Праваабаронцы запытваюць у пракуратуры: Хто прымусіў людзей збіраць кукурузу з-пад снегу?

2016 2016-11-18T13:35:01+0300 2016-11-18T14:59:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kukuruza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў пракуратуру і Мінаблвыканкам па факце прымусовай працы на Вілейшчыне, дзе людзей сагналі збіраць кукурузу.

Як стала вядома “Нашай Ніве” ад жыхароў горада Вілейка, на днях дзяржаўным прадпрыемствам з выканкама прыйшла «разнарадка» паслаць рабочых на прыборку кукурузы.

Фота  Фота

“Ударнымі тэмпамі і з вялікім энтузіязмам рабочыя поруч з інтэлігенцыяй некалькі гадзін упарта працавалі на палях Вілейскага раёна.

Людзі з вялікім задавальненнем зрывалі пачаткі кукурузы, збіралі са снегу кожнае зярнятка, іх не спыняў ні холад, ні бруд. У працэсе працы людзі смяяліся, абмяркоўвалі поспехі гэтай пяцігодкі, казалі пра тое, як ім пашанцавала жыць у сацыяльна-арыентаванай дзяржаве, і вядома ж клеймавалі Абаму, які паслаў на нашу квітнеючую Беларусь зіму ў лістападзе”, - саркастычна адзначыў аўтар публікацыі ў сацыяльных сетках.

У сваіх зваротах у пракуратуру Вілейскага раёна і Мінскі абласны выканаўчы камітэт праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч ставіць пад сумнеў, што гэтая праца была добраахвотнай. Ён падкрэслівае, што супрацоўнікі розных прадпрыемстваў былі арганізавана прывезеныя на ўборку кукурузы на палях, гэта падцвярджаецца ў матэрыяле “Нашай Нівы” каментарамі прадстаўнікоў аддзела ідэалогіі прадпрыемства “Зеніт-БелОМА”.

“Варта адзначыць, што ўсе гэтыя працы па ўборцы ўраджая кукурузы адбываюцца ў працоўны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць тыя працоўныя абавязкі, які прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі працоўнымі дамовамі. У сувязі з гэтым выклікае пытанні прававы бок такой працы і яе прававога рэгулявання, аплаты і інш”, - піша праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч адзначае, што паводле арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, якая не абумоўленая працоўнай дамовай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі. Прыборка кукурузы ў сельгаспрадпрыемствах не з’яўляецца такім выпадкам.

“Па маім меркаванні дадзеная інфармацыя сведчыць ад парушэннях працоўных правоў грамадзян і прымяненні прымусовай працы ў дачыненні да іх з боку адміністрацыі прадпрыемстваў па распараджэнні мясцовых выканаўча-распарадчых органаў улады. Бо згодна з арт. 13 Працоўнага кодэкса прымусовая праца, у тым ліку ў якасці метада мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, забараняецца", - падкрэслівае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч просіць пракуратуру Вілейскага раёну і Мінаблвыканкам правесці праверку па ўказаных фактах, а пры ўстанаўленні парушэнняў працоўнага заканадаўства з боку службовых асобаў прадпрыемстваў і мясцовых выканаўчых органаў улады – прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Нагадаем, аналагічная сітуацыя здарылася летам 2016 года ў Глускім раёне, калі мясцовы выканкам выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”. Тады праваабаронцы таксама звярталіся ў пракуратуру Глускага раёна і выратавалі ўвесь раён ад прымусовай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства