viasna on patreon

Amnesty International: Тры расстрэлы за тры тыдні - “раптоўная і ганебная зачыстка” камеры смяротнікаў

2016 2016-12-01T12:46:07+0300 2016-12-01T16:00:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/execution_silhouette_cr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адразу тры з чатырох чалавек, якія знаходзіліся ў камеры смяротнікаў у сталіцы Беларусі - Мінску, пачынаючы з 5 лістапада былі пакараныя смерцю ў выніку ганебнай зачысткі, заяўляе Amnesty International пасля атрымання пацверджання ад мясцовых актывістаў.

Па гарачых слядах гэтай навіны арганізацыя публікуе новую анлайн-петыцыю і відэа, накіраваныя на выкараненне выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі — апошняй краіне ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу адбываюцца пакаранні смерцю.

“Зачыстка камеры смяротнікаў ад зняволеных з'яўляецца жахлівым крокам для любой краіны. Але гэта ў дадатак ганьба для Беларусі, дзе пакаранні, як правіла, аточаныя таямніцай і ажыццяўляюцца без папярэджання”, — сказала Айша Юнг, каардынатар Amnesty International па Беларусі, якая нядаўна вярнулася з Мінска.

“Такі раптоўны ўсплёск пакаранняў смерцю асабліва дзіўны ў Беларусі, апошнім рубяжы прымянення смяротнага пакарання ў Еўропе, паколькі многія лічылі, што краіна знаходзіцца на шляху да ліквідацыі смяротнага пакарання назаўжды”.

Паводле беларускага НДА “Вясна”, пачынаючы з 5 лістапада, стрэлам у патыліцу былі пакараныя смерцю Сяргей Хмялеўскі, Іван Кулеш і Генадзь Якавіцкі. Лёс чацвёртага смяротніка, Сяргея Вострыкава, вісіць на валаску пасля вынясення яму смяротнага прысуда 19 траўня гэтага года.

29 лістапада сваякі 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага прыбылі ў СІЗА № 1 у Мінску, каб наведаць яго ў камеры смяротнікаў, аднак ім паведамілі, што ён пакараны смерцю ў апошнія тыдні. Яны не атрымлівалі ад яго лісты на працягу больш чым месяца, але на мінулым тыдні адміністрацыя СІЗА прыняла аплату на яго імя. 6 траўня яго смяротны прысуд за забойства па меншай меры двух чалавек у Мінску быў пакінуты ў сіле Вярхоўным судом.

Расстрэл Сяргея Хмялеўскага адбыўся неўзабаве пасля таго, як за апошнія тыдні былі пакараныя смерцю два іншыя смяротнікі.

Іван Кулеш, смяротны прысуд якога за забойства і разбой пакінуты ў сіле 29 сакавіка, быў расстраляны 5 лістапада. Генадзь Якавіцкі, прысуджаны 5 студзеня да смерці за забойства сваёй сужыцелькі, таксама, як мяркуецца, быў расстраляны ў гэтым месяцы — яго лёс будзе высветлены ў бліжэйшыя дні, калі яго дачка паспрабуе наведаць яго ў камеры смяротнікаў.

Раптоўны шэраг пакаранняў смерцю адбыўся пасля працяглага перапынку ў Беларусі. Да гэтага месяца толькі адзін чалавек быў пакараны з лістапада 2014 года: 18 красавіка 2016 года растраляны Сяргей Іваноў.

У Беларусі сваякам смяротнікаў, як правіла, не паведамляюць пра расстрэл і не прадастаўляюць апошняе спатканне перад тым, як адбываецца пакаранне. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, целы расстраляных не выдаюцца сваякам для пахавання, а месца іх пахавання не паведамляецца.

У многіх выпадках сем'і ўпершыню даведаюцца аб смерці іх сваяка, калі яны атрымліваюць пасылку з іх турэмным абуткам і адзеннем. Яны абавязаныя атрымаць пасведчанне аб смерці ад беларускіх уладаў.

Дадзеныя аб прымяненні смяротнага пакарання ў Беларусі ахоўваюцца як дзяржаўная таямніца. Сакрэтнасць, якая атачае прымяненне смяротнага пакарання, з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць абыходжаннем з асуджанымі і членамі іх сем'яў.

“Беларускія ўлады даводзяць звязаную са смяротным пакараннем несправядлівасць да жахлівых крайнасцяў. Сістэма правасуддзя спрычыняецца да велізарных псіхалагічных пакутаў сем'яў тых, каго яна адпраўляе на смерць”, — сказала Айша Юнг.

“Наша кампанія заклікае беларускія ўлады далучыцца да астатняй часткі Еўропы і большасці краінаў па ўсім свеце, абвясціўшы неадкладны мараторый на расстрэлы з мэтай адмены смяротнага пакарання.”


Даведка

Дакладная колькасць пакаранняў смерцю ў Беларусі невядомая, але мясцовыя праваабаронцы і журналісты нястомна працуюць, каб раскрыць некаторую інфармацыю аб смяротных прысудах і пакараннях смерцю.

Паводле Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, з 1991 па 2016 год да смяротнага пакарання прысуджаны 316 чалавек. Праваабарончыя НДА лічаць, што каля 400 чалавек былі пакараныя смерцю з часу атрымання краінай незалежнасці у 1991 годзе.

У 2012 годзе Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіў, што сакрэтнасць, якая атачае смяротнае пакаранне ў Беларусі, уяўляе сабой бесчалавечнае абыходжанне з сем'ямі расстраляных і з'яўляецца парушэннем артыкула 7 (забарона катаванняў або жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання або пакарання) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), дзяржавай-удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь.

Amnesty International выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, як прызнана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з’яўляецца незваротным, жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным для годнасці пакараннем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства