viasna on patreon

"Мытня дае дабро”, або Што рабіць, калі даглядаюць на мяжы

2016 2016-11-14T17:03:02+0300 2016-11-14T17:11:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravlikbez.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Здараецца, што пры вяртанні ў Беларусь на мяжы вас могуць затрымаць, зняць з цягніка ці аўтобуса, даглядзець вашыя рэчы, вашу машыну і вас асабіста, а ў некаторых выпадках і забраць рэчы для экспертызы. Часта падобныя сітуацыі здараюцца з тымі, хто «значыцца ў спісах» - грамадскімі і сацыяльнымі актывістамі, праваабаронцамі, незалежнымі журналістамі і апазіцыйнымі палітыкамі. Аднак, ад затрымання і даглядаў ніхто не застрахаваны.

Што рабіць, калі спыняюць і даглядаюць на беларускай мяжы? Адказы ў прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".

1. Хто можа мяне затрымаць на мяжы?

Першымі могуць вас затрымаць памежнікі пры праходжанні пашпартнага кантролю: напрыклад, калі ў вас нешта не ў парадку з праязным дакументам (пашпартам), або вы знаходзіцеся ў вышуку, або знаходзіцеся ў базе невыязных.

Следам вас могуць затрымаць мытнікі, якія сочаць за тым, якія тавары вывозяць і ўвозяць у краіну: напрыклад, ці не перасоўваеце вы забароненыя рэчы, тавары, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню і інш.

2. Чаму мяне могуць падвергнуць мытнаму кантролю на мяжы?

Мытны кантроль праводзіцца выбарачна, пры гэтым абіраецца тая форма кантролю, якая лічыцца найбольш прыдатнай, у тым ліку з пункту гледжання патэнцыйных рызык.

Варта адрозніваць мытны агляд, мытны дагляд і асабісты мытны дагляд.

Мытны агляд - гэта калі вы самі дастаеце і паказваеце ўсё, што з сабой правозіце. Пры гэтым мытнікі візуальна аглядаюць усё, што вы ім паказваеце, і не маюць права распакоўваць запячатаныя тавары, парушаць цэласнасць аб'ектаў, якія абследуюць.

Пры мытным даглядзе мытнікі распакоўваюць запячатаныя тавары, а таксама ёмістасці, кантэйнеры, дзе знаходзяцца цi могуць знаходзiцца тавары; яны маюць права разбіраць і парушаць цэласнасць абследуемых аб'ектаў.

Асабісты мытны дагляд азначае, што супрацоўнікі мытні будуць правяраць, што знаходзіцца пры вас: у кішэнях адзення, пад вопраткай і гэтак далей. Пры гэтым можна лічыць, што асабісты дагляд пачаўся, як толькі мытнікі пачынаюць прамацваць вас і вашу вопратку, парушаючы вашу асабістую недатыкальнасць.

Па выніках мытнага агляду, дагляду і асабістага мытнага дагляду складаюцца адпаведныя акты ў двух экзэмплярах, адзін з якіх павінны аддаць вам.

3. Чаму мяне могуць падвергнуць асабістаму мытнаму дагляду?

Мытныя органы могуць праводзіць асабісты мытны дагляд, але толькі ў выключных выпадках пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што вы хаваеце і добраахвотна не выдаеце тавары, якія перамяшчаюцца з парушэннем мытнага заканадаўства.

Аб правядзення асабістага мытнага дагляду кіраўнік мытнага органа (або яго намеснік) прымае рашэнне ў пісьмовым выглядзе: накладаннем рэзалюцыі на рапарце службовай асобы або асобным дакументам.

Пасля гэтага вас павінны азнаёміць з такім рашэннем, растлумачыць правы і абавязкі, а таксама прапанаваць выдаць добраахвотна тавары, якія хаваюцца.

4. А калі я нічога не хаваю і не хачу, каб мяне асабіста даглядалі?

Вы можа заявіць пра гэта, а супрацоўнік мытнага органа павінен зрабіць адпаведную пазнаку на прынятым рашэнні і распісацца. Аднак, гэта не значыць, што асабісты дагляд ня будзе праведзены.

Памятайце, што асабісты дагляд праводзіцца асобай аднаго з вамі полу ў прысутнасці двух панятых таго ж полу ў ізаляваным памяшканні. Доступ іншых людзей у памяшканне, а таксама магчымасць назірання імі за працэсам асабістага дагляду, павінен быць выключаны.

Дзеянні супрацоўніка, які вас даглядае, не павінны ўшчамляць ваш гонар і годнасць, прычыняць неправамерную шкоду вашаму здароўю і шкоду маёмасці.

5. Ці выдадуць мне дакумент аб асабістым мытным даглядзе?

Так, у ходзе правядзення асабістага дагляду ці адразу па яго завяршэнні павінен быць складзены акт у двух экземплярах, з якім вас павінны азнаёміць і даць падпісаць. Вы можаце даваць тлумачэнні, заяўляць хадайніцтвы, рабіць заявы, а супрацоўнік павінен усё гэта ўносіць у акт. Другі асобнік выдаецца вам на рукі.

Таксама вы маеце права абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў, якія праводзілі ваш асабісты мытны дагляд, вышэйстаячаму начальніку, а таксама ў Дзяржаўны мытны камітэт.

6. Хто мае права мяне апытваць/дапытваць або гутарыць са мной?

Супрацоўнікі мытнага органа могуць праводзіць вуснае апытанне і адбор тлумачэнняў.

Пры вусным апытанні мытнікі могуць пытацца, што і ў якіх мэтах вы перавозіце, ці ёсць у вас пры сабе забароненыя тавары для ўвозу, колькі валюты ў вас ёсць. Памятаеце, што атрыманая ад вас інфармацыя ў ходзе такога апытання не афармляецца ў пісьмовым выглядзе і можа выкарыстоўвацца выключна ў мытных мэтах.

Пры атрыманні тлумачэнняў мытнікі маюць права патрабаваць тлумачэнняў аб любых абставінах, якія маюць значэнне для правядзення мытнага кантролю. Усе ўзятыя ў вас тлумачэння павінны быць пісьмова аформленыя.

Акрамя таго, на прапускным пасту звычайна знаходзяцца супрацоўнікі падраздзяленняў органаў унутраных спраў, напрыклад, супрацоўнікі КДБ. Яны таксама могуць праводзіць розныя гутаркі, спрабаваць высветліць нейкую неабходную ім інфармацыю. Напрыклад, калі вы з'яўляецеся грамадскім актывістам, могуць цікавіцца вашай дзейнасцю, вашымі поглядамі, а таксама пытацца пра тых людзей, з якімі вы супрацоўнічаеце. Гэта значыць, супрацоўнікі ОУС могуць выкарыстоўваць ваша затрыманне на мяжы як магчымасць несанкцыянаванага атрымання любой карыснай інфармацыі пра вас для далейшага выкарыстання супраць вас.

7. Што я абавязаны(-а) сказаць, а што магу не гаварыць?

Звычайна мытнікі цікавяцца, што вы вязеце, дзе вы знаходзіліся і з якой мэтай. Вы можаце такую інфармацыю даць, а таксама іншую, якая можа тычыцца вашага перасячэння мяжы.

Таксама варта асобна падкрэсліць, што ўсе рэчы, якія перавозяцца вамі - не для камерцыйнага выкарыстання.

Памятайце, што вы можаце адмовіцца ад дачы любых іншых тлумачэнняў і паказанняў, а таксама не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў (арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

Напрыклад, вы не абавязаныя адказваць на пытанні аб тым, дзе працуеце ці вучыцеся, з кім пражываеце і ў якіх адносінах з імі знаходзіцеся, дзе працуюць вашыя бацькі/браты/сёстры і г.д.

Ад камунікацый з любымі іншымі прадстаўнікамі ОУС вы можаце наогул адмовіцца.

8. Якія правы яшчэ ў мяне ёсць?

Вы маеце права ведаць прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама пасаду супрацоўнікаў, якія праводзяць з вамі гутаркі, адбор тлумачэнняў, мытны агляд і дагляд, асабісты дагляд, адбор проб і ўзораў тавараў, якія правозяцца. Таксама ведаць, у якіх працэсуальных дзеяннях вы ўдзельнічаеце.

Рабіць заявы і хадайніцтвы з пісьмовым унясеннем іх у дакумент, які складаўся (адбор тлумачэнняў, акт мытнага агляду/дагляду, акт асабістага мытнага дагляду і інш.), абскардзіць прынятыя мытным органам рашэнні ў дачыненні да вас.

Акрамя таго, вы маеце права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў (арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

9. Што могуць у мяне забраць на экспертызу?

На экспертызу могуць забраць тавары, у адносінах да якіх у мытнікаў могуць узнікнуць падазрэнні, што яны могуць быць забароненымі да ўвоза (напрыклад, кантрафактнымі, экстрэмісцкага або парнаграфічнага зместу і інш.). У тым ліку персанальны кампутар, флэшкі, мабільны тэлефон, планшэт.

Аднак, не могуць адбірацца і падвяргацца экспертызе вашая асабістая інфармацыя, напрыклад, нататнікі з запісамі, запісныя кніжкі.

Памятайце, што пробы і ўзоры тавараў павінны адбірацца пры вашым удзеле ў мінімальных колькасцях, таксама па выніках павінен быць складзены акт у двух экзэмплярах, адзін з якіх уручаецца вам.

Пры прызначэнні і правядзенні мытнай экспертызы вы мае права заяўляць хадайніцтвы аб пастаноўцы дадатковых пытанняў мытнаму эксперту для атрымання па іх заключэнне; знаёміцца з заключэннем мытнага эксперта і атрымліваць копію такога заключэння ў мытным органе, якi прызначыў мытную экспертызу; хадайнічаць аб правядзенні дадатковай або паўторнай мытнай экспертызы.

10. Што рабіць калі патрабуюць увесці пароль на кампутары, адбіраюць флэшкі або просяць ўключыць электронную кнігу?

Часта на мяжы мытнікі просяць ўключыць кампутар для таго, каб пераканацца, што прылада не з'яўляецца муляжом. Таму ўключыць кампутар і такім чынам паказаць, што гэта сапраўды ён, вы павінны.

Аднак, вы маеце права адмовіцца ўводзіць пароль, падключаць флэшкі ці іншыя назапашвальнікі, у тым ліку ўключаць электронную кнігу, бо гэтыя рэчы з'яўляюцца асабістымі і падпадаюць пад дзеянне арт. 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - "Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць», а таксама арт. 27 - «Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы».

11. Як доўга можа праводзіцца экспертыза?

Тэрмін правядзення мытнай экспертызы не можа перавышаць 20 працоўных дзён з дня прыняцця мытным экспертам матэрыялаў да вытворчасці. Аднак, тэрмін можа прадаўжацца, пры наяўнасці законных падстаў для гэтага (напрыклад, у экспертаў няма прайгравальніка для праслухоўвання вінілавых пласцінак на прадмет утрымання ў запісах на іх прыкмет экстрэмізму), альбо прыпыняцца, калі мытны эксперт запытвае ў мытнага органа прадастаўленне яму дадатковых матэрыялаў, а таксама ў выпадках немагчымасці завяршэння мытнай экспертызы ў тэрмін па прычыне хваробы, адпачынку, камандзіроўкі эксперта, які праводзiць экспертызу, і немагчымасці яе завяршэння іншым экспертам.

12. Як вярнуць канфіскаваныя для экспертызы рэчы?

Пасля правядзення экспертызы вам абавязаны вярнуць канфіскаваныя рэчы, за выключэннем выпадкаў, калі пробы і ўзоры падлягаць знішчэнню або ўтылізацыі, а таксама калі выдаткі на вяртанне такіх проб і ўзораў перавышаюць іх кошт.

Каб хоць неяк паўплываць на працэс вяртання рэчаў, можна напісаць зварот начальніку таго прапускнога пункта, на якім былі канфіскаваныя рэчы, з просьбай паведаміць назву і месца становішча органа, які будзе праводзіць мытную экспертызу, а таксама магчымыя тэрміны яе правядзення. Пасля атрымання такой інфармацыі, звярнуцца да экспертнай камісіі з просьбай сказаць тэрміны правядзення экспертызы, а таксама прадаставіць інфармацыю аб яе выніках.

13. Што рабіць, калі былі парушаны мае правы і працэсуальныя нормы?

На працягу года вы маеце права абскарджваць незаконныя дзеянні або бяздзейнасць супрацоўнікаў мытных органаў начальніку мытнага паста, у вышэйстаячы дзяржаўны орган - Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Следчы камітэт, калі супрацоўнікі мытні перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы ў дачыненні да вас.

 14. Што пачытаць па тэме ў вольны час?

Падрабязнасці шукайце ў Мытным кодэксе Мытнага саюза, Законе «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь», Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Калі ў вас узніклі дадатковыя пытанні, пішыце нам на пошту - viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства