Берасцейскія ўлады таксама спужаліся „дармаедаў”

2017 2017-02-15T15:55:26+0300 2017-02-15T15:55:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vuek-uladzimir-brest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек

Берасцейскі гарвыканкам забараніў усе заяўленыя пікеты супраць дэкрэта „аб дармаедстве”. Пра гэта паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Як паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, 18 лютага ў розных частках горада планавалася правядзенне 26 пікетаў. Заяўкі на іх правядзенне падавалі мясцовыя актывісты АГП, Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” і іншыя актыўныя грамадзяне. Мэта акцый — прыцягнуць увагу да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу непрацоўных грамадзян, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага характару дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

У кожным пікеце планаваўся ўдзел да 20 чалавек. Вызначалася, што першы пачнецца а дзявятай гадзіне раніцы, апошні завершыцца а восьмай вечара. Працягласць акцый — ад адной гадзіны да паўтары гадзіны. Паводле слоў Вуека, чатыры пікеты (па два ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і на стадыёне „Лакаматыў”) улады забаранілі, матывуючы тым, што заяўнікі не заключылі з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам адпаведныя дагаворы на абслугоўванне. Астатнія пікеты не дазволеныя, бо месцы, у якіх яны планаваліся, не вызначаныя ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Чарговым разам парушаныя нашы правы на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання. А яшчэ ўлады баяцца гэтых пікетаў, бо хваля пратэсту супраць дэкрэта № 3 на сённяшні дзень імкліва расце. Заяўнікі акцый плануюць правесці сустрэчу, на якой абмяркуюць далейшыя крокі кампаніі за адмену гэтага дэкрэта”, — заявіў Вуек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства