Праваабарончая супольнасць Беларусі рашуча заклікае ўлады краіны адмовіцца ад смяротнай кары

2016 2016-12-02T14:25:11+0300 2016-12-05T11:03:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stop_dp-poster.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы Беларусі выступаюць з асуджэннем выканання смяротных прысудаў і рашуча заклікаюць улады краіны адмовіцца ад смяротнага пакарання.

Як нам стала вядома, 5 лістапада 2016 года ў СІЗА МУС №1 г. Мінска ва ўмовах таемнасці былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзянаў Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.

Разам з расстраляным у красавіку Сяргеем Івановым, на працягу бягучага году ў Беларусі былі пакараныя смерцю чатыры чалавекі, а лёс Сяргея Вострыкава, прысуд у дачыненні да якога ўжо ўступіў у законную сілу і які знаходзіцца ў камеры смяротнікаў СІЗА №1, нам невядомы.  

Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, якая прымяняе такі бесчалавечны і варварскі метад пакарання на практыцы.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, асуджаем чарговыя смяротныя пакаранні і адзначаем наступнае.

Смяротнае пакаранне, якое выносіцца і прыводзіцца ў выкананне ад імя ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, адмаўляе чалавечую годнасць, недатыкальнасць асобы і ніякім чынам не з’яўляецца фактарам, які  стрымлівае ўзровень злачыннасці. Згодна з нашым глыбокім пераканнем,  расстрэлы асуджаных да смерці знаходзяцца ў адным шэрагу з рабствам і катаваннямі, з’яўляюцца скрайняй формай жорсткага і бесчалавечнага, варварскага і амаральнага абыходжання з асобай, недапушчальнай у сучасным свеце.  

Наяўнасць і прымяненне на практыцы смяротнага пакарання заўсёды ўтрымлівае пагрозу пазбаўлення жыцця невінаватых, пагрозу прымянення смяротнага пакарання ў палітычных мэтах. Ніводная судовая сістэма свету, у тым ліку і беларуская, не з’яўляецца ідэальнай і застрахаванай ад судовых памылак.

Асаблівую нашую занепакоенасць выклікае ігнараванне Беларуссю працэдур Камітэта па правах чалавека ААН, распачатых у выніку рэгістрацыі індывідуальных зваротаў асобаў, прысуджаных да смерці. Расстрэлы насуперак дадзеным працэдурам з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў краіны ў галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых ёй. Варта нагадаць, што КПЧ ААН  было прынята шэсць рашэнняў па індывідуальных зваротах грамадзян краіны, у якіх Камітэтам устаноўлена парушэнне Рэспублікай Беларусь права на жыццё, а нявыдача целаў расстраляных для пахавання членам сям’і – жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у дачыненні да іх.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, у чарговы раз пацвярджаем сваю пазіцыю поўнага непрыняцця смяротнага пакарання пры любых абставінах. Мы з’яўляемся часткай сусветнага руху супраць смяротнага пакарання і выступаем за яго адмену ва ўсім свеце.

Мы ў чарговы раз заклікаем улады Беларусі:

  1. Адмовіцца ад выкарыстання смяротнай кары і ўжываць іншы альтэрнатыўны від пакарання для асуджаных за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў – пажыццёвае зняволенне.
  2. Неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай яго адмены.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць выступіць з асуджэннем выканання чарговых смяротных прысудаў у Беларусі.

АПУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Грамадская кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

ПУ "Беларускi дакументацыйны цэнтр"

ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства