viasna on patreon

Міліцыя канфіскавала тысячу подпісаў за адмену дэкрэта «аб дармаедстве»

2017 2017-01-31T08:23:49+0300 2017-01-31T08:29:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smirnova-galina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Смірнова. Фота: babruysk.by

Галіна Смірнова. Фота: babruysk.by

У Бабруйску на дзясяты дзень збору подпісаў, 29 студзеня, за адмену дэкрэта «аб дармаедстве» была затрыманая актывістка прафсаюза РЭП Галіна Смірнова. Здарылася гэта пасля сустрэчы з дэпутатам Віталём Уласевічам.

Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як жанчына сустрэлася з дэпутатам і папрасіла яго падпісаць зварот з патрабаваннем адмяніць дэкрэт. Народны выбраннік адмовіўся, а праз некалькі гадзін міліцыя затрымала актывістку і канфіскавала подпісы.

Галіна Смірнова паведаміла praca-by.info, што на прыём да дэпутата Віталя Уласевіча яна разам са сваім калегам Алегам Жалновым прыйшла ў суботу раніцай, 28 студзеня, папярэдне запісаўшыся на прыём.

— Мы распавялі яму, што праблема закранула вельмі многія сем'і, большасць людзей зусім несправядліва патрапілі ў разрад так званых «дармаедаў». У малых гарадах працы няма, працадаўцы не хочуць браць на працу мам з маленькімі дзецьмі, вельмі многія людзі не могуць знайсці працу або не могуць працаваць па стане здароўя. Мы сказалі яму, што ён абавязаны прыслухацца і рэагаваць, раз яго абралі на гэты пост. Ён павінен абараняць інтарэсы людзей і адпрацоўваць тыя грошы, якія нядрэнна на гэтым пасадзе зарабляе. Мы прасілі яго паставіць подпіс пад патрабаваннем, якое падпісалі ўжо сотні бабруйчан, у тым ліку яго выбаршчыкаў, а таксама прапаноўвалі сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць праблему. Аднак Віталь Уласевіч адмовіўся, заявіўшы, што на сённяшні дзень у Беларусі не працуе толькі той, хто не хоча працаваць, — распавяла прафсаюзная актывістка.

Па яе словах, дэпутат падрабязна цікавіўся, у якіх месцах актывісты збіраюць подпісы. Галіна Смірнова шчыра распавяла, што пасля сустрэчы з ім пойдзе на мясцовы рынак, таму што там у выхадны дзень будзе шмат людзей.

— Пасля сустрэчы мы не адразу адправіліся на рынак, але калі прыйшлі туды, літаральна праз хвіліну да нас падышлі міліцыянты і папрасілі праехаць у РАУС. Прычым, некалькі дзён таму падчас збору подпісаў гэтыя ж міліцыянты спакойна абмяркоўвалі з намі праблемны дэкрэт, — паведаміла актывістка.

У РАУС Галіну Смірнову абшукалі, гвалтоўна забралі партфель і канфіскавалі тысячу подпісаў.

— Мне прыйшлося доўга чакаць, пакуль яны, нарэшце, змаглі правесці ператрус, таму што людзі, даведаўшыся, у чым справа, адмаўляліся быць панятымі. Быў складзены пратакол аб парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах. Мне не далі на рукі вопіс канфіскаваных дакументаў і не далі падпісацца ў пратаколе. Таму я не ведаю, што яны там яшчэ напішуць. Гэта проста рабаванне, проста подлае рабаванне, — заключыла Галіна Смірнова.

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч запэўніў, што «улады спалохаліся народнай незадаволенасці і вырашылі выкарыстаць стары прыём — рэпрэсіі». Аднак прафсаюзны лідар упэўнены, што на гэты раз ім не ўдасца запалохаць народ.

— Мы не пакінем ні адзін выпадак без увагі. Калі сёння ўлады хочуць такім чынам збіць хвалю абурэння людзей з нагоды дэкрэта аб «дармаедах», то яны не ўгадалі, — заявіў лідар прафсаюза РЭП.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства