Міхаіл Жамчужны: Праз тыдзень-два чакаю суду па адпраўцы мяне ў турму

2017 2017-02-10T13:53:15+0300 2017-02-10T15:44:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 у Навасадах, чакае суду па змене рэжыму ўтрымання цягам бліжэйшых тыдня–двух. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка.

“Суд па адпраўцы мяне ў турму, хутчэй за ўсё Гродзенскую, чакаю цягам тыдня-двух. Загадзя рыхтую свой выступ і касацыйную скаргу на змяшчэнне ў турму ў пісьмовым выглядзе. Мяркую, што гэты суд будзе сумешчаны з судом па паўторным разглядзе першага спагнання”, – піша палітвязень.

Спагнанне, вынесенае за нібыта самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі Міхаіл Жамчужны абскардзіў у судзе Барысаўскага раёна, аднак у задавальненні скаргі яму было адмоўлена. Не пагадзіўшыся з такім рашэннем, Жамчужны звярнуўся з касацыйнай скаргай у Мінскі абласны суд, які 12 студзеня адмяніў судовае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд.

Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе аб рэакцыі кіраўніцтва калоніі на інфармацыю аб прызначэнні пазачарговых дзяжурстваў, дасланую ім праваабаронцам:

“Начальнік рэжымнага аддзела Шэдко на ранішняй праверцы быў крайне незадаволены маёй крытыкай бесперапынных святочных дзяжурстваў. Паказаў журнал дзяжурстваў, які, зразумела, быў запоўнены правільна, праз 3 дзяжурствы – чацвертае маё. Але запоўнены ён адным і тым жа каліграфічным почыркам, што не стыкуецца з штодзённай зменай кантралёраў. Але самае галоўнае – сукамернікі падцвердзілі факт маіх дзяжурстваў па-за чаргой”.

Раней праваабаронцы са словаў Жамчужнага паведамлялі  аб тым, што ў дачыненні да яго адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае перадузятае стаўленне, прызначаючы дзяжурствы па некалькі дзён запар без аніякіх на тое падставаў (пазачарговае дзяжурства лічыцца своесаблівым спагнаннем зняволенаму). Так, у першай палове студзеня пазачарговыя дзяжурствы яму былі прызначаныя 5, 7 і 8 студзеня. Пры гэтым, у камеры знаходзяцца некалькі зняволеных, і дзяжурствы, як правіла, размяркоўваюцца па чарзе.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства