Пракуратура: Грамадзяне на прымусовую працу не скардзяцца – падстаў для праверкі няма

2016 2016-12-01T12:05:34+0300 2016-12-01T13:42:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kukuruza-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уборка кукурузы ў Вілейскім раёне. Фота "Наша ніва"

Уборка кукурузы ў Вілейскім раёне. Фота "Наша ніва"

Пракуратура адмовілася ад правядзення праверкі па факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне.

У сваім адказе праваабаронцу Валянціну Стэфановічу на яго зварот пракурор Вілейскага раёна В.А. Шукрынаў спаслаўся на тое, што грамадзяне рэалізуюць права на зварот у дзяржаўныя органы асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў. Пры гэтым прадстаўнікі заяўнікоў дзейнічаюць на падставе заканадаўчых актаў, або даверанасці.

“У пракуратуру Вілейскага раёна не паступалі заявы грамадзян аб іх прымусовай працы на тэрыторыі Вілейскага раёну, да вашай заявы не прыкладзены дакументы, якія падцвярждаюць вашы паўнамоцтвы на зварот ад імя іншых асоб”, - адпісаўся ад праваабаронцы пракурор.

Цяпер Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву ў пракуратуру Мінскай вобласці, дзе пазначыў, што 24.11.2016 на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна” і іншых інтэрнэт-рэсурсах было размешчана распараджэнне Вілейскага райвыканкаму ад 14 лістапада № 412 р “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям раёна ў прыборцы пачаткаў кукурузы”.

З тэкста дадзенага распараджэння, падпісанага выконваючым абавязкі старшыні выканкаму І.В. Шэвелевым, вынікае, што грамадзяне накіроўваліся на прыборку кукурузы кіраўнікамі прадпрыемстваў, на якіх яны працуюць, у адпаведнасці з вышэй указаным распараджэннем, у працоўны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства пракурор надзелены правам правядзення праверкі выканання заканадаўства на падставе паведамленняў і іншых дадзеных аб парушэннях законнасці, якія патрабуюць непасрэднага пракурорскага рэагавання (п.3 арт. 27 Закона “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь"). Аднак, пракуратура Вілейскага раёна ўхілілася ад правядзення пракурорскай праверкі ўказаных праваабаронцам фактаў.

“Такі адказ пракурора не можа не выклікаць здзіўлення. Я не звяртаўся ў пракуратуру ад імя нейкіх канкрэтных грамадзян, а звяртаў увагу пракурора на паведамленні ў СМІ аб фактах, якія, на маю думку, сведчаць аб грубым парушэнні законнасці на тэрыторыі Вілейскага раёна. Для такога звароту я не маю патрэбы ў нейкім дадатковым падцверджанні сваіх паўнамоцтваў”, - падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца просіць пракуратуру Мінскай вобласці правесці пракурорскую праверку, у выпадку ўстанаўлення фактаў парушэння працоўнага заканадаўства з боку мясцовых выканаўчых органаў улады прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама указаць пракурору Вілейскага раёна на неабходнасць своечасовага рэагавання на паведамленні аб парушэннях законнасці на тэрыторыі раёна.

Нагадаем, у сярэдзіне лістапада сродкі масавай інфармацыі змясцілі фотаздымкі, на якіх добра бачна, што людзі збіраюць пад снегам ўраджай кукурузы.

24 лістапада да праваабаронцаў “Вясны” патрапіў дакумент, які падцвердзіў інфармацыю аб факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства