viasna on patreon

Эксперты ААН: расстрэлы ў Беларусі — «абуральная непавага» да міжнароднага права ў галіне правоў чалавека

2016 2016-12-06T12:02:25+0300 2016-12-06T12:50:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fabian-salvioli-un.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фабiян Сальвіёлі, старшыня Камітэта па правах чалавека. Фота: un.org

Фабiян Сальвіёлі, старшыня Камітэта па правах чалавека. Фота: un.org

Жэнева, 5 снежня 2016 г.

Эксперты па правах чалавека ААН выказваюць абурэнне з нагоды новых выпадкаў прымянення смяротнай кары ў Беларусі пасля таго, як былі атрыманыя новыя паведамленні аб тым, што два чалавекі, чые справы знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН, былі пакараныя смерцю, нягледзячы на канкрэтную просьбу ад Камітэта не выконваць запланаваныя пакаранні.

“У чарговы раз беларускія ўлады праігнаравалі просьбу Камітэта па правах чалавека не выконваць смяротныя прысуды пакуль справы знаходзяцца на разглядзе. Рашэнне аб выкананні смяротных прысудаў у дачыненні Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага з’яўляецца непрымальным і дэманструе абуральную непавагу да міжнароднага права ў галіне правоў чалавека”, — сказаў старшыня Камітэта па правах чалавека Фабiян Сальвіёлі.

Невыкананне просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мераў па спыненні выканання пакарання ўяўляе сабой парушэнне Беларуссю сваіх абавязальніцтваў у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), дзяржавай-удзельніцай якога яна з'яўляецца. Паводле Камітэта па правах чалавека, такія просьбы з'яўляюцца абавязковымі для выканання.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая прымяняе смяротнае пакаранне, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі да яго адмены ад шматлікіх прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, у тым ліку сябраў Еўрапейскага Саюза і Савета Еўропы.

“Мы пацвярджаем нашу заклапочанасць з нагоды прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі і ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці часовага прававога кроку на шляху да яго поўнай адмены. Мы таксама заклікаем урад Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы па выкананні просьбаў Камітэта аб прыняцці часовых мераў”, — сказаў Найджэл Родлі, Спецыяльны дакладчык Камітэта па новых паведамленнях і часовых мерах.

Як стала вядома, Хмялеўскі і Якавіцкі — якія былі прызнаныя вінаватымі ў серыі злачынстваў, у тым ліку забойствах, і былі прысуджаныя да смерці ў першыя месяцы 2016 года — былі расстраляныя ў лістападзе. З 2010 года ў Беларусі пакараныя смрецю 10 чалавек, чые справы былі зарэгістраваныя для разгляду Камітэтам у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да МПГПП, з просьбай аб прыняцці часовых мераў па спыненні выканання іх прысудаў.

“Пасля паведамленняў аб двух пакараннях смерцю Камітэт па правах чалавека ААН з’вярнуўся да дзяржавы-удзельніцы з просьбай прадставіць тлумачэнні адносна бягучай сітуацыі з Хмялеўскім і Якавіцкім да 1 снежня 2016 года. Скрайні тэрмін прайшоў, а мы так і не атрымалі адказу ад беларускіх уладаў”, — сказаў Найджэл Родлі.

Камітэт па правах чалавека адзначае, што ён будзе прытрымлівацца сваёй звычайнай практыкі і прыступіць да разгляду справаў Хмялеўскага і Якавіцкага. У скаргах, якія знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце, сцвярджаецца, што суд над імі быў несправядлівым. Хмялеўскі таксама заявіў, што ён стаў ахвярай жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў; паводле Якавіцкага, падчас судовага працэсу яго трымалі ў кайданках у клетцы. Таксама паведамлялася, што пасля арышту іх справы не былі ў тэрміновым парадку накіраваныя на разгляд суда, а самі яны мелі абмежаваны доступ да адваката.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства