Валянцін Стэфановіч: Грамадства хутчэй не давярае судовай сістэме

2016 2016-11-11T10:30:24+0300 2016-11-12T11:30:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч каля будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска

Валянцін Стэфановіч каля будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска

Падобна, Вярхоўны суд таксама занепакоены недаверам да судовай сістэмы і хацеў бы выправіць сітуацыю.

95% наведвальнікаў сайта Вярхоўнага суда не давяраюць беларускай сістэме правасуддзя.

Сайт Вярхоўнага суда размясціў адпаведную апытанку, атрыманыя звесткі яшчэ апрацоўваюцца. Але на пытанне: «ці давяраеце Вы беларускай сістэме правасуддзя?» 5,25% апытаных адказала згодай, а 95,4% рэспандэнтаў заявілі аб сваім недаверы. Усяго ў апытанні на 9 лістапада было ўлічана больш за 5800 меркаванняў.

Якія тэндэнцыі і праблемы беларускага правасуддзя выявіла апытанка? Пра гэта Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пагутарыла з юрыстам незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцінам Стэфановічам.

- Рэальнае становішча названая лічба не адлюстроўвае па адной простай прычыне: апытанка праводзілася на сайце Вярхоўнага суда, а таму не можа лічыцца рэпрэзентатыўным паўнацэнным сацыялагічным апытаннем. Вядома, што апытанка выражае думку толькі наведвальнікаў сайту, але не грамадства ў цэлым.

Паводле сацыялагічных даследаванняў, рэйтынг судовай улады сапраўды невысокі. Грамадства, хутчэй, не давярае, чым давярае судовай сістэме. Гэтая акалічнасць тлумачыцца многімі прычынамі, у тым ліку невысокім працэнтам апраўдальных прысудаў – у межах 1 працэнта, а то й  ніжэй.

- Але ж, напэўна, недавер да судовай сістэмы тлумачыцца не толькі надзвычай нізкім працэнтам апраўдальных прысудаў?

- Звычайныя людзі разважаюць так: калі ты ўжо патрапіў у складаную сітуацыю, то з яе проста так ужо не вырвешся. Найперш такая сітуацыя назіраецца пры разглядзе крымінальных спраў.

Калі ж грамадзянін судзіцца не дзяржавай у шырокім сэнсе слова, а з іншымі грамадзянамі, вядзе працоўныя спрэчкі, тады магчыма дамагчыся станоўчых вынікаў. Але найбольш праблемным з’яўляецца крымінальнае правасуддзе, якое цягне больш сур’ёзныя наступствы.

Штогод у міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання мы распаўсюджваем улёткі. Я заўважыў, што калі пачынаеш апеляваць да гуманізму, то на людзей гэты аргумент не дужа ўздзейнічае. А калі заўважаеш, што судовая сістэма нідзе не бывае ідэальнай, але што тады гаварыць пра беларускую? Паказанні з людзей выбіваюць, суды могуць засудзіць невінаватага – і гэты аргумент чапляе людзей.

У ходзе працэсу над Канавалым-Кавалёвым сацыёлагі ўпершыню засведчылі, што прыхільнікаў смяротнага пакарання адносна канкрэтнай крымінальнай справы намнога менш, чым праціўнікаў. Калі страсці спалі, тады грамадская думка вярнулася на кругі свая, вярнулася ў дасудовы стан – яна ж не закасцянелая, мяняецца. Чаму так адбылося? На нашу думку, грамадская думка якраз-такі і засведчыла недавер да канкрэтнага судовага працэсу, да судовай, да прававой сістэмы ў цэлым. Хаця, здавалася б, на фоне тэракту ў мінскім метро людзі наадварот мусяць патрабаваць больш жорсткага пакарання для злачынцаў. Аднак сам працэс і науступны паспешлівы расстрэл абвінавачаных выклікаў недавер грамадства да судовай сістэмы.

- 52% наведвальнікаў цалкам падтрымалі ідэю прамой трансляцыі судовых паседжанняў у інтэрнэце. Пра што сведчыць такое жаданне?

- Праблемы адкрытасці і празрыстасці судовых працэсаў актуалізаваліся ў беларускім грамадстве. Многія краіны выкладаюць шырокую базу судовых спраў прама ў інтэрнэце, вядома, гаворка пра адкрытыя працэсы, якія не ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу ці іншыя сакрэтныя звесткі. Такое пажаданне таксама сведчыць пра недавер грамадства да судовай сістэмы: хай лепш працэсы транслююцца – у выпадку чаго можна будзе паглядзець.

Самае цікавае, што Вярхоўны суд увогуле публічна падняў праблему. Значыць, вывучае сітуацыю, збірае матэрыял для аналізу і будзе рабіць нейкія высновы. Калі звярнуцца да Нацыянальнага плана па імплементацыі рэкамендацыяў па ўніверсальным перыядычным аглядзе, нядаўна прынятым Саветам міністраў, то там прысутнічае момант, звязаны са справядлівым судовым разбіральніцтвам. Адна з рэкамендацый, прынятых Беларуссю, - аб’яўленне перапынку ў судовым працэсе ў выпадку, калі абвіначаваны заяўляе пра катаванні. То бок, працэс спыняецца да правядзення праверкі па скарзе. Падобна, Вярхоўны суд таксама занепакоены недаверам да судовай сістэмы і хацеў бы выправіць сітуацыю. Але ў нашых умовах аднаго жадання недастаткова – трэба праводзіць шмат рэформаў, каб судовая сістэма стала незалежнай галіной улады. Вельмі часта праваабаронцы не могуць прабіць сцяну судовай сістэмы законным шляхам, хаця існуюць механізмы (на жаль, не зусім прававыя) яе абысці.

- Навошта Вярхоўны суд увогуле падняў праблему даверу да судоў?

- Мне падаецца, што Вярхоўны суд зробіць адпаведныя высновы – інакш навошта было ўсё распачынаць? Хацелася б спадзявацца, што апытанка ў хуткім часе выльецца ў рэальныя крокі па паляпшэнні працы судовай сістэмы. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства