Валянціна Стэфановіча дапыталі як сведку па справе аб гібелі вучаніцы на прыборцы бульбы

2017 2017-02-23T13:26:53+0300 2017-02-23T15:35:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

23 лютага праваабаронцу Валянціна Стэфановіча дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да двух супрацоўнікаў школы №11 г. Маладзечна па факце смерці вучаніцы 8-га класа Вікторыі Папчэні падчас прыборкі бульбы.

“Такі допыт мяне моцна здзівіў, бо я не згодны з такім сваім працэсуальным статусам. Я не з’яўляюся сведкам па гэтай справе і не магу па ёй нічога сказаць, я там не прысутнічаў. І ў заяве, якую я падаваў у Следчы камітэт, прасіў правесці праверку на наяўнасць складу службовага злачынства ў дзеяннях службовых асобаў маладзечанскага райвыканкама, у прыватнасці старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі І. Драпезы, якія выдавалі адпаведныя распараджэнні аб накіраванні на працу па прыборцы бульбы грамадзянаў – супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў раёна і навучальных установаў, у тым ліку непаўнагадовых школьнікаў. А заяву далучылі да матэрыялаў зусім іншай справы, узбуджанай па зусім іншаму складу злачынства і ў дачыненні да іншых асобаў”, - распавёў Валянцін Стэфановіч.

Ён падкрэсліў, што ўжо падаў скаргу на імя начальніка УСК па Мінскай вобласці, у якой запатрабаваў, каб заява была разгледжана ў парадку арт. 174 КПК, у выніку чаго было б прынятае адно з адпаведных рашэнняў: аб узбуджэнні крымінальнай справы, аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аб перадачы заявы па падследнасці ці аб спыненні праверкі і растлумачэнні заяўніку права ўзбудзіць крымінальную справу прыватнага абвінавачвання ў судзе. Акрамя таго, прызнаць дзеянні начальніка Маладзечанскага раённага аддзелу Следчага камітэту П.П. Варачкова і следчага па асабліва важных справах следчага ўпраўлення А.В. Валасяна, па рашэнні якіх заява праваабронцы была далучана да крымінальнай справы па факце гібелі В. Папчэні, незаконнымі.

“Хацелася б верыць, што ў рэшце рэшт будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама, таму што падобныя распараджэнні выканкамаў носяць сістэмны і сістэматычны характар і з’яўляюцца адным з вялікіх элементаў сістэмы прымусовай працы ў нашай краіне: калі супрацоўнікаў прадпрыемстваў накіроўваюць на сельска-гаспадарчыя працы, якія зусім не абумоўленыя іх працоўнымі дамовамі і абавязкамі”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, заяву Валянціна Стэфановіча аб прымусовай працы працаўнікоў прадпрыемстваў і навучэнцаў установаў адукацыі ў жніўні 2016 года Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта перанакіраваў ва Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці для далучэння яе да крымінальнай справы, узбуджанай па факце гібелі школьніцы Вікторыі Папчэні падчас прыборкі бульбы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства