Дзмітрый Серада абскарджвае адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы

2016 2016-10-31T10:59:16+0300 2016-10-31T11:03:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzmitry_serada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Урач-педыятр з Мінска Дзмітрый Серада з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" накіраваў скаргу начальніку ўпраўлення Следчага камітэта на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Гэта наступны крок у спробе прыцягнення да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія 4 жніўня 2016 года ўварваліся ў кватэру Дзмітрыя і яго сям'і, збівалі затрыманага дома і пры дастаўленне яго ў РУУС.

Праз два месяцы пасля налёту ў адказ на сваю скаргу на неправамерныя дзеянні з боку супрацоўнікаў АМАПу і оперупаўнаважаных работнікаў міліцыі заяўнік атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за подпісам следчага аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы УСК па горадзе Мінску А.В. Супічэнка.

Дзмітрый Середа звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы ад 14 верасня 2016 года па выніках агляду ў яго былі выяўлены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў у лобнай вобласці, на правай бакавой вобласці жывата, на задняй паверхні левага перадплечча, у праекцыі ўнутранай лодыжкі левай галёнкі; ранкі на пярэдняй паверхні правай галёнкі ў верхняй траціне. Аднак, заяўнік ў сваёй скарзе падкрэслівае:

«Паводле тлумачэнняў апытаных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ніхто з іх мяне не біў; фізічная сіла была ўжытая ў выглядзе загіну рукі за спіну. Былі ўжытыя спецыяльныя сродкі - кайданкі».

Дзмітрый Серада адзначае, што такія высновы праведзенай праверкі супярэчлівыя, а названыя супярэчнасці не ліквідаваныя асобай, якая праводзіла праверку. Больш за тое, следчы няправільна ацаніў iншыя, акрамя нанясення пабояў, дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, як законныя і абгрунтаваныя.

«Мяркую, што ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія затрымлівалі мяне і збівалі, маецца склад злачынства, адказнасць за якое ўстаноўлена ч.3 арт. 426 КК», - піша Дзмітрый Серада ў сваёй скарзе і просіць адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і правесці дадатковую праверку.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка падкрэслівае:

«Падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў у дадзеным выпадку не было: ніякіх спробаў затрымаць Дзмітрыя Сераду і даставіць да месца вядзення крымінальнага працэсу не рабілася; ён не судзімы, мае пастаяннае месца працы і жыхарства. Злачынства, у здзяйсненні якога яго падазравалі, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, не носіць гвалтоўнага характару. Такім чынам, супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ўжылі фізічную сілу і спецсродкі не ў мэтах, указаных у законе, а, відавочна, у мэтах паказаць сваё фізічную і ўладную перавагу; зняважыць і запалохаць яго, зламаць волю затрыманага да правядзення следчых дзеянняў».

Акрамя таго, Дзмітрый Серада паскардзіўся начальніку ўпраўлення Следчага камітэта і на адмову следчага Супічэнка А.В. ва азнаямленні з матэрыяламі праверкі па яго заяве. Следчы спаслаўся на тое, што нібыта заканадаўствам такой магчымасці не прадугледжана. Дзмітрый Серада лічыць, што такое рашэнне парушае яго правы і перашкаджае паўнавартаснай абароне законных інтарэсаў. Таму заяўнік просіць прызнаць такую забарону незаконнай і абавязаць следчага прад'явіць матэрыялы праверкі для азнаямлення.

«Публічнасць і грамадскае абмеркаванне - гэта ўсё, чаго баяцца сілавікі ўсіх узроўняў. Выявілася гэта з сустрэчы з генералам: «Навошта вам журналісты? Што вы палітыку разводзіце!». А потым і на сустрэчы са следчым па асабліва важных справах УСК капітанам юстыцыі А.В. Супічэнка, які пры перадачы мне копіі Пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы сказаў: "Вы ж разумееце, што гэты дакумент для вузкага круга карыстання? Я вас папярэдзіў». На пытанне ў якім законе гэта прапісана адказу не было», - лічыць Дзмітрый Серада.

Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзвяры ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, так як у следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства