Front Line Defenders: летась ва ўсім свеце пацярпелі больш за 1000 праваабаронцаў

2017 2017-01-06T14:21:59+0300 2017-01-06T15:10:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2016 годзе больш за 1 000 праваабаронцаў былі забітыя, сталі ахвярамі пераследу, затрыманняў або кампаній па дыскрэдытацыі ў СМІ і іншых парушэнняў, паведамілі прадстаўнікі Front Line Defenders на прэзентацыі свайго штогадовага дакладу ў Дубліне. Справаздача сведчыць аб сотнях фізічных, юрыдычных і сацыяльных нападаў на актывістаў па ўсім свеце.

Паводле дакладу, 282 праваабаронцы былі забітыя ў 25 краінах; 49 працэнтаў з іх абаранялі зямельныя і экалагічныя правы, а таксама правы карэнных народаў. Паводле Front Line Defenders, у пераважнай большасці выпадкаў забойствам папярэднічалі папярэджанні, пагрозы забойствам і запалохванні, якія звычайна ігнараваліся з боку паліцыі. У дакладзе падкрэсліваюцца разбуральныя наступствы забойстваў актывістаў для супольнасцяў і грамадскіх рухаў; паводле даследавання, праведзенага Front Line Defenders ў Бангладэш, адмова паліцыі расследаваць пагрозы забойствам і абараняць праваабаронцаў прывяла да ўзмацнення самацэнзуры, збояў у працы сеткі актывістаў, а таксама да таго, што больш за два дзясяткі праваабаронцаў былі вымушаныя пакінуць краіну.

“Гэты даклад аддае даніну павагі сотням праваабаронцам, якія загінулі ў 2016 годзе”, — сказаў выканаўчы дырэктар Front Line Defenders Эндру Андэрсан

“Мы аплакваем іх страту і адзначаем іх жыццёвы шлях і дасягненні. Забойства кожнага мірнага праваабаронцы — гэта страшнае злачынства. Маштаб забойстваў у Бразіліі, Калумбіі, Гватэмале, Гандурасе, Мексіцы і на Філіпінах з'яўляецца крывавым абвінавачваннем урадам гэтых краінаў; усе яны патрабуюць тэрміновага і сістэмнага адказу”.

У дадатак да забойстваў, больш чым у палове выпадкаў за 2016 год, пра якія паведамляе Front Line Defenders, мела месца крыміналізацыя. Міжнародная арганізацыя называе гэтую тактыку “першым інструментам урада, каб прымусіць замаўчаць праваабаронцаў і перасцерагчы іншых.” Шырока распаўсюджаным было адвольнае затрыманне, працягласць якога вагалася ад некалькіх гадзінаў у Нікарагуа (з мэтай прадухіліць удзел праваабаронцаў у пратэстах) да шматгадовага хатняга арышту ў Кітаі.

Даклад апісвае справу журналіста Давіта Ісаака, які вось ужо 15 гадоў знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ў Эрытрэі. У траўні 2016 года, былы каардынатар Front Line Defenders Абдулхадзі Аль-Хаваджа адзначыў свой пяты год пажыццёвага зняволення ў Бахрэйне.

У Еўропе пераслед зазналі праваабаронцы і арганізацыі, якія аказваюць дапамогу бежанцам у Венгрыі, Польшчы, Грэцыі і Турцыі, што стала вынікам узмацнення антыімігранцкіх настрояў і ксенафобіі. Францыя і Турцыя адрэагавалі на тэрарыстычныя акты абмежаваннямі грамадзянскіх свабодаў. У Францыі па-ранейшаму дзейнічае надзвычайнае становішча, што накладае абмежаванні на права на мірныя сходы, у тым ліку забарону некалькіх праваабарончых дэманстрацый.

“Гэты год даказаў, што Заходняя Еўропа не застрахаваная ад сур'ёзнага рэгрэсу ў галіне правоў чалавека”, — сказаў кіраўнік аддзела абароны Front Line Defenders Андрэа Рока

“У кастрычніку прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй раскрытыкавала “левых юрыстаў-праваабаронцаў”, якія спрабуюць прыцягнуць да адказнасці брытанскіх салдат за забойствы ў зонах канфліктаў. Гэты тып стыгматызацыі праваабаронцаў, як і паклёпніцкія кампаніі, якія ўяўляюць для іх фізічную пагрозу, з'яўляюцца агульнай тактыкай ва ўсім свеце. Такія каментары падштурхоўваюць да схаванага дыскурсу, які ставіць пад сумнеў універсальны характар правоў чалавека, і ўскладае цяжар па абароне законнасці сваёй мірнай, крытычнай працы на саміх актывістаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства