайшлі масавыя акцыі пратэсту грамадзян супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3, які абавязаў некаторыя катэгорыі непрацуючых грамадзян да выплаты спецыяльнага збору па кампенсацыі расходаў дзяржавы ў сацыяльнай сферы. У выпадку нявыплаты такога збору грамадзяне падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку, у выглядзе адміністрацыйнага арышту з абавязковым прыцягненнем да працы;

- улады не перашкаджалі правядзенню гэтых сходаў, нягледзячы на іх несанкцыянаваны характар: удзельнікі сходаў у большасці выпадкаў не затрымліваліся. Аднак пазней стала вядома, што некаторыя актыўныя ўдзельнікі дадзеных сходаў выклікаліся ў органы МУС у мэтах далейшага прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці;

- 6 лютага ў Еўрапарламенце адбыліся слуханні па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі ПЦ “Вясна” В. Стэфановіч, А. Палуда, а таксама Любоў Кавалёва, маці расстралянага па прысудзе суда Уладзіслава Кавалёва.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Прызначаная дата суда па змене рэжыму ўтрымання заснавальніка “Платформы інавейшн” Міхаіла Жамчужнага і пераводу яго з папраўчай калоніі № 14 у турму. Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, судовае пасяджэнне суда Барысаўскага раёна па змене рэжыму ўтрымання палітвязня адбудзецца 2 сакавіка.

У канцы студзеня адміністрацыя папраўчай калоніі № 14 у Навасадах прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны тэрмінам на тры гады. Падставай паслужылі спагнанні, вынесеныя Жамчужнаму нібыта за розныя парушэнні, якія ён здзейсніў падчас адбыцця пакарання, у тым ліку змяшчэнне яго ў СІЗА і ПКТ.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Смяротнае пакаранне

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адмена смяротнай кары або ўвядзенне мараторыя на яе прымяненне залежаць не ад яго, хоць і маглі б станоўча адбіцца на яго іміджы, паведамляе БелаПАН.

“Я не маю права адмяніць смяротнае пакаранне або накласці мараторый на яго прымяненне”, — сказаў ён. “У нас прайшоў рэферэндум, я праз людзей пераступіць не магу. Калі б яго не было, я б неяк пра гэта мог падумаць”.

Справа жыхара Мазыра Кірыла Казачка, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання Гомельскім абласным судом 28 снежня 2016 года, не будзе разглядацца ў апеляцыйным парадку судом другой інстанцыі. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда пасля сустрэчы са сваякамі асуджанага.

Пасля вынясення прысуду адвакат Кірыла Казачка звярнуўся з апеляцыйнай скаргай у Вярхоўны Суд Беларусі, і Гомельскі абласны суд падрыхтаваў матэрыялы справы для прадастаўлення калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда. Паводле інфармацыі праваабаронцы, разгляд справы Казачка судом другой інстанцыі быў прызначаны на 21 сакавіка бягучага года. Аднак, як стала вядома, асуджаны адмовіўся ад абскарджання і напісаў адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду.

Прысуд, такім чынам, рыхтуецца да прывядзення ў выкананне, і Кірыл Казачок будзе этапаваны з Гомеля ў Менскае СІЗА № 1, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя ў чаканні растрэлу.

Тым часам, у межах тэрміновай акцыі праваабарончай арганізацыі Amnesty International з розных еўрапейскіх краін, такіх як Францыя, Германія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, працягваюць прыходзіць звароты на імя прэзідэнта Беларусі з заклікам “неадкладна замяніць смяротны прысуд Кірылу Казачку і ўсім асуджаным да смяротнага пакарання ў Беларусі” і “ўвесці неадкладны мараторый на прывядзенне прысудаў у выкананне з мэтай адмены смяротнай кары”.

6 лютага ў Еўрапейскім парламенце адбыліся слуханні па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Перад парламентарыямі выступілі прадстаўнікі ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда, а таксама Любоў Кавалёва, маці расстралянага па прысудзе суда Уладзіслава Кавалёва.

Ціск на праваабаронцаў

9 лютага ў судзе Ленінскага р-на г. Магілёва прайшло судовае пасяджэнне па крымінальнай справе, узбуджанай ў адносінах да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў магілёўскай турме № 4. У сувязі з працэсуальнымі недахопамі пры правядзенні папярэдняга следства, суддзя І. Ланчава прыняла рашэнне аб вяртанні матэрыялаў справы ў пракуратуру для ліквідацыі недахопаў.

Абвінавачванне было прад’яўленае Андрэю Бандарэнку 11 студзеня, а праз тыдзень матэрыялы справы пракуратура г. Магілёва накіравала ў суд. Падставай для крымінальнага пераследу Бандарэнкі сталі шматлікія парушэнні правілаў рэжыму ўтрымання і факты непадпарадкавання, якія нібыта мелі месца.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч. 2 арт. 411 КК РБ, праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным вязнем.

Распаўсюджаны зварот арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь “Аб падтрымцы хадайніцтва праваабаронцы Алены Танкачовай аб скарачэнні тэрміну высылкі”: 21 лютага 2017 г. старшыня Праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова накіравала хадайніцтва аб скарачэнні тэрміну забароны яе ўезду ў Рэспубліку Беларусь і выключэнні яе са спісу асобаў, якім забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь. Паводле інфармацыі lawtrend.org, гэта трэцяя спроба праваабаронцы дамагчыся скарачэння тэрміну яе высылкі. 6 студзеня 2016 г. і 5 кастрычніка 2016 г. яна ўжо звярталася з падобнымі хадайніцтвамі і атрымала адмовы.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

Жанна Пцічкіна, маці загінулага ў мінскім СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна, атрымала адказ на сваю паўторную скаргу ў пракуратуру Маскоўскага раёна г. Менска. Жанчына прасіла перагледзець пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў у перыяд знаходжання яе сына ў СІЗА-1 г. Менска, які неўзабаве памёр у выніку неналежнага аказання медыцынскай дапамогі. З адказу намесніка пракурора Маскоўскага раёна І. Жыбуля вынікае, што пастанова старэйшага ўчастковага інспектара Маскоўскага РУУС Д. Кротава адмененая, паколькі падчас праверкі не былі прынятыя належныя меры па поўным і ўсебаковым даследаванні абставінаў смерці асуджанага; матэрыялы накіраваныя начальніку УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна для арганізацыі дадатковай праверкі.

9 студзеня пракуратура па горадзе Менску пастанавіла распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўніка ўпраўлення ўнутраных спраў па ч. 1 арт. 426 Крымінальнага кодэкса па скарзе Дзмітрыя Серады, збітага падчас затрымання супрацоўнікамі міліцыі, а вынесеную раней адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы — адмяніць. Аднак рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы было неадкладна адменена Генеральнай пракуратурай, а следчы Следчага камітэта 6 лютага ў чарговы раз вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Пастанова зноў абскарджаная збітым доктарам.

Парушэнне права на мірныя сходы

На актывістаў, якія арганізавалі збор подпісаў супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, складзеныя пратаколы; справа па меншай меры аднаго актывіста разгледжана суддзёй, які прызнаў яго вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні.

У другой палове лютага па Беларусі пракацілася хваля мірных сходаў супраць названага дэкрэта: 17 лютага 2017 года ў Менску праходзіла акцыя “Марш абураных беларусаў”; 19 лютага акцыя “Марш недармаедаў” адбылася ў Гомелі; у гэты ж дзень адбыліся шэсце і мітынг у Магілёве; акцыі супраць Дэкрэта № 3 прайшлі ў нядзелю, 26 лютага, у Бабруйску, Баранавічах, Брэсце і Віцебску.

Ва ўсіх выпадках мірныя сходы не спыняліся і ня разганяліся ўладамі; аднак ужо цяпер вядома пра шматлікія пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, складзеныя ў дачыненні да актыўных удзельнікаў мітынгаў у Гомелі, Гродна, Магілёве і Менску. У Віцебску былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў мітынгу; сярод іх — непаўналетнія.

Пры гэтым раней улады адмовілі дэмакратычнай кааліцыі Магілёва ў правядзенні 19 лютага ў горадзе “Маршу недармаедаў”; падставай для гэтага стала тое, што заяўленае месца правядзення маршу з пачаткам у цэнтры горада не супадае з месцамі, адведзенымі для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве. Гэта не першы выпадак, калі ўлады не дазваляюць правядзенне акцый супраць Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Так, 13 лютага Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзенні масавага мерапрыемства 19 лютага 2017 года ў выглядзе дэманстрацыі “Марш недармаедаў”. А ў Віцебску ўлады забаранілі праваабаронцу Леаніду Свеціку правесці 15 лютага пікет, падчас якога ён планаваў растлумачыць палажэнні Дэкрэта. Серыя пікетаў супраць Дэкрэта № 3, заяўкі на які падалі прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзянскія актывісты, таксама была забароненая ў г. Брэсце.

Раніцай 20 лютага актывісты моладзевай арганізацыі «Малады фронт» усталявалі палатку каля ўрочышча Курапаты, каб перашкодзіць будаўніцтву новага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Менскай кальцавой дарогі.

Як паведаміў БелаПАН адзін з лідэраў МФ Зміцер Дашкевіч, пікетаваць будоўлю было вырашана, паколькі праект бізнес-цэнтра парушае ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца масавага пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”.

Ужо ў ноч з 22 на 23 лютага пікетоўцы падвергліся нападу групы колькасцю ад 15 да 20 чалавек: па звестках «Радыё Свабода», невядомыя былі ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі. Нападаючыя лаяліся, выкрыквалі «Слава Расіі» і «Белая раса». Невядомыя разбурылі палатку, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым быў паранены Аляксандр Кіркевіч, яго ўдарылі бітай. Юрый Лукашэвіч пасля выхаду з РАУС звярнуўся ў бальніцу.

23 лютага з шасці раніцы Алег Дашкевіч, Аляксей Клюшнічэнка і Юрый Лукашэвіч на працягу шасці гадзінаў беспаспяхова спрабавалі падаць адпаведную заяву ў міліцыю, аднак там нечакана супрацоўнікі міліцыі сталі настойваць на відэазапісе працэсу; заявы аб начным нападзе без відэазапісу міліцыянты прымаць адмовіліся. Яшчэ праз некаторы час маёр Кесель паведаміў актывістам, што на ўсіх траіх складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Міліцыянты патрабавалі падпісаць пратаколы і нагадалі пра адказнасць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. У выніку актывісты падпісалі пратаколы, але пазначылі, што не згодныя з імі. У 12.20 яны выйшлі з пастарунку, так і не напісаўшы заявы аб нападзе.

Алег Дашкевіч і Аляксей Клюшнічэнка з дапамогай ПЦ “Вясна” звярнуліся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС з просьбай правесці праверку дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі гарадскога аддзела Савецкага РАУС Менска.

Нягледзячы на часовае спыненне работ, супрацьстаянне працягваецца; актывісты працягваюць пікетаванне будоўлі.

Парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў. Прымусовая праца

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта па факце прымусовай працы работнікаў прадпрыемстваў і навучэнцаў установаў адукацыі ў жніўні 2016 года.

У сваёй заяве Валянцін Стэфановіч прасіў правесці праверку наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях старшыні Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнаўца, які выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям Маладзечанскага раёна ва ўборцы бульбы ўраджаю 2016 года”. Згодна з ім, кіраўнікам арганізацый рэкамендавалася аказаць дапамогу з 5 па 30 верасня 2016 г. ААТ “Усход-Агра”, ААТ “Палачаны” і сельгаспрадпрыемству “Хожаваагра-2009”.

Стэфановіч таксама прасіў правесці праверку наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама І. Драпеза, якая на падставе распараджэння выдала загад, згодна з якім кіраўнікам дзесяці ўстановаў адукацыі неабходна было накіраваць у прадпрыемства “Усход-Агра” працаўнікоў і вучняў толькі 10-х класаў на ўборку бульбы.

Менавіта ў выкананне гэтага дакумента былі прынятыя адпаведныя загады дырэктарамі сярэдніх школ, у тым ліку дырэктарам школы № 11, аб накіраванні навучэнцаў 8-11 класаў на ўборку бульбы ў вучэбны час. У выніку, адна з вучаніц 8-га класа дадзенай школы, Вікторыя Папчэня, загінула падчас працы на полі.

Па рашэнні следчага па асабліва важных справах следчага ўпраўлення СК па Менскай вобласці заяву В. Стэфановіча была далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы, узбуджанай па дадзеных падзеях у дачыненні да двух настаўнікаў школы № 11, а не разгледжаная па сутнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь.

23 лютага праваабаронцу Валянціна Стэфановіча дапыталі ў якасці сведкі па гэтай крымінальнай справе. Рашэнне следчага было абскарджана Стэфановічам начальніку УСК па Менскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства