viasna on patreon

Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркуюць у Бруселі і Страсбургу

2017 2017-02-03T14:21:46+0300 2017-02-06T15:46:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaroncy-viasna_fidh_un.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На наступным тыдні пройдзе візіт прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра "Вясна" і FIDH у структуры Еўрапейскага Саюза і Савета Еўропы для абмеркавання праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

6 і 7 лютага ў Бруселі разам з праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Андрэем Палудам з "Вясны" і Сашай Кулаевай з FIDH удзел у сустрэчах з прадстаўнікамі Еўрасаюза возьме спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці

Злева направа: Андрэй Палуда, Міклаш Харасці, Саша Кулаева і Валянцін Стэфановіч падчас сустрэчы ў БДПЧ у Вільні 31 студзеня 2017
Злева направа: Андрэй Палуда, Міклаш Харасці, Саша Кулаева і Валянцін Стэфановіч працоўныя моманты будучай паездкі абмеркавалі падчас сустрэчы ў БДПЧ у Вільні 31 студзеня 2017 года.

Запланаваны шчыльны графік мерапрыемстваў з іх удзелам. 6 лютага працоўны дзень распачнецца з прэс-канферэнцыі, арганізатарам якой выступіў офіс ААН у Бруселі (11.00 - 12.00 па мясцовым часе), у другой палове дня пройдуць слуханні ў Падкамітэце па правах чалавека Еўрапарламента (17.00 - 18.30 па мясцовым часе), якія можна будзе глядзець анлайн па наступнай спасылцы: http://www.europarl.europa.eu/ep-live/en/committees/video?event=20170206-1500-COMMITTEE-DROI. 7 лютага адбудзецца шэраг сустрэчаў - з амбасадарамі краінаў Еўрасаюза і членамі рабочых групаў ЕС - COHOM (група па правах чалавека) і COEST (група па Усходняй Еўропе), а таксама са спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам.

Адносна сваіх чаканняў ад візіту ў Брусель Міклаш Харасці адзначыў, што сілы, прадстаўленыя там, не павінны прымаць удзел у спектаклі, які, з яго слоў, ладзіць беларускі ўрад замест прыняцця адзінага правільнага рашэння - аб адмене смяротнага пакарання.

«Мне здаецца, мы ўжо неаднаразова, як у тэлесерыяле, гэта назіралі: урад кажа, што вывучае гэтае пытанне, абмяркоўвае на канферэнцыях, куды запрашае разнастайных дзеячаў і гэтак далей. Маўляў, мы так хочам вучыцца гэтаму, але - так, расстрэльваем, таму што яшчэ шмат чаго не вывучылі, нам трэба яшчэ павывучаць... І гэта было б смешна, калі б не было трагічна. Гэта цынізм, - лічыць спецдакладчык ААН. - Прэзідэнт кажа, маўляў, я сам ніколі не падпішу ўказ аб адмене смяротнага пакарання, але калі мой парламент так вырашыць... Зараз дзейнічае ўжо трэцяе скліканне парламента, у якім ёсць рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання. І даводзіцца чуць ад заходніх палітыкаў пазітыўныя ацэнкі самога факта стварэння такой групы, а гэтая група нічога не робіць. Гэта значыць, улады Беларусі не хочуць адмяняць смяротнае пакаранне, яны хочуць весці пастаянныя дыскусіі пра гэта. Бо калі гэты вельмі натуральны і вельмі просты крок аднойчы будзе зроблены, то тады ўжо «канец фільма», так? Тады ўжо трэба будзе клапаціцца пра ўсе іншыя чалавечыя правы...
Я думаю, што міжнародныя органы павінны больш сур'ёзна ставіцца да гэтага пытання, не граць гэты спектакль разам з беларускім урадам. Яны павінны сказаць: прабачце, гэта спектакль, а мы чакаем ад вас рэальных дзеянняў».

Праваабаронцы "Вясны" і FIDH працягнуць сваю рабочую паездку 8 лютага ў Страсбургу, дзе правядуць сустрэчы з прадстаўнікамі розных падраздзяленняў Савета Еўропы - офісам Камісара па правах чалавека, дырэктаратам па палітычных пытаннях і дырэктаратам па правах чалавека і вяршэнству права.

На сустрэчах у Бруселі і Страсбургу праваабаронцы прадставяць падрыхтаваны ў 2016 годзе сумесны даклад FIDH і ПЦ "Вясна" - "Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах". "Пасля амаль паўтары гадоў перапынку, практыка прымянення смяротнага пакарання была адноўлена ў красавіку 2016 года, пасля таго, як ЕС адмяніў большасць абмежавальных мераў, уведзеных у дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека. ЕС павінен недвухсэнсоўна заявіць пра сваю пазіцыю, згодна з якой мараторый на смяротнае пакаранне з'яўляўся бы адным з «асноўных рэальных крокаў», якія вызначаюць будучую палітыку ЕС ў дачыненні да Беларусі", - падкрэсліваюць аўтары даклада.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства