На Вячаслава Касінерава працягваюць ціснуць праз яго паплечнікаў

2015 2015-11-29T17:08:00+0300 2016-11-29T20:45:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kasinerau---julja-daraszkevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Касінераў. Фота Юліі Дарашкевіч.

Вячаслаў Касінераў. Фота Юліі Дарашкевіч.

У апошні час на актывіста экалагічнай ініцыятывы “Пошуг” Вячаслава Касінерава спрабуюць ціснуць ва ўскоснай форме - праз яго паплечнікаў.

Для асабістай бяспекі ўдзельнікі антыфашысцкага і анархічнага рухаў спрабуюць увесь час падтрымліваць сувязь паміж сабой. І таму Вячаслаў Касінераў вельмі хутка даведаўся пра вялікую цікавасць да сваёй асобы з боку праваахоўных органаў.

“Па прычыне таго, што я і мае сябры, якія знаходзяцца на волі, працягваем праяўляць грамадскую і сацыяльную актыўнасць, па-ранейшаму актыўна ўдзельнічаем у антыфашысцкім руху і робім акцыі салідарнасці,  праваахоўныя органы спрабуюць нас неяк прыціснуць. Ва ўмовах так званай лібералізацыі яны, як бы ім не хацелася, не маюць магчымасці пасадзіць нас за акцыі і іншыя сацыяльныя дзеянні нават на суткі. Таму яны выкарыстоўваюць любыя іншыя спосабы, каб запужаць нас.

Зараз адноўленая справа двухгадовай даўніны супраць антыфашыстаў за бойку з неанацыстамі. І маім паплечнікам, якія праходзяць па ёй у якасці падазроных, адкрыта казалі, што хочуць на мяне павесіць тое, што быццам бы я кінуў дымавую шашку ў следчы камітэт. Пры гэтым усе добра ведаюць, што гэта быў не я. Яшчэ прадстаўнікам антыфашысцкага руху прапанавалі зрабіць масавую бойку, у якой я павінен быў удзельнічаць, каб мяне метанакіравана закрыць.

Мне вядома, што яшчэ чалавек у сямі, якія праходзілі падазронымі ці сведкамі па розных справах, пад час допытаў вельмі цікавіліся маёй асобай. Следчыя адкрыта казалі, што ў іх ёсць нейкія рэчы супраць нашага руху, і што яны ўвесь час пад нас капаюць, і калі ў іх не атрымаецца пасадзіць нас за нашы грамадска-палітычныя і сацыяльныя дзеянні, то яны абавязкова знойдуць нешта іншае”.

Па словах Вячаслава Касінерава, ён ведае выпадкі, калі людзям, якія сядзяць па прычынах, ніяк не звязаных з грамадска-палітычнай актыўнасцю (напрыклад, за эканамічныя злачынствы), прапануюць нейкія паблажкі, калі яны скажуць што-небудзь пра антыфашысцкі рух і, у прыватнасці, пра асобу Касінерава.

Пры гэтым, з самім Вячаславам ніхто з міліцыянтаў на кантакт не выходзіць, бо, па яго меркаванню, яны разумеюць, што нічога ад яго не даб’юцца.

“Я добра разумею, што праваахоўныя органы задаюць усе гэтыя пытанні на допытах з улікам таго, што я рана ці позна пра гэта даведаюся і неяк прыпыню сваю актыўнасць. Але гэта мяне не запужвае. Адзінае, я дакладна ведаю, наколькі далёка можа зайсці гэтая сістэма. Бо яшчэ напачатку, калі я знаходзіўся пад следствам па “справе графіцістаў”, маёй маці абяцалі, што я сяду за наркотыкі”.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Наста Лойка адзначыла, што ціск на беларускі антыфашысцкі рух вельмі ўзмацніўся за апошнія два гады. І звязанае гэта з падзеямі ва Украіне.

Тое, што адбылося ва Украіне, яскрава паказала, наколькі нефармальныя групы, у тым ліку і антыфашысцкія, могуць уплываць на падзеі ў краіне. Таму ў нас сталі вельмі актыўна сачыць за антыфашыстамі, збіраць пра іх інфармацыю. Супрацоўнікі спецыяльнага аддзелу ГУБАЗ займаюцца тым, што чытаюць паведамленні ў сацыяльных сетках, праслухоўваюць тэлефонныя размовы людзей, якія адкрыта кажуць пра сваю прыналежнасць да антыфашысцкага руху. Затым актывістаў выклікаюць на неафіцыйныя размовы, якія суправаджаюцца моцным псіхалагічным ціскам на іх. Дарэчы, пасля некалькіх такіх размоў за даволі кароткі перыяд было узбуджана шмат крымінальных спраў.

Такімі дзеяннямі беларускія ўлады сігналізуюць, што калі маладыя людзі будуць актыўна прасоўваць сваю прыналежнасць да антыфашысцкай нефармальнай групы, то на іх знойдуць управу. Таму можна канстатаваць, што сёння з-за такога моцнага ціску гэты рух вельмі слабы. Пры гэтым мы бачым, што зараз актывізуюцца фашызоідныя групы, напрыклад, прарасейскія, але імі дзяржава практычна не займаецца. Усё гэта выглядае вельмі дзіўна ў краіне, улады якой так актыўна кажуць пра талерантнасць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства