viasna on patreon

Дзень правоў чалавека адзначаем уручэннем праваабарончай прэміі і прэзентацыяй кнігі пра Міхася Кукабаку

2016 2016-12-07T09:36:56+0300 2016-12-08T12:40:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ptuska_bielaja_na_indziha-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 снежня ў 12 гадзін у сталічнай кнігарні “Логвінаў” адбудзецца ўрачыстая імпрэза, прысвечаная Міжнароднаму дню правоў чалавека.

У праграме – прэзентацыя дакументальнай кнігі «Міхась Кукабака», прысвечанай самаму вядомаму беларускаму дысідэнту савецкіх часоў. Міхась Кукабака, які ў пачатку снежня адзначыў сваё 80-годдзе, прыме ўдзел ў прэзентацыі.

Міхась Кукабака, ураджэнец Бабруйска, за свае перакананні, адстойванне правоў чалавека, свабоды слова і распаўсюд Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека амаль на 17 гадоў быў пазбаўлены волі. Дакументальная кніга “Міхась Кукабака” - гэта зборнік артыкулаў, інтэрв’ю, лістоў. Выданне падрыхтавана Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Адбудзецца таксама ўручэнне прэмій беларускай праваабарончай супольнасці “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”. Удзел у вызначэнні лаўрэатаў у гэтым годзе прынялі 23 беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы.

Адрас кнігарні “Логвінаў":  праспект Незалежнасці, 37а (ст. метро “Плошча Перамогі”). 


Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.

Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.  

Да вызначэння лаўрэатаў прэміі арганізацыямі-сузаснавальніцамі было запрошана шырокае кола беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства