У Магілёве абмеркавалі будучы кодэкс дзейнасці праваабаронцаў

2017 2017-02-10T09:13:20+0300 2017-02-10T09:33:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magileu-2017-kodeks.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абмеркаванне праекта   кодэкса дзейнасці праваабаронцаў у Магілёве. Фота: mspring.online

Абмеркаванне праекта кодэкса дзейнасці праваабаронцаў у Магілёве. Фота: mspring.online

Прадстаўнікі Беларускага дакументацыйнага цэнтра і Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Уладзімір Яворскі 9 лютага прадставілі магілёўскім праваабаронцам варыянт магчымага кодэкса. Па словах гасцей, дакумент неабходны, каб пазбегнуць супярэчнасцяў паміж людзьмі, уцягнутых у сферу абароны правоў чалавека.

Як паведамляе “Магілёўская Вясна”, Раіса Міхайлоўская спынілася на асноўных прынцыпах, якія прапануецца ўнесці ў кодэкс. Сярод іх: прыхільнасць універсальнасці правоў чалавека, адкрытасць, празрыстасць і аб’ектыўнасць, бясплатная дапамога, некамерцыйны характар дзейнасці і іншыя.

Палеміку выклікала пытанне аб тым, ці можа праваабаронца адначасова займацца палітычнай дзейнасцю:

– У вялікіх гарадах з гэтым прасцей, але ў маленькіх райцэнтрах адзін і той жа чалавек часцяком з’яўляецца членам некалькіх арганізацый, у тым ліку праваабарончай, палітычнай ці грамадскай. І не толькі па-свайму жаданні – у такой мясцовасці проста ніхто не хоча больш падобным займацца, – заўважыў праваабаронца і журналіст з Крычава Сяргей Няроўны.

Сябра партыі БСДП (Грамада) і праваабаронца Алена Барысава сказала, што палітычныя партыі часта маюць агульныя мэты з праваабарончай супольнасцю. Паводле яе слоў, да таго часу, пакуль партыя ці грамадскі рух не прыйшлі да ўлады, яны могуць выконваць, у тым ліку, і функцыі абароны правоў чалавека. У выніку спрэчкі ўдзельнікі мерапрыемства сышліся на тым, што адзін і той жа чалавек можа знаходзіцца ў розных арганізацыях, але не можа адначасова займаць у іх кіруючыя пасады.

Дыскусійным выйшла пытанне аказання дапамогі людзям, якія не падзяляюць агульныя прынцыпы правоў чалавека.

– Часам за дапамогай звяртаецца чалавек, які стаіць на пазіцыях, зусім адрозных ад праваабарончых. І мы дапамагаем яму, улічваючы ўніверсальнасць правоў чалавека. Аднак дзе гарантыя, што гэты чалавек не зробіць заўтра брыдоту? – выказаўся магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

Абмеркаванне праблемы выйшла бурлівае. 

У наступныя тры гадзіны праваабаронцы паспелі агаварыць дзясяткі пунктаў. Па выніках было прынята рашэнне ўнесці некаторыя змены ў тэкст патэнцыйнага кодэкса, пасля чаго ўсе ўдзельнікі сустрэчы зноў змогуць з ім азнаёміцца.

Магілёў стаў другім абласным цэнтрам, дзе прайшла такая сустрэча. Раней Тацяна Агеева, Раіса Міхайлоўская і Уладзімір Яворскі паспелі абмеркаваць этычныя прынцыпы працы праваабаронцаў з гомельскімі калегамі. Наступным горадам пасля Магілёва стане Віцебск.

Сустрэча ў Магілёве прайшла пры садзейнічанні магілёўскага аддзялення ПЦ "Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства