Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2016

2016 2016-11-02T14:52:47+0300 2016-11-02T15:52:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ahliad_vokladka_kastrychnik_1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу кастрычніка не адбывалася якіх-небудзь істотных зменаў, якія б мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на якасныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека;

- 24 кастрычніка 2016 г. была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 860, якой быў зацверджаны Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) на 2016-2019 гады. Распрацоўка дадзенага плана праходзіла без належнага ўзаемадзеяння і абмеркавання з суб'ектамі праваабарончай супольнасці краіны, аднак сам факт прыняцця падобнага нарматыўна-прававога акта ПЦ "Вясна" ацэньвае станоўча;

- 12 кастрычніка суд Цэнтральнага р-на г. Менска вынес прысуд у дачыненні да актывіста і ўдзельніка велапрабегу «Крытычная маса» Дзмітрыя Паліенкі. Ён быў прызнаны вінаватым па арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь (“гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў”) і па ч. 2 арт. 343 КК Рэспублікі Беларусь (“выраб і распаўсюджванне матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”), і асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Раней ПЦ "Вясна" неаднаразова заяўляў аб непрапарцыйным прымяненні сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнага сходу і палітычна матываваным характары крымінальнай справы Д. Паліенкі;

- 28 кастрычнiка Менскі гарадскі суд прысудзіў блогера Эдуарда Пальчыса да 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пальчыса вызвалілі ў зале суда. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (“распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што 5 кастрычніка шэраг праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні крымінальнага пераследу Э. Пальчыса палітычна матываваным, а самога абвінавачанага — палітвязням;

- вынесеныя судовыя прысуды ў дачыненні да Д. Паліенкі і Э. Пальчыса ў цэлым не змяняюць ацэнкі дадзеных крымінальных справаў з боку ПЦ "Вясна", аднак пры гэтым мы пазітыўна ацэньваем стрыманасць, праяўленую беларускімі ўладамі, і прымяненне ў дачыненні да згаданых асобаў пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі;

- на працягу месяца ўлады працягвалі практыку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў удзельнікаў мірных сходаў, пры гэтым самі сходы, як правіла, гвалтоўна не спыняліся, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся і не падвяргаліся ў далейшым адміністрацыйным арыштам;

- як стала вядома ПЦ "Вясна", у адносінах да М. Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, адміністрацыяй папраўчай установы быў усталяваны статус злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання ў сувязі з вынясеннем яму чарговага дысцыплінарнага спагнання. Крымінальны пераслед М. Жамчужнага быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду яго крымінальнай справы ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;

- праваабаронцам стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся, абвінавачанага па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (“масавыя беспарадкі”), узбуджанай па падзеях 19 снежня 2010 г., была накіраваная ў суд;

- 4 кастрычніка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адмовіў у задавальненні апеляцыйнай скаргі прысуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Вострыкава і пакінуў прысуд Гомельскага абласнога суда без зменаў.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна", крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся, які ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА, была перададзеная ў суд.

Нагадаем, Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("масавыя беспарадкі"). Утрымліваецца Кондрусь у СІЗА № 1 г. Менска.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага вызвалення яго з-пад варты.

12 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Менска абвешчаны прысуд актывісту, удзельніку велапрабегу "Крытычная маса" Дзмітрыю Паліенку.

Суддзя Валерый Есьман прызнаў яго вінаватым па арт. 364 Крымінальнага кодэкса РБ (“гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў”), а таксама па ч. 2 арт. 343 КК РБ (“выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”) і прысудзіў Д. Паліенку да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Д. Паліенка быў вызвалены з-пад варты ў зале суда.

Раней ПЦ "Вясна" заяўляў аб непрапарцыйным прымяненні сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнага сходу і палітычна матываваным характары крымінальнай справы Д. Паліенкі і патрабаваў яго вызвалення з-пад варты на перыяд вядзення следства.

28 кастрычніка Менскі гарадскі суд вынес прысуд блогеру Эдуарду Пальчыса.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме з падвышанымі мерамі бяспекі. Доступ у памяшканне суда быў абмежаваны нават пры прад'яўленні пашпарта. Фактычна, супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць памяшканне суда, узялі на сябе функцыі суддзі, паколькі толькі ён можа абвясціць, што суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Праваабаронцы адзначалі, што ніякіх юрыдычных падставаў для правядзення дадзенага судовага працэсу ў закрытым рэжыме не мелася, і расцэньвалі гэты факт як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Пасля атрымання вынікаў незалежнай экспертызы матэрыялаў сайта 1863x.com аўтарства Э. Пальчыса, у якіх па версіі следства змяшчалася распальванне нацыянальнай варожасці, праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні крымінальнага пераследу Э. Пальчыса палітычна матываваным, а самога абвінавачанага палітвязнем.

28 кастрычніка Менск гарадскі суд прызнаў вінаватым блогера Эдуарда Пальчыса і прысудзіў яго да 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу па ч. 1 арт. 130 (“распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пальчыса вызвалілі ў зале суда. З улікам ужо праведзенага часу ў СІЗА яму засталося правесці пад падпіскай аб нявыездзе ўсяго месяц. Пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага Пальчыса ў даход дзяржавы працэсуальныя выдаткі ў суме 286 рублёў 89 капеек.

Пальчыса прызналі вінаватым па абодвум артыкулах абвінавачання — распальванне нацыянальнай варожасці і распаўсюдзе парнаграфіі. Па першым ён атрымаў год абмежавання волі, па другім — год і дзевяць месяцаў. Выніковы тэрмін атрымаўся шляхам паглынання больш строгім абвінавачваннем менш строгага. У выніку Пальчыса таксама залічылі той час, які ён правёў у СІЗА.

Як стала вядома ПЦ "Вясна", у адносінах да М. Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, адміністрацыяй папраўчай установы быў усталяваны статус злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання ў сувязі з вынясеннем яму чарговага дысцыплінарнага спагнання. Устанаўленне статусу злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання пазбаўляе магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення М. Жамчужнага, а таксама яго вызвалення па амністыі.

Варта нагадаць, што крымінальны пераслед М. Жамчужнага быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду яго крымінальнай справы ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Смяротнае пакаранне

4 кастрычніка Вярхоўны Суд у выніку апеляцыйнага разгляду справы Сяргея Вострыкава пакінуў у сіле прысуд Гомельскага абласнога суда.

Нагадаем, 19 траўня гэтага года Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра. Сяргей Вострыкаў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Нягледзячы на ўсё большы нацыянальны і міжнародны ціск на Беларусь з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне, гэта ўжо трэці вынесены прысуд з пачатку 2016 года.

Дадзены судовы працэс супаў з традыцыйным Тыднем супраць смяротнага пакарання, які праводзіўся з 5 па 10 кастрычніка Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў рамках кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. У гэтым годзе ў рамках тыдня быў падрыхтаваны і прадстаўлены на прэс-канферэнцыі ў Менску сумесны даклад ПЦ "Вясна" і Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) “Смяротнае пакаранне ў Беларусі. Забойства на (не) законных падставах”.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні і генеральны сакратар Савета Еўропы Торб'ерн Ягланд выпусцілі сумесную заяву з нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. Беларусь ў заяве згаданая асобна.

На думку ЕС і Савета Еўропы, увядзенне мараторыя стане «рашучым крокам», які набліжае Беларусь да агульнаеўрапейскіх прававых стандартаў.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый распаўсюдзіла пасланне Генеральнага сакратара з нагоды Сусветнага дня барацьбы за адмену смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

Ціск на праваабаронцаў

24 кастрычніка стала вядома, што МУС без тлумачэння прычынаў адмовілася скараціць тэрмін забароны ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь вядомай беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай.

Праваабаронца вымушана была пакінула Беларусь у лютым 2015 года і па рашэнні суда не мае права ўехаць у краіну да лютага 2018 года.

На думку праваабарончай супольнасці краіны, сапраўднай прычынай высылкі стала прафесійная дзейнасць А. Танкачовай. Праваабаронцы настойліва заклікаюць улады Беларусі прыняць меры да адмены ўсялякіх абмежаванняў на ўезд у краіну ў дачыненні да А. Танкачовай і разглядаюць іх як перашкоду з боку ўладаў Беларусі ў ажыццяўленні яе легітымнай праваабарончай дзейнасці.

29 кастрычніка суд Ленінскага р-на г. Магілёва адмовіў у задавальненні скаргі на вынесенае дысцыплінарнае спагнанне ў адносінах да былога кіраўніка праваабарончай установы «Платформа інавейшн» Андрэя Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзянаў і асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю ён павінен выйсці 31 сакавіка 2017 года. У час адбыцця пакарання ён неаднаразова падвяргаўся ціску з боку адміністрацый папраўчых установаў, у якіх ён утрымліваўся, і на дадзены момант існуе пагроза ўзбуджэння ў дачыненні да яго новай крымінальнай справы па арт. 411 КК Рэспублікі Беларусь (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”) і павелічэння тэрміну адбыцця пакарання. ПЦ "Вясна" звязвае дадзены ціск на А. Бандарэнку з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю.

Парушэнні права на мірныя сходы, свабоду выказвання меркаванняў

У кастрычніку захавалася практыка парушэння права грамадзянаў на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў.

3 кастрычніка суд Маскоўскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Арцёма Чарняка, які 7 верасня вывесіў банер з надпісам "За новыя свабодныя выбары" на пешаходным мосце МКАД, чым, на думку ўладаў, парушыў закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Арцём Чарняк сваю віну ў судзе не прызнаў, адзначыў, што вывешваннем банера выказаў сваё асабістае меркаванне, права на якое замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак суддзя Аляксандр Петраш палічыў, што актывіст вінаваты ў адміністрацыйным правапарушэнні і аштрафаваў Арцёма Чарняка на 25 базавых велічыняў (525 рублёў).

Судамі разгледжаны некалькі адміністрацыйных справаў у дачыненні да актывістаў, якія збіралі подпісы ў розных месцах г. Менска за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Адміністрацыйная справа Алеся Макаева і Дзмітрыя Захарэвіча разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска 6 кастрычніка. Адпаведны пратакол на актывістаў быў складзены проста падчас збору подпісаў у пераходзе на станцыі метро "Інстытут культуры". Супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёна — маёр Коўб, які складаў пратакол, а таксама Лаўрыновіч і Якуновіч, якія здымалі іх на відэа — выступілі сведкамі ў судзе супраць актывістаў. Суддзя Віталь Сямёнаў у выніку разгляду справы прызнаў актывістаў вінаватымі ў паўторным парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў штрафамі: Алеся Макаева — 50, а Дзмітрыя Захарэвіча — 30 базавых велічынь.

Суд Маскоўскага раёна г. Менска аштрафаваў актывістку Наталлю Саматыя на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга". Такое рашэнне 21 кастрычніка прыняў суддзя Віктар Казак.

Актывіста Сяргея Пальчэўскага ў пачатку месяца на працягу тыдня аштрафавалі двойчы ў агульнай складанасці на 80 базавых велічынь, што складае 1 680 рублёў: 6 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядалася справа аб удзеле Сяргея Пальчэўскага ў правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў 23 і 24 верасня. Актывіста абвінавацілі ў тым, што ён, не маючы дазволу Менгарвыканкама, размясціў стэнд з выявай бел-чырвона-белага сцяга ў пераходзе каля станцыі метро "Кастрычніцкая" і збіраў подпісы з мэтай прызнання сцяга гістарычнай каштоўнасцю. На аснове паказанняў сведак суддзя Валерый Есьман прызнаў Пальчэўскага вінаватым у парушэнні ч. 3 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“удзел у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне”) і пастанавіў пакараць Пальчэўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (630 рублёў). А праз пяць дзён, 11 кастрычніка, суд Маскоўскага раёна Менска разглядаў справу актывіста аб удзеле 12 верасня ў мітынгу за сапраўдныя выбары на плошчы Незалежнасці. У выніку Сяргей Пальчэўскі быў аштрафаваны на яшчэ большую суму — 50 базавых велічынь, што складае 1 050 рублёў. А ў канцы месяца, 31 кастрычніка, яму ж суд Цэнтральнага раёна Менска вынес пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 50 базавых велічынь, што складае 1 050 рублёў. У судзе разглядаліся адразу шэсць (!) пратаколаў правапарушэнняў па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — зборы подпісаў. Суддзя аб'яднаў усе эпізоды ў адзін і разгледзеў адміністрацыйную справу, заслухаўшы сведкаў — супрацоўнікаў міліцыі, якія і складалі пратаколы.

Правесці мірны сход ці пікет ва ўстаноўленым законам парадку таксама аказваецца немагчымым: напрыклад, адміністрацыі раённых цэнтраў Гомельскай вобласці забаранілі праводзіць на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў пікеты, якія планавалася правесці з 20 па 23 кастрычніка з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да неабходнасці абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Такое рашэнне ў дачыненні да ініцыятывы актывістаў Гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы прынялі Добрушскі, Чачэрскі, Жлобінскі, Веткаўскі, Лоеўскі, Брагінскі, Хойніцкі, Буда-Кашалёўскі і Кармянскі райвыканкамы. Асноўная прычына адмовы — заяўленае месца правядзення. Дазволенымі месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў у райцэнтрах практычна ва ўсіх выпадках вызначаны стадыёны на ўскраіне, а заяўнікі збіраліся правесці акцыі на цэнтральных плошчах. Таксама райвыканкамы Кармянскага, Хойніцкага і Буда-Кашалёўскага раёнаў адмовілі заяўнікам па прычыне таго, што тыя не падалі дамовы на ахову масавых мерапрыемстваў, іх медыцынскае абслугоўванне і вываз смецця. Акрамя таго, у Ветцы чыноўнікі, спасылаючыся на сваё рашэнне, запатрабавалі ад заяўніка Васіля Палякова яшчэ і аплату паслугаў міліцыі, хуткай дапамогі і мясцовых камунальнікаў. Адмовы ў правядзенні пікетаў праваабаронцы абскардзяць у раённых судах, паколькі яны не абгрунтаваныя дапушчальнымі, з пункту гледжання міжнародных абавязальніцтваў Беларусі, аргументамі.

Менскі гарвыканкам і абласны выканаўчы камітэт далі дазвол на правядзенне Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй-БНФ (КХП-БНФ) мітынга, прысвечанага Дню памяці продкаў "Дзяды" ў Курапатах 30 кастрычніка. Гэта адно з тых нешматлікіх масавых мерапрыемстваў, якое ўлады ў апошнія гады дазваляюць правесці, ды і то толькі ў сталіцы. Патрэба ў атрыманні не аднаго, а адразу двух дазволаў заключаецца ў спецыфіцы заяўленага мерапрыемства: збор і шэсце праводзіцца на тэрыторыі горада Менска, а мітынг — ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на тэрыторыі Менскага раёна. Аднак традыцыйна, гарадскія і абласныя ўлады пры прадастаўленні дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства вылучаюць дадатковыя ўмовы для заяўнікаў і арганізатараў, а менавіта: заключэнне пагадненняў аб ахове грамадскага правапарадку падчас правядзення мерапрыемства з аплатай аказаных паслугаў, а таксама заключэнне дамоваў аб аказанні платных паслугаў па медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі пасля шэсця і мітынгу. Агульная сума аплаты па такіх "сумніўных" паслугах складае звычайна некалькі тысяч рублёў (3-5 тысяч долараў). Пры невыкананні ўмовы па аплаце паслугаў арганізатары падвяргаюцца адміністрацыйным спагнанням у выглядзе штрафаў.

Не спыняюцца выпадкі канфіскацыі мытнымі органамі на мяжы Беларусі праваабарончай літаратуры: гісторык і экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін вяртаўся ноччу 9 кастрычніка аўтобусам з Літвы, дзе прымаў удзел у Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Пры перасячэнні мяжы работнікі Ашмянскай мытні звярнулі ўвагу на пакет з кнігамі і часопісамі, якія ён набыў для сябе на Кангрэсе. Выклікалі начальніка змены, які прыняў рашэнне накіраваць некаторыя выданні на экспертызу на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. У прыватнасці, мытнікам не спадабаліся кніга "Смяротнае пакаранне ў Беларусі", а таксама дыск з дакументальным фільмам "Дысідэнт", які распавядае пра жыццё Міхася Кукабакі — беларуса, які за свае перакананні каля 17 гадоў правёў у турмах і лагерах. Па факце канфіскацыі літаратуры быў складзены адпаведны акт, а выданні будуць накіраваныя ў Гродзенскую абласную экспертную камісію. Цікава, што ў сакавіку 2016 году гарадзенскія эксперты ўжо шукалі экстрэмізм у кнізе "Смяротнае пакаранне ў Беларусі" і... не знайшлі нічога. Гродзенскай абласной камісіяй было падрыхтаванае экспертнае заключэнне, з якога вынікае, што прыкмет праявы экстрэмізму ў выданні не знойдзена. Напэўна, пра гэта ашмянскія мытнікі не ведалі.

На 840 рублёў (40 базавых велічынь) аштрафаваны актывіст Руху «За Свабоду» Аляксандр Мендзель, які быў затрыманы падчас распаўсюду ўлётак пра фальсіфікацыі на выбарчай акрузе Юрыя Губарэвіча. Суд палічыў яго вінаватым у парушэнні закона аб СМІ. На пасяджэнні Мендзель распавёў, што ў яго было канфіскавана 1 640 асобнікаў. Актывіст прызнаў сам факт раздачы ўлётак, але не прызнаў сваю віну. “Я не прызнаю, што мае дзеянні падпадаюць пад закон «Аб СМІ»”, — падкрэсліў ён. Такой самай была і пазіцыя адваката. Аднак суд не прыслухаўся да гэтых аргументаў.

Намесніца старшыні гомельскага аддзялення ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова накіравала паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Журналістка неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць; звароты ў нацыянальныя суды і пракуратуру вынікаў не далі.

Свабода сумлення

Супольная малітва і сход вернікаў Духоўнага цэнтра "Адраджэнне" ў Менску завяршыліся масавымі затрыманнямі грамадзянаў і складаннем пратаколаў правапарушэнняў. Інцыдэнт адбыўся позна вечарам 17 верасня. Больш за сотню вернікаў з розных гарадоў Беларусі сабраліся ў актавай зале аднаго з прадпрыемстваў Менска на сумесную імшу. Праз некаторы час у памяшканне ўварваліся амапаўцы.

Справы ўдзельнікаў рэлігійнага сходу суд Ленінскага раёна Менска разгледзеў 4 кастрычніка па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”) і вынес пастанову аб пакаранні вернікаў за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў). У пастанове аб адміністрацыйным правапарушэнні суд падкрэсліў, што Духоўны цэнтр "Адраджэнне" не зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры рэлiгiйных арганiзацый. Мабыць таму і сходы вернікаў гэтай рэлігійнай арганізацыі пад забаронай.

Свабода асацыяцый

Праз месяц пасля падачы дакументаў аб рэгістрацыі заснавальнікі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць»” атрымалі адказ Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі. У сваім адказе Мінюст тлумачыць, чаму «Салідарнасць» не можа быць зарэгістраваная. Па-першае, у заяве аб рэгістрацыі была ўказаная назва грамадскага аб'яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць»”, а ў пратаколе па выніках ўстаноўчага Агульнага сходу ГА паказаная назва “Камітэт прадпрымальнікаў «Салідарнасць»”, што стала прычынай прызнання другога дакумента несапраўдным. Па-другое, у спісе заснавальнікаў «Салідарнасці» дата нараджэння аднаго грамадзяніна была паказаная з памылкай (27-га замест 17 лютага), а месца працы іншага заснавальніка пазначылі як “Таксі Карэта”, хоць юрыдычная назва гучыць як “Таксі Карэта 163”. Гэтыя і яшчэ пару дробных недакладнасцяў паслужылі падставай для прызнання несапраўдным і спісу заснавальнікаў.

Адмова ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання — прамое парушэнне дзяржавай права грамадзянаў на асацыяцыю. Тыя нязначныя недахопы ў вялікім аб'ёме дакументаў, прадстаўленых для рэгістрацыі, не падпадаюць пад дапушчальныя абмежаванні права на асацыяцыю.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

21 кастрычніка суд Маскоўскага раёна Менска вынес прысуд у дачыненні да афіцэра МУС Аляксандра Крылова па факце гібелі ў СІЗА № 1 г. Менска Ігара Пцічкіна. Афіцэр, які працаваў па пасадзе фельчарам медчасткі СІЗА, прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента (ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса), і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Таксама Аляксандр Крылоў пазбаўлены права займаць пасады ва ўстановах сістэмы аховы здароўя і крымінальна-выканаўчай сістэмы РБ, звязаныя з выкананнем абавязкаў медыцынскага персаналу, тэрмінам на 5 гадоў.

Разгляд крымінальнай справы ў судзе пачаўся 16 верасня. Больш за тры гады спатрэбілася маці загінулага Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы. Справу вяла суддзя Святлана Бандарэнка. Пацярпелымі выступілі маці загінулага — Жанна Пцічкіна і яго сястра. Дзяржаўны абвінаваўца — Вадзім Кісель.

Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ўчынілі сілавое затрыманне ў кватэры ўрача-педыятра Дзмітрыя Серады ў жніўні гэтага года. З дапамогай праваабаронцаў "Вясны" Дзмітры Серада накіраваў скаргу ва Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску з просьбай выявіць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія аддалі распараджэнне ажыццявіць штурм яго кватэры і яго затрыманне ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, а таксама тых, хто збіваў яго пры затрыманні і дастаўцы ў РУУС Заводскага раёна Менска 4 жніўня. Праз два месяцы ў адказ на сваю скаргу заяўнік атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за подпісам следчага аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы УСК па горадзе Менску А.В. Супіченкі, узгодненае начальнікам аддзела А.В. Івановым. Як паведамляецца ў пастанове, падчас праверкі па скарзе оперупаўнаважаныя аддзела крымінальнага вышуку Заводскага РУУС горада Менска Аляксандр Нушчык і Дзмітры Шкулькоў сцвярджалі, што затрыманне Дзмітрыя Серады праводзілася "у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам" і адмаўляюць прымяненне гвалту ў дачыненні да яго. Начальнік Заводскага РУУС А.В. Германовіч таксама растлумачыў, што рашэнне аб прыцягненні да затрымання супрацоўнікаў АМАПа ГУУС Менгарвыканкама оперупаўнаважаным Нушчикам "было прынята абгрунтавана”. Самі супрацоўнікі АМАПа таксама сцвярджаюць, што "якога-небудзь гвалту ў адносінах да затрыманага з іх боку не ўжывалася", а "для пераадолення магчымага супраціву" з боку Серады выкарыстоўваліся кайданкі і фізічная сіла, “неабходная для фактычнага затрымання ў выглядзе загібання рукі за спіну".

Атрымліваецца, што шматлікія цялесныя пашкоджанні ў заяўніка ёсць, а вінаватых у іх прычыненні няма, і следчага, які праводзіў праверку, гэты факт не збянтэжыў. Але Дзмітры Серада не мае намеру мірыцца з такім становішчам справаў і будзе падаваць скаргі кіраўніцтву СК і ў пракуратуру з патрабаваннем ліквідаваць існуючыя сур'ёзныя супярэчнасці. Азнаёміцца заяўніку з матэрыяламі праверкі следчы не дазволіў.

5 кастрычніка, падчас асабістага прыёму ў старшыні Следчага камітэта Беларусі, скарга Марыны Багданавай, маці загінулага ў турме г. Жодзіна зняволенага, на дзеянні супрацоўнікаў Жодзінскага гараддзела СК і Менскага абласнога аддзела Следчага камітэта, была прынятая да разгляду, і літаральна праз дзень была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 162 КК (“неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента”). Адначасова Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі праінфармаваў маці пра тое, што па фактах парушэнняў, якія дапусцілі супрацоўнікі Жодзінскага ГАСК пры правядзенні папярэдніх праверак, даручана прыняць меры рэагавання да вінаватых службовых асобаў.

Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў "Турме № 8" г. Жодзіна заключалася ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абследаванне, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Багданаў атрымаў III групу інваліднасці. Раніцай 29 студзеня 2016 года, знаходзячыся ў ізалятары турэмнай бальніцы, Алег Багданаў памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці. Перакананая ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, маці абвінавачанага звярнуліся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медпрацаўнікамі Жодзінскай турмы № 8, але ён тройчы на працягу гэтага года прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Пракуратура Гомеля яшчэ 4 жніўня 2016 года адмяніла пастанову гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару ў СІЗА-3 у дачыненні да непаўналетняга Віталя Г., сямнаццацігадовага юнака з прыёмнай сям'і. Аднак аднаўленне праверкі безвынікова цягнулася больш за месяц, а крымінальная справа не распачыналася. Праверка завяршылася вынясеннем супярэчлівай і не да канца матываванай пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якая неўзабаве таксама была адмененая.

Прыёмнай маці даводзілася звяртацца са скаргай да начальніка Гомельскага гарадскога ўпраўлення Следчага камітэта Аркадзя Траццякова, у якой яна ўказвала на наўмыснае зацягванне праверкі следчым Людмілай Панамарышкіна, а таксама паведамляла, што следчы аказвае на яе ціск: тэлефануе ёй з пагрозамі па тэлефоне, дасылае яе працадаўцу лісты абразлівага характару, якія прыніжаюць яе годнасць. У цяперашні час рыхтуецца новая скарга на пастанову следчага, аднак пералічаныя акалічнасці не перашкаджаюць суду разглядаць крымінальную справу па абвінавачванні Віталя ў злачынстве на падставе доказаў, атрыманых у парушэнне працэсуальных нормаў. Віталь мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця (дэменцыя, якая развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы).

Праваабаронцы "Вясны" сочаць за развіццём сітуацыі з праверкай абставінаў гібелі ў жодзінскай турме № 8 Ігара Барбашынскага, які ўтрымліваўся там у чаканні суда. У распараджэнні праваабаронцаў апынуліся звесткі аб некаторых абставінах аказання вязню медыцынскай дапамогі, якія прымушаюць сумнявацца ў тым, што медыцынская дапамога была належнай, а таксама аб наяўнасці на целе Ігара Барбашынскага слядоў сямнаццаці траўмуючых кантактаў, якія мелі месца ў тэрмін 2-3 дзён да смерці, і слядоў ран на галаве, якія маглі ўтварыцца ў перыяд яго знаходжання ў турме-8 г. Жодзіна.

У поле зроку праваабаронцаў знаходзіцца таксама выпадак збіцця АМАПам непаўналетніх, якія затрымліваліся за здзяйсненне адміністрацыйнага правіны. Збіццё суправаджалася пагрозамі сэксуальнага гвалту і зневальнымі дзеяннямі супрацоўнікаў МУС.

Ад кіраўніка Магілёўскага праваабарончага цэнтра Уладзіміра Краўчанкі стала вядома, што ў людзей, якія змяшчаюцца ў ЛПП № 7, існуюць праблемы з харчаваннем. Пра гэта піша сайт mspring.online. “З-за таго, што ў апошні час стала значна менш працы, людзі проста не могуць зарабіць на прадукты столькі, колькі патрабуецца. Тыя, хто атрымліваюць перадачы ад родных і блізкіх, больш-менш трымаюцца. У астатніх сітуацыя досыць цяжкая”, — паведаміў праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства