Праваабаронцы заклікаюць да актывізацыі працы па імплементацыі рэкамендацый па выніках назірання за выбарамі

2016 2016-11-21T12:28:34+0300 2016-11-22T11:29:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/implementation.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" звяртаецца да нацыянальных і міжнародных экспертаў з заклікам да шырокага абмеркавання пытанняў імплементацыі рэкамендацый назіральнікаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства Беларусі.

21 лістапада аналітыкі кампаніі прадставілі Выніковую справаздачу па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, якія прайшлі 11 верасня 2016 года. У справаздачы рэкамендуюцца змены ў выбарчае заканадаўства, якія, на думку незалежных назіральнікаў, дазволяць наблізіць беларускія выбары да міжнародных стандартаў, а таксама павысіць узровень даверу да вынікаў выбараў з боку грамадзянаў і міжнароднай супольнасці. Дадзеныя рэкамендацыі праваабаронцаў тычацца такіх працэдур як фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя кандыдатаў, праца са спісамі выбаршчыкаў, фінансаванне кампаній кандыдатаў і ўмовы перадвыбарчай агітацыі, датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў, падлік галасоў і судовае абскарджанне звязаных з выбарамі рашэнняў.

Большасць рэкамендацый гэтай справаздачы выносяцца нацыянальнымі назіральнікамі і экспертамі БДІПЧ АБСЕ па выніках кожных выбараў у Беларусі, але з прычыны іх невыканання застаюцца актуальнымі ўжо на працягу многіх гадоў. Перш за ўсё, гэта датычыцца працэдуры падліку галасоў і яе празрыстасці, фармавання выбарчых камісій, датэрміновага галасавання і правоў назіральнікаў. Паколькі пералічаныя пункты адлюстроўваюць сістэмныя праблемы ў выбарчым заканадаўстве краіны, практычная рэалізацыя гэтых рэкамендацый бачыцца праваабаронцам надзвычай важнай.

“Маніторынгавыя кампаніі, нацыянальныя і міжнародныя, і праводзяцца дзеля таго, каб вызначыць праблемныя моманты ў выбарчым заканадаўстве, якія не спрыяюць правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў, і выпрацаваць рэкамендацыі для ўдасканалення выбарчага працэсу. Таму для нас вельмі важна, каб праца з прадстаўленымі рэкамендацыямі ішла і каб улады прынялі неабходныя захады па іх імплементацыі ў заканадаўства. З свайго боку, мы максімальна гатовыя да камунікацыі з дзяржаўнымі органамі ў гэтым накірунку і плануем больш падрабязна распрацаваць рэкамендацыі адносна асноўных праблемных аспектаў”, - кажа аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Выніковая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" будзе дасланая ў Цэнтральную выбарчую камісію, Палату прадстаўнікоў беларускага парламента, Вярхоўны Суд, а таксама міжнародным назіральным місіям Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У якасці наступнага кроку праваабаронцы плануюць правядзенне тэматычнай канферэнцыі і разлічваюць на шырокае кола ўдзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў міжведамаснай рабочай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага працэсу і суб’ектаў, якія маюць права заканадаўчай ініцыятывы.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства