Прызначана дата папярэдняга судовага паседжання па справе Андрэя Бандарэнкі

2017 2017-02-03T14:59:00+0300 2017-02-03T15:00:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

У судзе Ленінскага раёна Магілёва прызначана папярэдняе паседжанне па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Асуджанаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад бацькі асуджанага Валерыя Бандарэнкі.

Паседжанне адбудзецца 9 лютага, пачатак у 10-30. Верагодна, на ім будзе прызначана дата судовага паседжання непасрэдна па крымінальнай справе.

Абвінавачванне было прад’яўленае Андрэю Бандарэнку 11 студзеня, а праз тыдзень матэрыялы справы пракуратура г. Магілёва накіравала ў суд. Падставай для крымінальнага пераследу Бандарэнкі сталі шматлікія парушэнні правілаў рэжыму ўтрымання і факты непадпарадкавання, якія нібыта мелі месца.

Адміністрацыя турмы №4 г. Магілёва, у якой адбывае пакаранне Бандарэнка,  кантралюе кожнае яго дзеянне з мэтай накладання чарговага спагнання, супрацоўнікі чапляюцца да любой дробязі, ствараюцца праблемы з ліставаннем. У студзені ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з роднымі, яго другі раз паставілі на прафілактычны ўлік.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.


Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства