Праваабаронцы рыхтуюць прапановы па змене закона аб масавых мерапрыемствах Відэа

2016 2016-11-16T14:39:45+0300 2016-11-17T15:11:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/krugly-stol-mm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі"

Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі"

15 лістапада ў Мінску адбыўся круглы стол па тэме “Мірныя сходы ў Беларусі”, у межах якога прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і заканадаўчай улады абмеркавалі недасканаласць заканадаўства ў гэтай галіне, а таксама прапановы па паляпшэнні сітуацыі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка, прадстаўнікі рэгіянальных філій арганізацыі з Магілёва, Баранавіч і Наваполацка, юрыст Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных, а таксама дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Алена Анісім. У якасці мадэратара выступіў юрыст Юрый Чавусаў.

На пачатку дыскусіі праваабаронцы з рэгіёнаў распавялі пра праблемы, з якімі сутыкаюцца заяўнікі масавых мерапрыемстваў у абласных цэнтрах і малых гарадах. Усе яны казалі пра тое, што атрымаць дазвол на правядзенне менавіта палітычных акцый практычна нерэальна. Як падкрэсліў праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша, мясцовыя ўлады заўсёды знойдуць падставы для таго, каб адмовіць заяўнікам.

“Ужо больш за 10 год баранавіцкія актывісты не могуць правесці ніводнай грамадскай акцыі. Прычыны адмоваў – самыя розныя. Адна з самых распаўсюджаных – адсутнасць дамоваў арганізатараў з прадстаўнікамі камунальных службаў, праваахоўнымі органамі ды хуткай на аплату іх паслуг. Прычым у некаторых раёнах аплата паслуг тых жа міліцыянтаў не патрэбная. Таксама могуць адмовіць зусім на дзіўных падставах: таму што мерапрыемствы па аналагічнай тэме ўжо праводзіліся раней ўладамі! І самае дрэннае тое, што колькі бы Камітэт ААН па правах чалавека не прызнаваў парушэнні правоў грамадзян Беларусі на мірныя сходы, гэтыя рашэнні не маюць ніякага значэння ні для мясцовых уладаў, ні для іншых дзяржаўных органаў”.

Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі"
Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі"

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Наста Лойка распавяла пра асаблівасці правядзення мірных сходаў у Мінску.

“Падчас маніторынгу масавых акцый мы з валантэрамі ініцыятывы па назіранні за мірнымі сходамі #Controlby заўважылі, што з цягам часу дзеянні праваахоўных органаў на мерапрыемствах змяняюцца. Калі раней на несанкцыянаванай акцыі былі магчымы затрыманні, то зараз гэта адбываецца вельмі рэдка. Як правіла, міліцыянты абмяжоўваюцца складаннем пратаколаў ці наогул, могуць даслаць пратаколы ўжо пасля мерапрыемства па пошце. Трэба падкрэсліць, што такія змены паводзінаў міліцыянтаў адбываюцца пры адсутнасці зменаў у заканадаўстве. Гэта сведчыць аб тым, што рашэнне адносна таго, як пройдзе той ці іншы сход, прымаецца зверху ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне”.

Пасля абмеркавання сітуацыі ў рэгіёнах і сталіцы былі акрэслены асноўныя праблемы ў заканадаўстве аб мірных сходах:

  • Шэраг абмежаванняў для выбару месца правядзення мірнага сходу (Напрыклад, у Магілёве для гэтых мэтаў ёсць толькі адно месца – напалову закінуты стадыён на ўскраіне гораду)
  • Патрабаванні заключэння дамоваў з камунальнымі службамі, міліцыяй, хуткай і аплата іх паслуг.
  • Наяўнасць рашэнняў міжнародных органаў, датычных абмежавання мірных сходаў, якія не прымаюцца да ўвагі ўладамі краіны.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што недасканалае заканадаўства па правядзенні мірных сходаў трэба мяняць. Канчатковая мэта праваабаронцаў - увядзенне заяўляльнага прынцыпу правядзення масавых мерапрыемстваў замест дазваляльнага.

Круглы стол па тэме
Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі". Зміцер Чарных і Наста Лойка

Наста Лойка паведаміла, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” рыхтуе прапановы па змяненні заканадаўства ў галіне масавых мерапрыемстваў і спадзяецца на плённую супрацу з прадстаўнікамі ўлады.

“Зараз сумесна з валантэрамі мы рыхтуем зварот у заканадаўчыя органы. У хуткім часе будзе падрыхтаваны адпаведны пакет прапаноў па зменах у закон аб мірных сходах, які мы накіруем у Савет міністраў, Савет Рэспублікі і Палату Прадстаўнікоў. Пасля гэтага плануецца распачаць вялікую інфармацыйную кампанію для прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы мірных сходаў”.

Дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Алена Анісім, у сваю чаргу, выказалі зацікаўленасць у паляпшэнні заканадаўства ў галіне мірных сходаў і паабяцалі дапамагчы ў прасоўванні ініцыятывы на заканадаўчым узроўні.

Круглы стол па тэме
Круглы стол па тэме "Мірныя сходы ў Беларусі". Алена Анісім і Ганна Канапацкая

Напрыканцы сустрэчы мадэратар Юрый Чавусаў заклікаў праваабаронцаў скаардынаваць свае дзеянні пры распрацоўцы прапаноў па зменах у заканадаўстве. Удзельнікі круглага стала прынялі рашэнне сабрацца наступны раз пасля таго, як адпаведны зварот будзе накіраваны ў упаўнаважаныя органы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства