viasna on patreon

Прадстаўнікі Amnesty International сустрэліся з сябрамі Праваабарончага цэнтру “Вясна”

2016 2016-10-26T08:45:59+0300 2016-10-26T10:02:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnesty-viasna-2016-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Айша Юнг, Андрэй Палуда і прадстаўнік Amnesty International Аляксандр Арцем’еў пад час візіту "Міжнароднай амністыі" ў Мінск 25 кастрычніка 2016 года.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Айша Юнг, Андрэй Палуда і прадстаўнік Amnesty International Аляксандр Арцем’еў пад час візіту "Міжнароднай амністыі" ў Мінск 25 кастрычніка 2016 года.

24-26 кастрычніка ў Беларусі праходзіць візіт прадстаўнікоў уплывовай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Падчас свайго знаходжання ў краіне кіраўнік офісу Міжнароднай Амністыі па рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі Айша Юнг (Aisha Jung) і прадстаўнік Amnesty International Аляксандр Арцем’еў сустрэліся са страшынём Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім,  юрыстам арганізацыі Валянцінам Стэфановічам і каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэем Палудам.

У ходзе размовы была абмеркавана бягучая сітуацыя з правамі чалавека ў краіне. У прыватнасці, госці былі праінфармаваныя пра апошнія выпадкі палітычна матываванага крымінальнага пераследу і сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, а таксама пра сітуацыю з забеспячэннем асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў – свабодай асацыяцый, сходаў, выказвання меркаванняў. Асобная ўвага была нададзеная праблеме выкарыстання смяротнага пакарання.

Таксама Айша Юнг прыняла ўдзел у сустрэчы з моладдзю – валанцёрамі Правабарончага цэнтру “Вясна”. Падчас сустрэчы Айша распавяла пра гісторыю і дзейнасць адной з самых вядомых і аўтарытэтных міжнародных праваабарончых арганізацый  у свеце, якую яна прадстаўляе, а таксама адказала на шматлікія пытанні прысутных.

Сустрэча прадстаўнікоў
Сустрэча прадстаўнікоў "Міжнароднай амністыі" з валанцёрамі Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Адметна, што гэтая сустрэча адбывалася на канфіскаваным уладамі офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” па адрасе пр. Незалежнасці 78А.  Прычынай правядзення сустрэчы ў гэтым месцы стала прынятае на днях Радай арганізацыі рашэнне аб аднаўленні працы ў гэтым памяшканні. Нагадаем, што офіс арганізацыі быў канфіскаваны ўладамі ў межах крымінальнай справы старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, які быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў 2011 годзе. У лістападзе 2012 г. уся маёмасць арганізацыі, якая знаходзілася ў офісе, была сканфіскаваная і вывезеная судовымі выканаўцамі, а  памяшканне, якое дагэтуль знаходзіцца пад арыштам, апячатанае.

Правабарончы цэнтр “Вясна” і міжнародная супольнасць не прызнаюць законнасць пераследу Алеся Бяляцкага і настойваюць на ягонай поўнай рэабілітацыі. Менавіта ў сувязі з гэтым было прынятае рашэнне аб працягненні выкарыстання арыштаванага і падлягаючага канфіскацыі памяшкання офісу для праваабрончых мэтаў. Акрамя Праваабрончага цэнтру “Вясна” у офісе будуць працаваць таксама і іншыя праваабарончыя арганізацыі – Беларускі дакументацыйны цэнтр і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства