Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2017

2017 2017-02-05T19:47:49+0300 2017-02-07T13:28:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_studzen_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу студзеня не адбылося ніякіх сістэмных зменаў, якія б дэманстравалі імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;

- на пачатак 2017 года ў месцах прымусовага ўтрымання працягвалі знаходзіцца М. Жамчужны і А. Лапіцкі, асуджэнне якіх было прызнана праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычна матываваным, а названыя грамадзяне — палітычнымі вязнямі;

- 11 студзеня праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Праваабаронцы звязваюць крымінальны пераслед А. Бандарэнкі паводле арт. 411 КК з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю і ў выпадку яго асуджэння гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным;

- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі канфіскацыі і арышту асабістай маёмасці грамадзянаў у сувязі з запазычанасцю па выплаце адміністрацыйных штрафаў, накладзеных за ўдзел у мірных сходах. Праваабаронцы расцэньваюць дадзеныя выпадкі як адну з формаў рэпрэсій у сувязі з рэалізацыяй грамадзянамі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў;

- 24 студзеня ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбургу прайшло абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека і развіццём дэмакратыі ў Беларусі. У слуханнях прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ і кіраўнік працоўнай групы па пытаннях смяротнага пакарання А. Навумовіч, сябра апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і прадстаўнік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

На пачатак 2017 года ў месцах прымусовага ўтрымання працягвалі знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Аляксандр Лапіцкі, прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі.

Ціск на праваабаронцаў

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 11 студзеня гэтага года Андрэю Бандарэнку было прад'яўлена канчатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 411 КК (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч. 2 арт. 411 КК РБ, праваабаронцы гатовыя прызнаць яго палітычным вязнем.

Цяперашні тэрмін зняволення Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў. Прымусовая праца

Касацыйны пратэст у судовую калегію па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суда ў сувязі з рашэннем Маладзечанскага раённага суда аб адмове ў прызнанні факту працоўных адносін паміж СВК і трынаццацігадовай школьніцай Вікторыяй Папчэня, якая загінула на полі падчас сельгасработ, быў накіраваны пракуратурай раёна 5 студзеня.

Раней касацыйная скарга на рашэнне суда Маладзечанскага раёна была накіраваная бацькам дзяўчынкі — Леанідам Папчэнем.

Трагедыя адбылася 29 верасня падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгасработ па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Дзяўчынка трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам.

Школьнікі былі накіраваныя на ўборку бульбы на полі сельгаспрадпрыемства загадам дырэктара школы № 11 г. Маладзечна, выдадзеным ў мэтах выканання адпаведных распараджэнняў Аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама і старшыні Маладзечанскага райвыканкама.

26 студзеня калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда адмовіла ў задавальненні касацыйных скаргі і пратэсту.

Смяротнае пакаранне

Міжнародная арганізацыя Amnesty International распаўсюдзіла тэрміновы зварот з чарговым заклікам да прэзідэнта Лукашэнкі спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Amnesty International прапануе праглядзець відэа кампаніі і падпісаць петыцыю, якая заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на выкананне ўсіх смяротных прысудаў і далучыцца да рэгіянальнай і глабальнай тэндэнцыі за адмену смяротнай кары.

Падчас свайго выступу на абмеркаванні сітуацыі з правамі чалавека і развіццём дэмакратыі ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў, якая прайшла 24 студзеня ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбургу, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ і кіраўнік працоўнай групы па пытаннях смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч заявіў пра гатоўнасць правядзення парламенцкіх слуханняў па праблеме смяротнага пакарання ў краіне.

У слуханнях у ПАРЕ таксама браў удзел прадстаўнік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч і дэпутатка парламента, сябра апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.

Раней прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» звярнуліся з прапановай правядзення парламенцкіх слуханняў да ўсіх 110 дэпутатаў парламента.

Парушэнні права на мірны сход, свабоды выказвання меркаванняў

КПЧ ААН прыняў да разгляду скаргу Юрыя Беленькага. Скарга намесніка старшыні КХП-БНФ у Камітэт па правах чалавека ААН звязана з яго пераследам за мемарыяльныя акцыі ў Курапатах і Лошыцкім яры ў 2014 годзе. У віну яму ставілася тое, што ён не ўзгадніў з міліцыяй меры па забеспячэнні грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, пры тым што акцыі прайшлі ў поўнай адпаведнасці з дазволам Менгарвыканкама і не суправаджаліся парушэннямі грамадскага парадку.

Індывідуальны зварот Юрася Беленькага, накіраваны ў Камітэт 5 лютага 2016 года, зарэгістраваны пад нумарам 2860/2016 і ў далейшым будзе разгледжаны экспертамі КПЧ ААН. На цяперашнім этапе, як паведаміў Камітэт заяўніку, копія звароту накіравана беларускай дзяржаве, якая на працягу шасці месяцаў павінна даць Камітэту свой адказ па гэтым пытанні.

У студзені 2017 года ізноў зафіксаваныя выпадкі парушэння права грамадзянаў на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў. На некалькіх актывістаў і палітыкаў былі складзены пратаколы і накладзены адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе буйных штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах.

Зафіксаваныя адвольныя затрыманні актывістаў, якія планавалі мірныя акцыі: Павел Пракаповіч і Арцём Леўчанка з «Маладога фронту» былі затрыманыя на праспекце Незалежнасці ў навагоднюю ноч, 31 снежня 2016 года. Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Аляксандр Ластоўскі агучыць прычыны і падрабязнасці затрымання адмовіўся.

Пасля жорсткага затрымання актывістаў даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе пратрымалі да 4:30, пакуль не атрымалі загад, што святочныя “гулянні” скончыліся і іх можна адпускаць з пастарунку. Тым не менш, супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы).

Фактычнай падставай для затрымання стаў намер актывістаў «Маладога фронту» сустрэць Новы год на Кастрычніцкай плошчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, пра што яны абвясцілі напярэдадні. Адзін з лідэраў арганізацыі Зміцер Дашкевіч быў затрыманы ў той дзень прыкладна ў 23:30 на скрыжаванні вуліц Чарнышэўскага і Якуба Коласа.

Павел Пракаповіч і Арцём Леўчанка абскардзілі сваё незаконнае затрыманне.

У дачыненні да Змітра Дашкевіча суд Першамайскага раёна г. Менска вынес пастанову: актывіст пакараны штрафам у 1 150 рублёў за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Увечары 25 студзеня ў актывіста «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча судовыя выканаўцы канфіскавалі асабісты аўтамабіль. Прычынай сталі неаплачаныя штрафы, якія былі накладзеныя на яго судом за ўдзел у шматлікіх мірных акцыях. Накладанне адміністрацыйных спагнанняў за ажыццяўленне свайго права на мірны сход і свабоднае выказванне меркавання безумоўна супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў гэтай сферы. Пры гэтым канфіскацыя маёмасці, якая з’яўляецца вынікам накладання спагнання і уступлення яго ў законную сілу, — працяг рэпрэсій за ажыццяўленне свайго законнага права. Пасля аплаты штрафаў аўтамабіль быў вернуты ўладальніку.

Свабода асацыяцыі

Як паведаміў Праваабарончаму «Вясна» Мікалай Аўтуховіч, заснавальнікі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць»” абскардзілі ў Вярхоўным судзе адмову Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання. Актывісты патрабуюць прызнаць рашэнне Мінюста незаконным, паколькі яно парушае правы грамадзян на асацыяцыю, а таксама абавязаць Міністэрства юстыцыі аднавіць працэдуру рэгістрацыі названага грамадскага аб'яднання.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

Дзмітрый Серада атрымаў пастанову аб узбуджэнні Пракуратурай горада Менска крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка ўпраўлення ўнутраных справаў па ч. 1 арт. 426 Крымінальнага кодэкса. Гэта стала вынікам чарговай скаргі аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі, якую падрыхтавалі юрысты Праваабарончага цэнтра «Вясна». Да гэтага Дзмітрыю Сераду Следчы камітэт двойчы адмаўляў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа, якія раніцай 4 жніўня збівалі яго пры затрыманні, а таксама прычынілі маральную і матэрыяльную шкоду яму і яго сям'і.

У распараджэнні праваабаронцаў апынуліся звесткі аб некалькіх выпадках гібелі зняволеных у Глыбоцкай калоніі. Некаторыя з іх, як мяркуецца, звязаныя з неналежным медыцынскім забеспячэннем. У адным выпадку мела месца самагубства: зняволены не змог дамагчыся аказання неабходнай яму медыцынскай дапамогі.

Жанна і Ірына Пцічкіны, родныя загінулага ў СІЗА-1 Ігара Пцічкіна, звярнуліся з нагляднай скаргай на прысуд суда і вызначэнне судовай калегіі Менскага гарадскога суда, якімі фельчар калоніі асуджаны да пазбаўлення волі.

Таксама імі пададзеная скарга на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да неўстаноўленых асобаў, якія збівалі Ігара Пцічкіна на тэрыторыі СІЗА да таго, як ён трапіў у медыцынскую частку і ў перыяд знаходжання ў медыцынскай частцы СІЗА.

Родныя загінулага прад'явілі пазоў да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС і дзяржавы аб кампенсацыі прычыненых ім гібеллю сына і брата пакутаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства