Шукалі скрынкі з дынамітам, а знайшлі… вернікаў

2016 2016-10-17T09:35:10+0300 2016-10-17T09:40:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/duhouny-zentr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эмблема Духоўнага цэнтра "Адраджэнне".

Эмблема Духоўнага цэнтра "Адраджэнне".

Супольная малітва і сход вернікаў Духоўнага цэнтра ”Адраджэнне” ў Мінску завяршыўся масавымі затрыманнямі грамадзян і складаннем пратаколаў правапарушэнняў.

Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 17 верасня. Больш за сотню вернікаў з розных гарадоў сабраліся ў актавай залі аднаго з прадпрыемстваў Мінска на супольную службу. Праз некаторы час у памяшканне літаральна ўварваліся амапаўцы.

Адзін з затрыманых, жыхар Любанскага раёна Аляксандр Хаміцэвіч, распавёў праваабаронцам акалічнасці таго вечара:

– Уварвалася з дзесятак амапаўцаў, прычым з відэакамерамі і сталі здымаць усіх без разбору. Затым перапісалі ў кожнага пашпартныя дадзеныя, а хто ім па нейкай прычыне не спадабаўся – адвялі ў аўтазак і даставілі ў Ленінскі РАУС. Агулам затрымалі больш за дзесяць удзельнікаў рэлігійнага сходу.  Там па чарзе ўсіх дапыталі і склалі пратаколы правапарушэння. Выйшаў я з пастарунка а палове на другую ночы.

У пастанове аб адміністрацыйным правапарушэнні, вынесенай судом Ленінскага раёна Мінска 4 кастрычніка яшчэ аднаму ўдзельніку сходу, пастару Алегу Нацёкіну, паведамляецца, што ў міліцыю нібыта паступіла інфармацыя аб тым, што нейкія людзі пераносяць у будынак па Партызанскім праспекце скрынкі, у якіх верагодна знаходзіцца … дынаміт. Як высветлілася потым, замест дынаміту у скрынках былі рэкламныя лістоўкі цэнтра “Адраджэнне”.

Удзельнікаў рэлігійнага сходу суд Ленінскага раёна Мінска 4 кастрычніка абвінаваціў  ч.1 арт 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) і вынес пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў).

Пры гэтым у пастанове аб адміністрацыйным правапарушэнні адзначана, што Духоўны цэнтр “Адраджэнне” (пратэстантскай накіраванасці) не зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры рэлігійных арганізацый. Відаць таму і сходы вернікаў гэтай рэлігійнай арганізацыі - пад забаронай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства