viasna on patreon

Паляванне на Кабанава па-бярозаўску Дапоўнена

2017 2017-03-02T13:59:00+0300 2017-03-02T15:00:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabanau-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманне Аляксандра Кабанава ў Бярозе.

Затрыманне Аляксандра Кабанава ў Бярозе.

Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельніка збору подпісаў супраць падатка на дармаедства Аляксандра Кабанава раніцай 2 сакавіка затрымалі і адвезлі ў аддзяленне міліцыі Бярозы. У сацыяльных сетках пішуць:

“Сёння, каля пад'езду дома, дзе пражывае Саша, з раніцы ўжо дзяжурыў падазроны малады чалавек і машына міліцыі. Як толькі Кабанаў з'явіўся на вуліцы, "дзяжурны" пачаў адкрыта прыставіць ў фармаце "дай закурыць". Каб пазбегнуць правакацыі Кабанаў звярнуўся да супрацоўнікаў міліцыі ў машыне і выйшаў на праезную частку. Адным словам, зараз Аляксандра Кабанава вязуць у пастарунак горада Бярозы. Відавочна, што ўсё гэта звязана са спробай паралізаваць падрыхтоўку да Маршу недармаедаў у Брэсце ў нядзелю 5 сакавіка”.

Аднак зараз высвятляецца, што пасля гэтага затрымання міліцыя ўчыніла сапраўднае паляванне на актывіста. Паведамляюць мясцовыя праваабаронцы:

"Затрымалі Кабанава нібыта за парушэнне дарожнага руху. Праз паўтары гадзіны адпусцілі пасля таго, як ўзялі тлумачальную, чаму ён аказася на праезджай частцы, хаця міліцыя бачыла, чаму. Праз паўтары гадзіны актывіста адпусцілі. Кабанаў прыйшоў да праваабаронцы і журналісткі Тамары Шчапёткінай. У 9. 55 яны выйшлі разам з пад’езда дома, дзе жыве Шчапёткіна, каб ехаць у Івацэвіцкі райвыканкам. Але Кабанава ізноў чакала міліцыя. На словы Шчапёткінай, чаму забіраеце, міліцыянт адказаў: “Загад начальніка. Ён хоча з Кабанавым паразмаўляць”

Сувязі з Кабанавым не стала адразу, калі той сеў у аўтамабіль. Зараз Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў кабінеце ўчастковага інспектара, капітана Скробата.

У 11 раніцы Кабанаў павінен быў з групай людзей занесці копіі подпісаў супраць Дэкрэта №3 у Івацэвіцкі райвыканкам. 

Па стане на 13-40 месцазнаходжанне Аляксандра Кабанава невядомае. Ягоны тэлефон не адказвае, а супрацоўнікі Бярозаўскага РАУСа адмаўляюцца даваць інфармацыю.

У другой палове дня стала вядома, што Аляксандра Кабанава завезлі ў суд, каб разгледзець пратакол правапарушэння, складзены нібыта за дробнае хуліганства па арт. 17.1 КаАП, але ён запрасіў адваката. Суд прыняў хадайніцтва і паседжанне назначылі на 9 сакавіка. Яго адпусцілі, бо мае павестку на заўтра на складанне пратакола ў судзе Ленінскага раёна Берасця.

Раней на Кабанава быў складзены пратакол апытання. Паводле пратакола, ён арганізаваў марш недармаедаў у Берасці 26 лютага і прымаў у ім удзел. Яму ўручылі позву на нядзелю, 5 сакавіка. Аднак, як бачна, вырашылі разабрацца з актывістам хутчэй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства