Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “20-я гадавіна антыканстытуцыйнага перавароту”

2016 2016-11-25T12:10:32+0300 2016-11-25T12:15:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/01referendum96.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
20-я гадавіна антыканстытуцыйнага перавароту. Фота "Еўрарадыё"

20-я гадавіна антыканстытуцыйнага перавароту. Фота "Еўрарадыё"

24 лістапада 2016 г. на плошчы Свабоды горада Мінска адбылася акцыя, прымеркаваная да 20-й гадавіны антыканстытуцыйнага перавароту.

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі. У удзельнікаў адсутнічала зброя, заклікі да гвалтоўных дзеянняў не выкарыстоўваліся.
  2. Адсутнасць заяўкі і дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не можа яго абмяжоўваць. Сама існуючая працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год) і дэвальвуе права на мірны сход.
  3. Праблемным момантам з’яўляецца немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць форменнай вопраткі і іншых апазнавальных знакаў. Гэты факт перашкаджае разуменню статусу і функцый людзей з камерамі і рацыямі.
  4. Значных перашкодаў у правядзенні мітынгу не было, але варта адзначыць, што некалькі чалавек без апазнавальных знакаў здымалі на відэакамеры ўдзельнікаў акцыі, назіральнікаў, а таксама ад асобы ў цывільнай вопратцы, з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры, прагучаў заклік усім разысціся.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Арганізатары акцыі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч паведамілі праз інтэрнэт пра правядзенне мітынгу 24 лістапада, падкрэсліваючы, што інфармацыя з’яўляецца паведамленнем аб намеры правядзення акцыі, а не заяўкай на атрыманне дазволу.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 24 лістапада 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 4 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам (сінія камізэлькі і пасведчанне назіральніка).

Ход масавага мерапрыемства

  1. Акцыя пачалася а 18 гадзіне 24 лістапада 2016 г. на прыступках Ратушы (плошча Свабоды). У гэтым месцы сабралася каля 150 удзельнікаў і каля 30 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы.
  2. Кожны мог свабодна трапіць на месца правядзення акцыі, перашкод не было.
  3. Арганізатары мітынгу з’яўляліся і галоўнымі прамоўцамі. Яны не былі асобна абазначаныя.
  4. У выступе гучала інфармацыя пра рэферэндум 1996 года, аб неабходнасці для Беларусі захоўваць сваю незалежнасць, адвярнуцца ад Расеі і Пуціна. У. Някляеў чытаў верш.
  5. Выкарыстоўваліся лозунгі “Жыве Беларусь”, “Свабоду Кондрусю”, “Свабоду палітвязням!”, “Дыктатура – не! Расея – не! Пуцін – не! Імперыя – не! Лукашэнка – не! Ярмошына – не! Беларусь – так!”
  6. Удзельнікі трымалі 5 бел-чырвона-белых сцягоў, 1 сцяг з выявай пагоні, 1 – з выявай шасціканцовага беларускага крыжа, 2 сцяга Эўразвязу з надпісам Belarus, 1 сцяг “Маладыя дэмакраты”. Таксама можна было бачыць плакаты: “Беларусы объединяйтесь, боритесь с чиновниками и корупционерами”, “20 год разам. З юбілеем элегантнай перамогі”, “Народ Беларусі хопіць тлець у загароджы луказагонаў…”, “Make Belarus freedom again”.
  7. У 18.28 арганізатары абвесцілі аб заканчэнні мітынгу. Бліжэйшыя паўгадзіны людзі фатаграфаваліся, размаўлялі, давалі інтэрвью.

Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* Мець позначкі арганізатараў масавага мерапрыемства.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства.

Субектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства