Віцебскі праваабаронца выступіць супраць Дэкрэта аб “дармаедах”

2017 2017-01-30T08:23:18+0300 2017-01-30T10:33:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svecik_leanid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Леанід Свецік

Праваабаронца Леанід Свецік

Праз пікет, заяўка на правядзенне якога пададзеная ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, праваабаронца Леанід Свецік мяркуе растлумачыць жыхарам гораду палажэнні Дэкрэта прэзідэнта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Як распавёў спадар Леанід сайту "Віцебскай Вясны", цягам апошніх месяцаў колькасць зваротаў грамадзян, якія просяць мясцовых праваабаронцаў дапамагчы абараніць іхныя правы, рэзка павялічылася. Ды ільвіную частку такіх зваротаў цяпер складаюць звароты т.зв. «дармаедаў», якім пасля набыцця моцы згаданым дэкрэтам прыйшлі «лісты шчасьця» з падатковай інспекцыі.

Пікет запланаваны на 15 лютага ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. І хоць імпрэза мусіць адбыцца на пляцоўцы, адмыслова адведзенай гарадзкімі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы, вялікая імавернасць таго, што яна будзе забароненая. Прынамсі, менавіта забарона акцыі – звычайная рэакцыя чыноўнікаў раённых адміністрацый на заяўкі наконт пікетаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і г.д., якія рэгулярна падаюцца віцебскімі грамадзянскімі і партыйнымі актывістамі ды праваабаронцамі.

Ад 2009 году традыцыйная прычына такой забароны – заяўнікі, маўляў, не выконваюць патрабаванняў рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» пра неабходнасць папярэдняга заключэння дамоваў на абслугоўванне акцый з шэрагам дзяржаўных службаў. Выканаць гэтае патрабаванне на практыцы немагчыма – пералічаныя ў гарвыканкамаўскім рашэньні службы патрэбныя дамовы заключаць, як правіла, адмаўляюцца.

«Кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", логікай і здаровым сэнсам, дамовы... будуць мною заключаныя толькі ў выпадку дазволу правядзення пікетавання. Адмова на падставе непрадстаўленьня дамоваў будзе ўспрынятая мною як свядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў і законных інтарэсаў», – адзначыў Леанід Свецік у сваёй заяўцы на пікет, прадбачачы, які адказ на яе ён найхутчэй атрымае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства