viasna on patreon

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава адзначае дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці

2017 2017-01-30T09:57:57+0300 2017-01-30T14:00:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dpch-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава 30 студзеня 2017 года адзначае дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці.

Стварэнне Дома правоў чалавека менавіта Вільні было абумоўлена складанасцямі для праваабаронцаў адкрыта і легальна займацца дзейнасцю па рэалізацыі і абароне правоў чалавека ў Беларусі. На той час, а ідэя стварэння Дома ўзнікла яшчэ ў 2002 годзе, практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі былі ліквідаваныя ўладамі, ніводная з НДА, арганізаваных праваабаронцамі напачатку 2000-х, не была зарэгістраваная.

У 2006 годзе, створаны васьмю беларускімі і адной нарвежскай няўрадавымі арганізацыямі, Дом правоў чалавека быў афіцыйна зарэгістраваны Літоўскай Рэспублікай у Вільнюсе, а 30 студзеня 2017 года адбыўся першы сход яго заснавальнікаў. Гэтая дата і лічыцца пачаткам афіцыйнай дзейнасці Беларускага Дома правоў чалавека.

Пачынаючы з лютага 2007 года Беларускі Дом правоў чалавека стаў надзейнай і прафесійнай пляцоўкай для для дапамогі беларускім праваабаронцам, якія з-за пераследу уладаў былі пазбаўленыя магчымасці вольна і бяспечна праводзіць праваабарончыя мерапрыемствы на радзіме, наладжваць кантакты са сваімі замежнымі калегамі і партнёрамі, многім з якіх уезд у Беларусь забаронены і дагэтуль.

Сход у Доме правоў чалавека 30 студзеня 2007 года.
Сход у Доме правоў чалавека 30 студзеня 2007 года.

Такім чынам, Беларускі Дом правоў чалавека меў на мэце ствараць ўмовы для правядзення розных праваабарончых мерапрыемстваў (семінараў, трэнінгаў, канферэнцый, школ і г.д.) як для арганізацый-сяброў ДПЧ, так і для іншых праваабарончых арганізацый і актывістаў; павысіць абароненасць беларускіх праваабаронцаў, матэрыялаў і дакументаў, якія знаходзяцца ў рызыкоўным становішчы ў Беларусі; зрабіць кожную з арганізацый-сяброў ДПЧ больш заўважнай і даступнай для міжнароднай супольнасці. З гэтымі няпростымі задачамі Беларускі Дом правоў чалавека паспяхова справіўся.

За дзесяць год дзейнасці ў гасцінным памяшканні дому прайшлі сотні важных мерапрыемстваў, знакавых сустрэч, міжнародных канферэнцый, семінараў, адукацыйных праграм. Сярод доўгатэрміновых і паспяховых праектаў Дома варта адзначыць арганізацыю і правядзенне Летніх школ па правах чалавека для моладзі, якія, пачынаючы з 2007 года, праводзяцца ў Вільні. Тут таксама створана і дзейнічае Рэзідэнцыя маладога літаратара, якая працуе пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў і ДПЧ.

Першы прэзідэнт Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў
Першы прэзідэнт Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў.

31 ліпеня 2012 года ў памяць пра першага прэзідэнта Дома правоў чалавека ў Вільні Барыса Звозскава, Дом быў названы ў гонар аўтарытэтнага праваабаронцы і зараз носіць ягонае імя – Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава. 

Сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна” шчыра віншуюць калектыў Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава з дзесяцігоддзем і жадаюць надалей заставацца надзейнай пляцоўкай для праваабарончай супольнасці Беларусі, плацдармам для міжнародных сустрэч, тым домам, які сапраўды аб’ядноўвае прадстаўнікоў праваабарончага руху і стварае выдатныя ўмовы для такой неабходнай беларускаму грамадству дзейнасці. 

Творчага плёну вам, калегі, і новых здзяйсненняў!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства